Вярхоўны суд Расеі прызнаў законным прысуд грамадзяніну Польшчы Марыяну Радзаеўскаму. Раней яму прысудзілі 14 гадоў калёніі строгага рэжыму праз абвінавачаньне ў шпіянажы.
Рашэньне Вярхоўнага суду было прынятае 12 верасьня, аднак Фэдэральная служба бясьпекі паведаміла пра яго толькі 16 верасьня.
Расейскія спэцслужбы сьцьвярджаюць, што Марыян Радзаеўскі спрабаваў атрымаць сакрэтныя кампанэнты ракетных установак С-300 і вывезьці іх у Польшчу. У ведамстве заяўлялі, што грамадзянін Польшчы быў затрыманы з доказамі злачынства. ФСБ лічыць, што Радзаеўскі працаваў на вядучага польскага пастаўшчыка арміі і спэцслужбаў. Сам Радзаеўскі віну адмаўляе.
Прысуд Маскоўскага гарадзкога суду раней абскардзілі адвакаты асуджанага. Яны прасілі перакваліфікаваць абвінавачаньне на артыкул аб спробе кантрабанды абсталяваньня для вайсковай тэхнікі і дамагаліся зьмякчэння прысуду.
Марыян Радзаевскі, якога ФСБ арыштавала ў Маскве ў красавіку 2018 году, да таго часу працаваў у фірме Avtotrans у Беластоку. У яго на ўтрыманьні шасьцёра дзяцей.