Лефортаўскі суд Масквы арыштаваў былога карэспандэнта газэт «Коммерсантъ» і «Ведомости» Івана Сафронава-малодшага праз падазрэньне ў дзяржаўнай здрадзе да 6 верасьня. Пра гэта паведамляе выданьне «Медуза».
З траўня сёлета журналіст працуе дарадцам кіраўніка «Роскосмоса» Дзьмітрыя Рагозіна.
Паводле вэрсіі сьледзтва, Сафронаў сабраў і перадаў прадстаўніку спэцслужбаў Чэхіі зьвесткі аб вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве Расеі зь блізкаўсходняй афрыканскай дзяржавай. Сьледзтва лічыць, што журналіст быў завэрбаваны ў 2012 годзе, а зьвесткі, якія зьмяшчаюць дзяржаўную тайну, нібыта перадаў у 2017-м, паведамляе агенцтва «Масква» са спасылкай на адваката Івана Сафронава.
Сафронаў быў затрыманы раніцай 7 ліпеня апэратыўнікамі ФСБ. У яго дома і на працы прайшоў ператрус. Апэратыўнікі таксама правялі ператрус у былой дзяўчыны Сафронава журналісткі Таісіі Бекбулатавай, у яе канфіскавалі ўсе электронныя носьбіты. Яна праходзіць у справе сьведкай. Да яе на допыт не пусьцілі адваката, запатрабаваўшы ад яго падпісаць падпіску пра невыдаваньне.
- Іван Сафронаў — патомны вайсковы журналіст. Яго бацька, таксама Іван Сафронаў, звольніўся з войска і стаў вайсковым аглядальнікам «Коммерсанта». У 2007 годзе ён загінуў пры нявысьветленых абставінах (нібыта выкінуўся з акна ва ўласным пад’езьдзе), так і не пасьпеўшы апублікаваць артыкул аб пастаўках расейскай зброі ў Іран празь Беларусь.
Сафронаў-малодшы прыйшоў працаваць у «Коммерсантъ» пасьля сьмерці бацькі, але у 2019 годзе быў адтуль звольнены пасьля выхаду нататкі аб магчымым сыходзе на пэнсію кіраўніка Савету Фэдэрацыі Валянціны Мацьвіенкі (разам зь ім звольніўся ўвесь аддзел палітыкі). Сафронаў перайшоў у «Ведомости», але звольніўся адтуль, калі ў выданьні зьмяніўся галоўны рэдактар.
Два апошнія месяцы Сафронаў прапрацаваў у «Роскосмосе» дарадцам Рагозіна. Дзяржаўная карпарацыя ўжо заявіла, што ягоны арышт ніяк ня зьвязаны з працай у «Роскосмосе», доступу да дзяржаўнай тайны ў яго не было.