Чым тлумачацца сёлетнія акцыі салідарнасьці дыяспары — беспрэцэдэнтныя паводле масавасьці і геаграфічнага ахопу? Ці прыедуць эмігранты ў Беларусь, каб дэманстраваць сваю салідарнасьць на бацькаўшчыне? Чаму акцыі салідарнасьці дыяспары праходзяць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, а сымбалі галоўных цяперашніх канкурэнтаў Лукашэнкі — сэрцайка Бабарыкі і тапак Ціханоўскага?
Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць музыка і бізнэсовец Алесь Таболіч, пісьменьнік Макс Шчур і аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.
Таболіч:
- Добра, што людзі ў дыяспары самаарганізуюцца. Хаця ў мяне ёсьць пытаньне — ці самі, ці іх хтосьці арганізаваў? Калі пасадзілі Ціханоўскага, у дыяспары акцыяў салідарнасьці не было. А як пасадзілі Бабарыку — атрымаўся моцны варушняк па ўсім сьвеце.
- У Варшаве да амбасады прыйшло каля 1000 чалавек мітынгаваць. Але ў Польшчы жыве 150 тысячаў эмігрантаў зь Беларусі.
- Толькі ў Беларусі беларусы могуць нешта мяняць.
- Падтрымка са сьцягамі і партрэтамі вязьняў — гэта добра. Але хай бы прыехалі ў Беларусь на выбары і прагаласавалі і паказалі б сваю салідарнасьць тут.
- У мяне як у кандыдата ў кандыдаты ў прэзыдэнты быў свой плян — гэта культурніцкая рэвалюцыя.
- Я першым выступаў за кансалідацыю, я прапанаваў перамовы паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты.
- Зараз у Беларусі палітыкай, выбарамі цікавяцца ўсе. У 2010 годзе такога не было.
- Мяне, як палез у кандыдаты, пазнаюць людзі на вуліцах.
- Я ня супраць дыяспары. Клёва, што там беларусы кансалідуюцца.
- Я супраць Плошчы. Я супраць яе, таму што я супраць крыві. Я за культурную рэвалюцыю.
- Я ў 2010 годзе быў на Плошчы, я ведаю, што такое мянты, што такое АМАП. Яны разгоняць Плошчу за лічаныя хвіліны.
- Для мяне газпромаўскі Бабарыка — няблізкі чалавек. Я беларускі патрыёт, беларускі нацыяналіст, і да Газпрому стаўлюся самі разумееце як.
- Я не магу зразумець, хто яны — Бабарыка, Ціханоўскі, Цапкала.
- Бел-чырвона-белы сьцяг — для беларускага грамадзтва гэта сьцяг незалежнасьці. Хоць і не для ўсяго.
Шчур:
- Дыяспара і мэтраполія, бацькаўшчына — злучаныя сасуды. Калі ўздым хвалі ідзе ў Беларусі, гэта адбіваецца і на эміграцыі.
- Цяпер іншы склад тых, хто ўдзельнічае ў акцыях салідарнасьці ў дыяспары. Цяпер гэта люстэрка грамадзтва, гэтыя акцыі ахопліваюць усіх.
- У 2006 і 2010 годзе ў Празе на плошчу выходзілі нацыянальна сьвядомыя беларусы, а цяпер самыя розныя людзі — гастарбайтары, айцішнікі. Бачыў людзей, якія прыехалі з поўначы Чэхіі, якія працуюць на заводзе. Яны адчуваюць сябе беларусамі.
- Акцыямі салідарнасьці не мяняецца ўлада.
- Дзеля чаго мне ехаць у Беларусь? У вас, акрамя маханьня сьцягамі і груканьня ў рондлікі, ёсьць нейкі плян?
- Абсалютна беспадстаўныя абвінавачаньні, што акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі — ня толькі з Бабарыкам — на грошы Газпрому.
- Цяпер у Беларусі няма лідэраў. Тых, хто быў самы небясьпечны, ужо нэўтралізавалі.
- Тыя, хто заклікае дыяспару вяртацца, ня ведаюць, што рабіць з тым рэвалюцыйным патэнцыялам, які ўжо ёсьць у Беларусі.
- Добра, што ў дыяспары не ўзьнікае пытаньняў наконт бел-чырвона-белага сьцяга і «Жыве Беларусь».
- На акцыі ў Празе было і сэрцайка Бабарыкі (якое нагадвае гаўлаўскае), і тапак, прыйшоў адзін хлопец у чырвона-зялёнай майцы з тапкам. Гэта нармальна.
- Цяпер зь бел-чырвона-белым сьцягам выходзіць народ. А раней выходзілі толькі прадстаўнікі пэўных групаў — нацыянальна-сьвядомых, дэмакратычных, але народу там не было.