6 ліпеня раніцай партал Tribuna.com паведаміў, што агульная колькасьць заражаных каранавірусам у берасьцейскім «Дынама» дасягнула 16 чалавек, трое хворых у «Гарадзеі». На 17 гадзіну афіцыйнай інфармацыі пра каранавірус у камандах ні ў прэс-службаў клюбаў, ні ў прэс-службе БФФ Свабодзе атрымаць не ўдалося.
Свабода разьбіралася, ці могуць спыніць чэмпіянат Беларусі па футболе з прычыны каранавірусу.
УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Прэсавы сакратар Беларускай фэдэрацыі футболу Аляксандар Алейнік нават не даслухаў пытаньня Свабоды: «Нічога не скажу, не, не, не — ператэлефануйце не раней як праз 2–3 гадзіны». На сайце Фэдэрацыі пра каранавірус ані слова.
Прэсавая сакратарка берасьцейскага «Дынама», якая на сайце пазначана проста «Ніна», параіла сачыць за сайтам і сацыяльнымі сеткамі клюбу.
Толькі ў берасьцейскім «Дынама» захварэлі 16 чалавек
Паводле інфармацыі парталу tribuna.com, у берасьцейскім «Дынама» заразіліся 16 чалавек, зь іх 11 футбалістаў. Прынамсі трое хворых на СOVID-19 у камандзе «Гарадзеі».
Яшчэ напярэдадні матча са «Смалявічамі», які адбыўся 3 ліпеня, некалькі берасьцейскіх гульцоў трапілі ў шпіталь з пнэўманіяй па выніках КТ, — паведамляе tribuna.com. Пасьля матча футбалісты здалі тэсты на каранавірус. Пра вынікі не паведамляецца, але Арцём Мілеўскі напісаў у сваім Instagram, што сышоў на 14-дзённую самаізаляцыю.
«Перадаю ўсім нашым прывітаньне! Хто ў бальнічцы — ад душы здароўя! Вы мужыкі! Ну, я так разумею, многім паралельна. У мяне плюс 14 дзён самаізаляцыі зь сёньняшняга дня. 2020 — цёмныя часы», — піша Арцём.
Былы настаўнік «Дынама» чэх Марцэл Лічка ў інтэрвію tribuna.com крытычна выказаўся наконт каранавірусу ў футбольнай супольнасьці Беларусі:
«Мне падаецца, гэты вірус распаўсюджваецца з высокай хуткасьцю. Добра, калі хвароба будзе працякаць у лёгкай форме, калі трэба застацца дома і проста здаваць тэсты. А калі вірус паб’е лёгкія, што тады? На мой погляд, гуляць такі матч — вялікая рызыка. Пасьля яго адразу ж павінны былі здаць тэсты ня толькі футбалісты берасьцейскага „Дынама“, але і гульцы „Смалявічаў“. Нельга безадказна ставіцца да гэтай сытуацыі, трэба трымаць яе пад кантролем. Інакш футбалісты „Смалявічаў“ у наступным туры паедуць у госьці да „Іслачы“, а потым да „Віцебску“... І што далей?» — кажа чэх Марцэл Лічка.
Заўважым толькі, што «Смалявічы» ў гэтым сэзоне ўжо не паедуць у госьці да «Іслачы» — 3 ліпеня каманда правяла апошні матч у цяперашнім складзе: гульцы і трэнэр з прычыны фінансавай неўладкаванасьці пакідаюць клюб, піша «Прэсбол».
Прэсавая служба «Гарадзеі» абвергла інфармацыю пра тое, што Станіслаў Сазановіч цяпер на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Але пацьвердзіла, што ў яго двухбаковая пнэўманія і ён у шпіталі. Пацьвердзіла і тое, што ў Сяргея Пушнякова дыягнаставаны COVID-19, ён лечыцца дома. Аляксандар Сазонаў таксама на самаізаляцыі.
«Чэмпіянат не спыняецца, таму што каля стырна Фэдэрацыі стаіць чалавек, які ловіць сыгналы зьверху»
У красавіку старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімер Базанаў крытыкаваў міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка за перанос матча паміж «Віцебскам» і «Смалявічамі» зь Віцебску, дзе адбылася ўспышка каранавірусу. Маўляў, «гэта наагул не міністра справа».
Усясьветная арганізацыя здароўя неаднаразова рэкамэндавала перанесьці чэмпіянат Беларусі па футболе з прычыны неспрыяльнай эпідэмічнай абстаноўкі.
Ці магчыма спыніць чэмпіянат цяпер, калі ў некаторых камандах масава хварэюць гульцы?
На думку галоўнага рэдактара парталу by.tribuna.com Алега Гаруновіча, чэмпіянат Беларусі можна было б працягваць, калі б у Фэдэрацыі футболу быў уцямны альгарытм дзеяньняў.
«Калі б фэдэрацыя заявіла: „Хлопцы, мы гуляем у футбол, нягледзячы на ніякі каранавірус, і са свайго боку робім усё, каб мінімізаваць рызыку, і ўводзім пэўныя правілы“, — можна было б працягваць. Але Фэдэрацыя доўга нічога не казала, а потым выдала наіўныя рэкамэндацыі — карыстацца антысэптыкам і трымаць дыстанцыю на вуліцы», — кажа Алег Гаруновіч.
На яго думку, не было нічога зроблена, каб «зачыніць» каманды на базе, каб гульцы скарацілі да мінімуму свае вонкавыя кантакты. Такая ідэя абмяркоўвалася, але ня ўсе каманды маюць свае базы, ня ўсе каманды змогуць дзесьці «схавацца», — разважае Алег Гаруновіч.
«І цяпер склалася тупіковая сытуацыя. Чэмпіянат не спыняецца таму, што каля стырна Фэдэрацыі стаіць чалавек, які ловіць сыгналы зьверху. І ён як чалавек вайсковы не зьбіраецца гэтыя сыгналы ні з кім абмяркоўваць, неяк сыходзіць у мякчэйшы бок (маецца на ўвазе старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімер Базанаў. — РС). Калі сказана, што каранавірус перамаглі, то берасьцейскае „Дынама“ будзе гуляць, што б ні здарылася», — мяркуе ён.
Гаруновіч параўноўвае беларускую сытуацыю з Эўропай, дзе ўвялі вельмі жорсткі кантроль за дысцыплінай гульцоў, распрацавалі і жорстка выконваюць правілы паводзінаў. Футбалісты не павінны зьяўляцца на вуліцы, усе гульцы каманды тэстуюцца на каранавірус рэгулярна, некалькі разоў на тыдзень.
«Калі паглядзець на Гішпанію, Ангельшчыну, якія аднавілі чэмпіянаты, — там няма такіх стратаў гульцоў, як у нас. Бо там распрацаваны зразумелы, уцямны альгарытм — як яны будуць жыць з каранавірусам: тэставаньне і максымальна раньняя ізаляцыя.
А тое, што ў Берасьці магло захварэць 16 чалавек, сьведчыць, што ніякага кантролю не было, ніякай сыстэмы бясьпекі не распрацавана. Прычым берасьцейская каманда — ня самая бедная сярод іншых. А апраўданьні, што „мы ім выдзелілі два вядры антысэптыку, няхай выціраюць рукі“ — гэта дылетанцкі падыход», — мяркуе спартовы журналіст.
На пытаньне, чаму дагэтуль няма афіцыйнай рэакцыі ні Фэдэрацыі футболу, ні кіраўніцтва самога берасьцейскага «Дынама», дзе хварэе 16 чалавек, Алег Гаруновіч адказаў так:
«Магчыма, кіраўніцтва берасьцейскага «Дынама», якое набліжана да «вярхоў», выступіць зь нейкай выбітнай заявай і гэта неяк паўплывае на пазыцыю Фэдэрацыі футболу. Але пакуль Фэдэрацыя будзе рабіць выгляд, што ўсё ОК. Груба кажучы, гэтая пазыцыя азначае: «Памрыце як мужчыны і не прыдурвайцеся», — выказаў меркаваньне галоўны рэдактар папулярнага спартовага рэсурсу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ