Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-трэнэр зборнай Беларусі пра футбол падчас каранавірусу: «Рызыкоўнае відовішча»


Анатоль Байдачны
Анатоль Байдачны

Вядомы ў мінулым футбаліст і трэнэр Анатоль Байдачны ў інтэрвію Свабодзе нагадвае спартовым чыноўнікам і ўладам Беларусі, што футбол — усяго толькі гульня, і ня варта рызыкаваць здароўем і жыцьцём людзей, арганізоўваючы матчы падчас разгулу каранавірусу.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Беларусь працягвае заставацца адзінай краінай Эўропы, дзе футбольныя спаборніцтвы ня толькі не прыпыненыя ў сувязі з пандэміяй COVID-19, а становяцца яшчэ больш масавымі.

17 красавіка стартуюць турніры ў першай і другой лігах нацыянальнага чэмпіянату. Такім чынам, да 16 клюбаў элітнага дывізіёну далучаецца амаль чатыры дзясяткі камандаў — 14 зь першага і дзьве групы А і В па 11 камандаў у кожнай — з другога. Агулам у трох лігах будуць гуляць 52 каманды.

Колькасьць удзельнікаў магла быць даведзеная да 60, аднак напярэдадні Беларуская фэдэрацыя футболу адклала заплянаваны на 16 красавіка пачатак жаночага турніру. Высьветлілася, што шэраг футбалістак мелі кантакт першага ўзроўню з інфікаванымі на каранавірус і цяпер знаходзяцца на карантыне. Праўда, у штабах клюбаў перанос хоць і ўхвалілі, але факт магчымага заражэньня сваіх выхаванак абвяргаюць.

«Такое рызыкоўнае відовішча сёньня не да месца»

16 красавіка гульцы менскага «Дынама» выйшлі на цырымонію вітаньня з горадзенскім «Нёманам» у майках з надпісам #Дзякуй дактарам. Гэта адбылося ў той час, калі самі лекары адчайна заклікаюць #Заставацца дома.

Гульцы менскага «Дынама» ў майках з надпісам #Дзякуй дактарам
Гульцы менскага «Дынама» ў майках з надпісам #Дзякуй дактарам

Экс-футбаліст зборнай СССР, былы галоўны трэнэр нацыянальнай каманды Беларусі і настаўнік менскага «Дынама» Анатоль Байдачны ў інтэрвію для Свабоды выказаўся пра тое, ці варта пашыраць футбольную аўдыторыю, калі ў краіне ня пройдзены пік захворваньняў на COVID-19.

— Анатоль Мікалаевіч, пакуль эўрапейскія топ-лігі на паўзе, каманды найвышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі праводзяць матчы пятага туру. Пасьпяваеце сачыць за турнірнай табліцай?

— Гляджу хіба калі-нікалі, устойлівага інтарэсу няма. Я ад футболу хачу атрымліваць найперш эстэтычнае задавальненьне. А тут якая эстэтыка? Вы ж бачыце, нават фанаты перасталі хадзіць на стадыёны. Самая адданая частка людзей, тыя, хто з камандай у любой сытуацыі — і ў радасьці, і ў горы. Дык для каго тады наогул гуляюць? Любое відовішча патрабуе прысутнасьці гледача. А калі яго няма, значыць, відовішча кепскае. Або яно не да месца.

— Сёньня да элітнай кампаніі далучаюцца калектывы зь першай і другой лігаў. І ў Фэдэрацыі футболу, і ў Міністэрстве спорту і турызму запэўніваюць, што сытуацыя пад кантролем, здароўю гульцоў і заўзятараў нічога не пагражае.

— Лухта гэта ўсё, што яны там заяўляюць, нельга так рабіць. Я разумею, што на другую лігу і так ніхто ня ходзіць — зрэшты, у першай сытуацыя з наведвальнасьцю ня лепшая. Тым ня менш заўсёды існуе пэўная рызыка, што людзі могуць заразіцца. Ня той выпадак, калі можна бравіраваць, што мы тут разумнейшыя за ўсіх астатніх. Як ні круці, пара сотняў чалавек на трыбунах зьбіраецца, калі казаць пра найвышэйшы дывізіён.

— На днях меў стартаваць яшчэ і жаночы чэмпіянат, толькі ў апошні момант на няпэўны тэрмін яго перанесьлі...

— Добра, што хоць дзяўчат пашкадавалі, а то зусім цэнзурных слоў ужо не засталося б... Мабыць, хтосьці проста не разумее: футбол — гэта толькі гульня. Адпаведна, гэта ня тая рэч, безь якой сёньня не абысьціся.

«Ніякія грошы ня вартыя экспэрымэнтаў з жыцьцём»

— У якасьці аднаго з аргумэнтаў спартовыя функцыянэры агучваюць, што ва ўмовах безальтэрнатыўнасьці гэта найлепшы момант, каб паказаць беларускі футбол на ўвесь сьвет.

— Ну яны ж ня могуць сказаць, што 99% замежных гледачоў, экспэртаў сьмяюцца з таго, што бачаць. Прадаваць трэба якасны тавар, а тут што? Таму ніякія грошы, якія яны спадзяюцца зарабіць на трансьляцыях, ня вартыя экспэрымэнтаў з жыцьцямі людзей.

— Тым ня менш тэлекампаніі набылі правы, беларускае першынство паказваюць у паўтара дзясятку краінаў. Тая ж фэдэрацыя хоча прадаваць карцінку нават зь першай лігі.

— Паўтаруся: нельга вымяраць узровень чэмпіянату прывіднымі кантрактамі — вы недзе лічбы ўвогуле бачылі? Асабліва калі стаўка, як ні высакамоўна гучыць, — жыцьцё. Для мяне гэта сапраўдны боль. Калісьці беларускі футбол сапраўды быў прыкметнай зьявай — маю на ўвазе найперш трыюмф менскага «Дынама» ў чэмпіянаце Савецкага Саюзу і годныя сэзоны ў эўралігах. А цяпер невядома што. Зрэшты, у гэтым кантэксьце я не пра карцінку на экране — гаражы за варотамі ці каровы за плотам. Ня ў гэтым сутнасьць. Справа ў ацэнцы таго, што адбываецца навокал. Пакуль расьце колькасьць інфікаваных, памерлых, гэта ня жарты, а рэальная і сур’ёзная небясьпека.

— Чаго не хапае Беларусі, каб праславіцца ў футболе? Ня лічачы, вядома, каранавірусу.

— Банальна няма грошай. За часамі СССР каманды фінансаваліся або наўпрост зь бюджэту, або былі на балянсе ў буйных прадпрыемстваў. А цяпер у эканоміцы столькі праблемаў, што футбольны клюб — гэта ня гонар, а якар, абуза. Нават такі калектыў зь вялікай гісторыяй, як менскае «Дынама»: фактычна яго кінулі, дайшло да таго, што ледзь не з працягнутай рукой шукаюць спонсара. Мне як былому трэнэру вельмі балюча на гэта глядзець.

«Няма такой прычыны, якая б выцягнула мяне цяпер на стадыён»

— Анатоль Мікалаевіч, пры якіх умовах вы пайшлі б на стадыён, каб стаць сьведкам нейкага відовішчнага матчу — умоўна кажучы, паміж БАТЭ і берасьцейскім «Дынама»?

— Няма такой прычыны. І нават не зьбіраюся, я што, зусім на галаву хворы? Так, часу ад часу гляджу асобныя трансьляцыі па «Матч ТВ», і то збольшага дзеля таго, каб склалася ўражаньне, як нас успрымаюць звонку.

— Якая, на ваш погляд, сапраўдная танальнасьць рэпартажаў? Адчуваньне, што тыя ж камэнтатары «Матч ТВ» стрымліваюцца, каб ня ўдарыцца ў прыватнасьці. Кшталту баяніста на трыбуне, помніка сталінскіх часоў за агароджай...

— Для іх гэта таксама новы досьвед, чаго зьдзіўляцца? Але ў гэтай сытуацыі магу сказаць толькі адно: чэмпіянат Беларусі — найлепшы ў Эўропе. Натуральна, не таму, што гэта сапраўды так, а таму, што ён адзіны. За ўвесь сьвет казаць ня буду, нібыта гуляюць яшчэ ў Нікарагуа. Дарэчы, ведаючы тэхнічнасьць лацінаамэрыканскіх гульцоў, можна ўявіць, што там першынство ўсё ж мацнейшае за нашае.

— І апошняе: што ня так з барысаўскім БАТЭ? Каманда заслужана стала візытоўкай беларускага футболу, але і ў мінулы сэзон, і на пачатку сёлетняга гульня зусім не чэмпіёнская.

— Я ўжо казаў, што ў БАТЭ адна праблема, дакладней, трагедыя — ня стала Анатоля Капскага. Гэта асоба, камандны стрыжань. Чалавек стварыў клюб, на ім усё і трымалася. А як ён адышоў — надламіўся і адточаны мэханізм. Ці ўдасца яго зноў наладзіць? Паглядзім...

Хто такі Анатоль Байдачны

Анатоль Байдачны падчас працы трэнэрам расейскага ФК «Ростов»
Анатоль Байдачны падчас працы трэнэрам расейскага ФК «Ростов»

Нарадзіўся ў 1952 годзе ў Маскве, але большую частку жыцьця правёў у Беларусі. Зь юнацкага ўзросту выступаў за маскоўскае «Дынама». Выклікаўся ў зборную СССР, у складзе якой на чэмпіянаце Эўропы-1972 правёў 5 матчаў і заваяваў срэбныя мэдалі.

У 1974-м праз канфлікт з кіраўніцтвам Анатоль Байдачны перабраўся да менскіх аднаклюбнікаў, за якіх выступаў наступныя пяць гадоў. Разьвітацца са спортам мусіў у 27 гадоў з прычыны цяжкай траўмы, і тады задумаўся пра трэнэрскую кар’еру.

Пачынаў у магілёўскім «Дняпры», які пад кіраўніцтвам маладога спэцыяліста ў 1982-м выйшаў у першую лігу чэмпіянату СССР. За савецкім часам пасьпеў патрэнаваць варашылаўградзкую «Зару» і хэрсонскі «Крышталь». З падзеньнем жалезнай заслоны паспрабаваў сілы на Кіпры, у Сырыі, Кувэйце, Малдове. З моладзевай зборнай Сырыі стаў чэмпіёнам Азіі ў 1994-ы.

Двойчы на розных этапах узначальваў менскае «Дынама», у 1997-м прывёў каманду да чэмпіёнства ў нацыянальным першынстве. Таксама быў галоўным трэнэрам ждановіцкай «Дарыды».

Працяглы час працаваў з камандамі расейскай прэм’ер-лігі — сочынскай «Жамчужынай», новарасійскім «Чарнаморцам», растоўскім «Растсельмашам», грозьненскім «Церакам», варонескім «Факелам».

Цягам 2003–2005 гадоў трэнаваў нацыянальную зборную Беларусі, быў звольнены па выніках чарговага адборачнага цыклю, калі беларусы засталіся па-за фінальнай стадыяй чэмпіянату сьвету-2006. Тады ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што вярнуў гледачоў на стадыёны, прымусіў футбалістаў гуляць па-новаму, а за гэта атрымаў «плявок у твар».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG