А 7.30 раніцы 18 чэрвеня невядомы мужчына рабіў дэталёвыя здымкі аўтамабіля, які належыць лідэру руху «За свабоду» і патэнцыйнаму кандыдату ў прэзыдэнты Юрасю Губарэвічу. Палітык на Facebook задаецца пытаньнем: «Рыхтуюцца правакацыі?»
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Губарэвіч растлумачыў Свабодзе, што іншых вэрсіяў ня мае:
- машына новая, нейкіх незвычайных элемэнтаў кшталту налепак, якія маглі зацікавіць выпадковага мінака, на ёй няма;
- драпінаў ці іншых пашкоджаньняў на машыне не зьявілася;
- аўта прыпаркаванае гэтаксама, як многія іншыя ў двары: двор малы, машыны ставяць на пэрымэтры праезнай часткі;
- машыну фатаграфавалі зблізу, а ня так, каб зафіксаваць, як і дзе яна стаіць;
- Губарэвіч мае даплаціць каля чвэрці штрафу за леташнюю акцыю супраць «паглыбленьня інтэграцыі», але судовы выканаўца адказаў яму, што гэта ня іхны прадстаўнік — маўляў, яны так ня робяць, а пра нейкія дзеяньні з машынай папярэдзілі б;
- сам час здарэньня, 7.30 раніцы, дзіўны для дзеяньняў афіцыйных органаў.
Губарэвіч тым часам прытрымліваецца таго ж пляну, які раней абвясьцілі ўдзельнікі праймэрыз апазыцыі: выкарыстоўваюць этап збору подпісаў для пікетаў, на якіх падымаюць вострыя праблемы, але здаваць подпісы за вылучэньне кандыдатаў не зьбіраюцца, а наступныя этапы выбараў будуць байкатаваць.
Палітык мяркуе, што пастаўленай мэты дасягнулі: ён на пікетах у адпаведных гарадах падымаў пытаньні берасьцейскага акумулятарнага заводу, сьветлагорскага заводу беленай цэлюлёзы, бярозаўскай «Шклаваты», БелАЭС і іншых. 18 чэрвеня заплянаваны супольны пікет зь іншымі патэнцыйнымі кандыдатамі-правацэнтрыстамі каля менскай Філярмоніі ў 18.00.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.