Віцебскі гарвыканкам пастанавіў з пачатку ліпеня скасаваць большасьць абмежаваньняў, якія ў канцы сакавіка ўводзілі ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Tut.by параўнаў старыя і новыя правілы.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У горадзе зьнялі такія абмежаваньні:
- ужо ня трэба трымаць школьнікаў «у межах адной клясы»;
- скасаваны перавод унівэрсытэтаў і каледжаў на дыстанцыйную адукацыю;
- цяпер дазволена наведваньне інтэрнатаў тымі, хто там не жыве;
- дазволілі масавыя падзеі ў бібліятэках і музэях, адкрылі чытальныя залі;
- кінатэатры, тэатры і іншыя аб’екты культуры больш не павінны рассаджваць гледачоў на 1,5 мэтра;
- у цырульнях скасаваны абавязковы прыём толькі праз папярэдні запіс;
- забаўляльным установам цяпер дазволілі працаваць пасьля 23:00;
- гандлёвым цэнтрам і крамам можна ладзіць дзіцячыя імпрэзы і рэклямныя акцыі.
Пры тым застаюцца такія захады:
- прадаўцы ў крамах па-ранейшаму абавязаны насіць маскі, апрацоўваць рукі антысэптыкамі;
- у аб’ектах харчаваньня столікі яшчэ трэба расстаўляць на дыстанцыі 1,5 мэтра і больш;
- гатэлі абавязаны сяліць гасьцей на максымальным аддаленьні;
- грамадзкі транспарт працягнуць дэзынфікаваць;
- у цэрквах, касьцёлах і манастырах абавязаныпрыбіраць з дэзынфікцыйнымі сродкамі, дэзынфікаваць мэблю, дзьвярныя ручкі, абразы і посуд.
Колькі хворых на COVID-19 у Віцебску ці Віцебскім раёне, невядома. Афіцыйную статыстыку толькі зрэдку публікуюць з разьбіўкай на вобласьці (апошні раз поўныя зьвесткі па абласьцях называлі 17 красавіка), ні разу не публікавалі поўнай разьбіўкі статыстыкі па гарадах і раёнах.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.