Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Валер Цапкала 22 чэрвеня даў інтэрвію расейскаму выданьню РБК, дзе сярод іншага разважаў пра затрыманьні іншых апанэнтаў Лукашэнкі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Паводле Цапкалы, затрыманьне патэнцыйнага кандыдата Віктара Бабарыкі, адмова ў рэгістрацыі кандыдатам і далейшае затрыманьне Сяргея Ціханоўскага — гэта «зьвёны аднаго ланцуга». Цапкала дадаў, што справа супраць Бабарыкі «ў беларускім грамадзтве разглядаецца як ціск на выбарчы працэс» і «спроба паслабіць, а мо выбіць нейкіх кандыдатаў».
На пытаньне, ці можа нешта падобнае здарыцца зь ім самім, Цапкала адказаў:
«Тэарэтычна я не магу выключыць такога, але ў цяперашні момант мы проста рухаемся ў палітычным працэсе, робім тое, што дазволена рабіць адпаведна Канстытуцыі і выбарчаму заканадаўству нашай краіны. Мы не парушаем ніякіх законаў — мы пакуль рухаемся, з майго гледзішча, максымальна чыста ў гэтым выбарчым працэсе».
На ўдакладненьне журналіста, што, магчыма, і ня трэба парушаць закон, каб трапіць за краты, Цапкала адказаў згодай, але падкрэсьліў, што цяпер ня думае пра гэта.
На думку Цапкалы, у 2010 годзе беларусам яшчэ «не надакучыў» Лукашэнка, яшчэ быў эканамічны рост, хоць «ужо былі заўважныя крызісныя зьявы». Цяперашняя ж сацыяльная актыўнасьць «вельмі нехарактэрная для беларускага палітычнага жыцьця», «такога не было ніколі». Цапкала зьвязвае гэта з тым, што «апошнія дзесяць гадоў краіна наагул не разьвівалася».
Расейскі журналіст спытаў Цапкалу, ці ён сапраўды думае, што зможа перамагчы на выбарах, калі апанэнтам ёсьць Лукашэнка. Цапкала прызнаў, што Лукашэнка мае «калясальны адміністрацыйны рэсурс» і «фактычна бязьмежныя фінансавыя магчымасьці», але адзначыў: «затое мы маем праграму».
«Я вельмі спадзяюся, мы ж нічога не просім звышардынарнага, — сказаў Цапкала пра перамогу на выбарах. — Мы проста хочам, каб у нас выконвалася Канстытуцыя, выконваліся законы, выконваліся правілы гульні ў рэшце рэшт.
Я не хацеў казаць, веру я ў сумленнасьць або ня веру, бо гэта будзе залежаць ад многіх фактараў, гэта будзе залежаць у тым ліку і ад ініцыятываў грамадзянскай супольнасьці — людзі актыўна зьбіраюць подпісы, уступаюць у мясцовыя выбарчыя камісіі. Мы вельмі спадзяемся, што менавіта грамадзянская супольнасць зможа забясьпечыць максымальна празрысты працэс падліку галасоў».
Як мяркуе Цапкала, у выпадку відавочных парушэньняў ня трэба будзе нікога заклікаць выйсьці на вуліцы — ён разьлічвае на тое, што людзі выйдуць самі, як выходзяць цяпер на «ланцугі салідарнасьці». Наконт ідэі Бабарыкі з рэфэрэндумам Цапкала сказаў, што і сам выказваў падобную ідэю, але прапанаваў займацца гэтым па сканчэньні выбараў, каб не адбывалася «расфакусаваньне ўвагі».
Цапкалу нагадалі, што Лукашэнка прасіў пытаць яго, чаму яго звольнілі з Парку высокіх тэхналёгіяў. Цапкала параіў спытаць гэта ў Лукашэнкі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.