19 чэрвеня дачка Віктара Бабарыкі Марыя пракамэнтавала ў Фэйсбуку затрыманьне 18 чэрвеня ў Менску сваіх бацькі і брата — кіраўніка выбарчага штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Эдуарда.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Яна падзякавала ўсім, хто піша ёй словы падтрымкі ў гэты час, а таксама ўсім людзям, якія выйшлі 18 чэрвеня ў Менску і сталі ў ланцуг салідарнасьці са зьняволенымі падчас перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі.
«Да мяне ляцяць прамяні цяпла і падтрымкі з усяго сьвету, і я шалёна ўдзячная ўсім паведамленьням. Я была да глыбіні душы кранутая ланцугом салідарнасьці, які расьцягнуўся ў Менску. Вялікі дзякуй усім і кожнаму, хто не застаўся ўбаку, хто хоча пераменаў і хто хоча, каб тыя незаконныя дзеяньні, якія цяпер разгортваюцца, больш ніколі не паўтарыліся ў Беларусі», — піша Марыя.
Яна таксама падкрэсьлівае, што цяпер яна «не адзіная дачка і сястра, якая суткамі сядзіць ля тэлефона ў чаканьні навінаў», — маючы на ўвазе іншых затрыманых.
«Маё сэрца з тымі, хто пацярпеў ад дзеяньняў, якія ў корані парушаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і правы чалавека, — піша Марыя і зьвяртаецца да супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі: — Вы ж таксама таты, мамы, браты і сёстры — калі ласка, памятайце пра гэта і пра тое, што вы — абаронцы закону».
«Як казаў Сэм, «Але ў канцы ўсё праходзіць. Нават самая непраглядная цемра расьсейваецца! Набліжаецца новы дзень! І калі засьвеціць Сонца, яно будзе сьвяціць яшчэ ярчэй!», — піша Марыя на заканчэньне, цытуючы словы Сэма Гэмджы, аднаго з галоўных герояў кнігі «Ўладар пярсьцёнкаў» Дж. Р. Р. Толкіна. І дадае, што ўся сям’я Бабарыкаў — фанаты гэтай кнігі.
18 чэрвеня стала вядома аб затрыманьні Віктара Бабарыкі, які вылучаецца ў кандыдаты на прэзыдэнта, а таксама кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыкі.
Бабарыка, паводле сьледзтва, быў арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней учыненых злачынстваў. Генэральная пракуратура пачала крымінальную справу па ч.2 і 3 арт. 285 КК (стварэньне злачыннай арганізацыі ці ўдзел у ёй).
Віктар і Эдуард Бабарыкі цяпер у СІЗА КДБ. Раней былі ўзятыя пад варту сябры ягонай ініцыятыўнай групы — Сьвятлана Купрэева і Ўладзімер Дудараў.