Прэзыдэнцкія выбары прызначаныя на 9 жніўня, і гэта азначае, што ўжо ў траўні павінны фармавацца выбарчыя камісіі рознага ўзроўню ды распачацца іншыя выбарчыя працэдуры. Між тым у Беларусі не сьціхае пандэмія каранавірусу, штодзённы прырост новых хворых не зьмяншаецца.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Як у такіх умовах арганізаваць назіраньне за выбарамі і ці прыедуць у Беларусь назіральнікі ад АБСЭ? Гэтыя пытаньні карэспандэнт Свабоды задаў праваабаронцу і юрысту Валянціну Стэфановічу з цэнтру «Вясна», які шмат гадоў бярэ актыўны ўдзел у кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Валянцін Стэфановіч паведаміў, што як толькі стала вядома пра прызначэньне выбараў на 9 жніўня, «Вясна» правяла працоўную нараду, на якой абмеркавалі пэрспэктывы назіраньня за выбарамі ва ўмовах пандэміі.
«Пытаньняў у нас саміх больш, чым адказаў, бо сытуацыя для ўсіх цалкам новая. Пакуль бачым толькі асобныя ўчасткі, дзе назіраньне магчымае», — прызнаў Валянцін Стэфановіч.
«Паседжаньні камісій онлайн можна толькі вітаць»
Паводле Валянціна Стэфановіча, перад арганізатарамі назіраньня за падрыхтоўкай да выбараў адразу паўстае задача мінімізаваць кантакт назіральнікаў зь сябрамі камісій. Якраз тут зьявіліся станоўчыя пэрспэктывы, мяркуе праваабаронца.
«Мы бачым што ЦВК пачаў правядзеньне паседжаньняў у онлайн-рэжыме, сёньня якраз такое было паседжаньне. Калі і іншыя камісіі, якія будуць створаныя ў хуткім часе — абласныя, гарадзкія, раённыя, — правядуць паседжаньні таксама онлайн з магчымасьцю доступу ўсіх ахвотных, дык гэта можна вітаць, бо назіраньне для ўсіх спрашчаецца. Але пры ўмове, што онлайн будзе ў поўным аб’ёме. Ня толькі з абмеркаваньнем, але і з галасаваньнем. Інакш што за назіраньне, калі трансьляцыя будзе выбарачная? Але трэба зазначыць, што рызыка для сябраў саміх камісій усё роўна застаецца, бо яны будуць зьбірацца ў адным памяшканьні. Як там гэта будзе вырашацца, незразумела», — сказаў Валянцін Стэфановіч.
«Хто рызыкне паставіць подпіс на пікеце або адчыніць дзьверы зьбіральніку подпісаў?»
Што да іншых важных перадвыбарчых працэдур, то яснасьці, паводле Валянціна Стэфановіча, таксама вельмі мала. Асабліва пры зборы подпісаў за кандыдатаў на прэзыдэнта.
«А як быць са зборам подпісаў? Прычым ясна, што самымі ўразьлівымі групамі будуць якраз прадстаўнікі незалежных кандыдатаў, бо за Лукашэнку подпісы зьбіраць лягчэй: на дзяржаўных прадпрыемствах, у іншых месцах, дзе спрацуе адміністрацыйны рэсурс. А вось апазыцыйныя кандыдаты мусяць для збору подпісаў ісьці на вуліцы ды па кватэрах.
Ці рызыкне хто ў такіх абставінах адчыніць кватэру? Пытаньне. Колькі людзей адважыцца падысьці да пікету па зборы подпісаў? Таксама пытаньне. А другое — хто рызыкне працаваць на гэтых пікетах ці хадзіць па кватэрах, калі трэба кантактаваць з сотнямі людзей? Напэўна, знойдуцца сьмельчакі, будуць працаваць у масках, але гэта ж значна абмяжоўвае магчымасьці любога незалежнага кандыдата. Таму вельмі шмат пытаньняў. Што і як рабіць, мяркую, ня ведае ніхто», — лічыць праваабаронца.
ЦВК адхіліў прапановы праваабаронцаў скарэктаваць правілы правядзеньня выбараў з улікам пандэміі. Чаму?
Валянцін Стэфановіч асудзіў беларускія ўлады за тое, што ва ўмовах пандэміі спачатку яны вырашылі не адмаўляцца ад суботніка, потым ад парадаў, а цяпер даюць старт выбарчай кампаніі, фактычна ніяк яе не карэктуючы з улікам пандэміі.
Прызначэньне выбараў на 9 жніўня праваабаронца зьвязвае з тым, што ўлады ня хочуць мяняць падрыхтаваны ўжо сцэнар выбараў, у якім проста няма месца такім непажаданым кандыдатам, як блогер з Гомля Сяргей Ціханоўскі.
«Глядзіце, цяпер ён ужо ніяк не пасьпявае падаць заяву на ўдзел у кампаніі і правесьці збор подпісаў», — адзначыў Валянцін Стэфановіч. Зьмены, якія прымае ЦВК у сувязі з пандэміяй, праваабаронца назваў фармальнымі.
«Онлайн пакуль толькі заяўлены, але ня факт. Яшчэ, можа, у масках і пальчатках будуць праводзіць паседжаньні камісій, але і тут па сутнасьці нічога не зьмянілі. Галоўнае ж — сам падлік галасоў, наколькі ён празрысты. Дык тут усё засталося як было. Мы прапаноўвалі весьці падлік галасоў онлайн — не прынята. Прапаноўвалі, каб падлік вёў адзін сябра камісіі, які б дэманстраваў прысутным бюлетэні, — таксама не прынята. Як адхілена і прапанова, каб пратаколы адразу выкладваліся ў інтэрнэт. То бок усе прынцыповыя прапановы не прынятыя, а значыць, вынікі такога галасаваньня цалкам прадказальныя і зноў будуць на карысьць аднаго кандыдата, імя якога ўсім нам вядома», — лічыць Валянцін Стэфановіч.
Ці прыедуць назіральнікі ад АБСЭ?
Праваабаронца не бярэцца прадказаць, ці прыедуць на беларускія выбары назіральнікі ад АБСЭ. Валянцін Стэфановіч нагадаў, што звычайна яны вядуць назіраньне доўгатэрміновае — за перадвыбарчым працэсам, і кароткатэрміновае — непасрэдна ў дзень выбараў.
«І тое, і тое для замежных назіральнікаў рызыкоўнае, бо запатрабуе шмат сустрэч зь людзьмі. Таму якое рашэньне прыме БДІПЧ (Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека. — РС) АБСЭ — мне прадказаць цяжка. Пэўна можна меркаваць, што беларускія ўлады запросяць міжнародных назіральнікаў, бо ім патрэбны іх удзел у назіраньні, каб потым сказаць, што нічога не хавалася. Мяркую, 50 на 50, што міжнародныя назіральнікі прыедуць. А калі прыедуць, то зноў адзначаць шэраг парушэньняў, выкажуць свае прынцыповыя рэкамэндацыі, але беларускія ўлады іх зноў фактычна праігнаруюць», — мяркуе Валянцін Стэфановіч.
Паводле прадстаўніка «Вясны», рашэньне аб старце назіральнай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», у якой бярэ ўдзел таксама Беларускі Хэльсынскі камітэт, яшчэ не прынятае.
«Днямі гэта будзе вырашана», — запэўніў Валянцін Стэфановіч.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.