Сын патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і кіраўнік ягонага выбарчага штабу Эдуард Бабарыка знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Пра гэта паведаміла ў Фэйсбуку дзяўчына Эдуарда Аляксандра Зьверава.
«Толькі што са мной зьвязаўся дзяжурны хтосьці і паведаміў, што Эдзік знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Яго абвінавачваюць па артыкуле «ўхіленьне ад выплаты падаткаў», — напісала Аляксандра.
Раніцай 18 чэрвеня патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард перасталі выходзіць на сувязь. Ад штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты стала вядома, што іх трымаюць у Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў і дапытваюць, адвакатаў да іх не пусьцілі.
У дамах сям’і Бабарыкаў праходзяць ператрусы.
Пазьней старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Іван Тэртэль у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў, што патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыку затрымалі за спробу ўплыву на сьведак і хаваньне доказаў злачынства.
«Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў Тэртэль.
Паводле Тэртэля, КДК вядзе працу па двух кірунках. Адзін зь іх — махінацыі з вэксалямі на суму звыш 60 мільёнаў даляраў, адна са структураў, якія ўдзельнічала ў гэтым, — латвійскі банк ABLV. «Паводле дадзеных, якія мы атрымалі ад нашых латвійскіх калегаў, за некалькі гадоў у інтарэсах гэтага банку на яго рахункі з рахункаў „Белгазпрамбанку“ было выведзена звыш 430 мільёнаў даляраў ЗША», — сказаў старшыня КДК.
Днём раней быў арыштаваны выбарчы фонд Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
У той дзень Бабарыка расказаў, што ў «справе „Белгазпрамбанку“», якім ён кіраваў 20 гадоў, затрымалі два дзясяткі чалавек. Арыштавалі і каардынатарку штабу Бабарыкі, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Бабарыка ацэньвае «справу „Белгазпрамбанку“» як атаку асабіста на яго: ён згадваў пра загад Лукашэнкі «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў».