Менчукі працягваюць паведамляць аб праблемах з вадой, піша Tut.by. Адны скардзяцца, што ў кватэры вярнулася сьмярдзючая вада, іншыя пішуць пра адключаную без папярэджаньня гарачую і халодную ваду.
Людзі з розных менскіх вуліц пішуць у рэдакцыю Tut.by, што ў іх дамах не зьнікаў (або вярнуўся) непрыемны пах вады. У прыватнасьці, паведамляюць пра непрыемны пах вады па адрасах:
- Прытыцкага, 42 (27 і 28 чэрвеня вада была нармальная, а 29-га і 30-га рэзкі непрыемны пах вярнуўся, праблема ва ўсіх пад’ездах)
- Прытыцкага, 38 («вада сьмярдзіць дасюль», у тым ліку раніцай 30 чэрвеня, на пад’ездах — ніякай абʼявы, у 115 проста прымаюць заяўкі, рэакцыі ніякай ні ад ЖЭС, ні ад водаканалу)
- Сердзіча, 66 (вада працягвае непрыемна пахнуць, «калі ўключыць ваду на тры хвіліны, то ў ванны пакой зайсьці немагчыма»)
У некаторых дамах цяпер увогуле няма ні гарачай, ні халоднай вады. Выразных тлумачэньняў людзі не атрымліваюць, абʼявы аб плянавых адключэньнях на падʼездах не вісяць.
У прыватнасьці, на вуліцы Кунцаўшчына, 36 «ужо тры дні ў доме няма гарачай вады, хоць плянавае адключэньне толькі з 6 ліпеня». 30 чэрвеня ў 9-м падʼезьдзе няма вады наогул, у некаторых халоднай вады не было і 29 чэрвеня, праз тэлефон 115 адказваюць, што аварыя, і больш нічога не тлумачаць, цыстэрны зь пітной вадой паблізу дасюль няма.
Раніцай пра адсутнасьць вады таксама паведамлялі жыхары дамоў на вуліцах Лабанка, 71, Шаранговіча, 59-2, а таксама мікрараёну Малінаўка-7.
У «Менскводаканале» Tut.by адказалі, што звароты пра якасьць вады «ўжо ня масавыя», з прэтэнзіямі працуюць кропкава, спэцыялісты робяць адбор пробаў з канкрэтных дамоў і вуліц.
Са скаргамі на якасьць вады раяць зьвяртацца ў службу 115 і ў дыспэтчарскую службу водаканалу па тэлефоне 8 017 3894268, а таксама пакідаць адрасы дамоў, дзе вада з крана працягвае непрыемна пахнуць, на старонцы «Менскводаканалу» на «Фэйсбуку».
- 24 чэрвеня жыхары Фрунзэнскага і Маскоўскага раёнаў пачалі скардзіцца на пах з водаправоду. Ужываць ваду было немагчыма. 25 чэрвеня на непрыемны пах і незвычайны колер вады пачалі скардзіцца і ў цэнтры гораду.
- 24 чэрвеня Менскі гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі выявіў неадпаведнасьць пітной вады санітарным нормам, але жыхарам сталіцы пра гэта стала вядома толькі праз суткі.
- Людзі мусілі стаяць у доўгіх чэргах па ваду да цыстэрнаў і фантанчыкаў.
- За першыя суткі «хуткая» выяжджала да 15 пацыентаў, якія зьвязвалі пагаршэньне свайго стану з ужываньнем вады.
- Генпракуратура паведаміла, што «ў сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзянаў» праводзіцца «праверка выкананьня заканадаўства аб пітным водазабесьпячэньні».
- Пазьней Менгарвыканкам назваў верагодную прычыну праблемы — рамонт участку вадаводу. Пасьля таго як гэты вадавод адключылі, Мінздароўя дазволіла карыстацца вадой з кранаў, аднак яе працягваюць кантраляваць.
- 28 чэрвеня менчукоў, якія засталіся безь пітной вады, паабяцалі вызваліць ад платы за ваду ў чэрвені.