Прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Вольга Чамаданава паведаміла Tut.by, што праверку фактаў тэлефонных пагрозаў патэнцыйнай кандыдатцы ў прэзыдэнты Сьвятлане Ціханоўскай змогуць пачаць толькі пасьля заявы ад яе самой.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Чамаданава сьцьвярджае, што заявы непасрэдна ад Ціханоўскай не паступала, а праверка ў такой справе «павінна быць на патрабаваньне асобы».
Пры тым, арт. 166 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу называе нагодай для пачатку крымінальнай справы сярод іншага і паведамленьні ў прэсе. Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях дае магчымасьць пачынаць адміністрацыйную справу і праз заяву асобы, і праз паведамленьне дзяржаўнага органу або «іншай арганізацыі», а таксама выяўленьня прыкметаў парушэньня судом ці органам, які вядзе адміністрацыйны працэс.
МУС неаднаразова пачынала праверкі на падставе паведамленьняў у СМІ і публікацыяў у сацыяльных сетках. Так, два дні таму МУС паведамляла пра адміністрацыйны пратакол на гомельскага падлетка, які зьняў відэа, як падпаліў на сабе адзеньне і скочыў у ваду. У 2016 годзе праверку пачалі пасьля таго, як прэс-сакратар менскай міліцыі абурыўся на Facebook здымкам дзяўчыны ў майтках на плошчы Перамогі.
Што здарылася зь Ціханоўскай
16 чэрвеня Ціханоўская зьбіралася здаваць першыя подпісы за сваё вылучэньне ў прэзыдэнты, але паведаміла аб пагрозах, якія ёй перад гэтым паступілі ў сувязі з удзелам у выбарах. Ціханоўская заяўляла, што ёй зь незнаёмага нумару сказалі: «вас могуць пасадзіць, а дзяцей забраць».
Ціханоўскую падтрымала відэазваротам Вераніка Цапкала — жонка іншага патэнцыйнага кандыдата Валера Цапкалы. Зварот яна адрасавала ў тым ліку праваахоўным органам.
Пазьней Ціханоўская вырашыла працягнуць кампанію і здаць подпісы, бо «толькі так можа дапамагчы мужу».
Ейны муж Сяргей Ціханоўскі цяпер за кратамі, у карцары: супраць яго завялі крымінальныя справы за «гвалт супраць міліцыянтаў» і «перашкоду выбарам». Крымінальныя справы распачалі і супраць дзясятка ягоных паплечнікаў і чальцоў ініцыятыўнай групы ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай. Праваабаронцы прызналі Ціханоўскага і яго паплечнікаў палітычнымі зьняволенымі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.