Краме нацыянальнай сымболікі symbal.by, што месьціцца на праспэкце Машэрава ў Менску, выдалі прадпісаньне прыпыніць вытворчасьць «да ліквідацыі парушэньняў», паведаміў дырэктар крамы Павел Белавус на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Паводле слоў Паўла Белавуса, 17 чэрвеня на вытворчую пляцоўку symbal.by прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Цэнтральнага раёну Менску. Паводле вынікаў праверкі крама атрымала патрабаваньне санстанцыі з 18 чэрвеня прыпыніць працу вытворчасьці «да ліквідацыі парушэньняў».
«У дакумэнце, дзе на дзьве старонкі расьпісаныя парушэньні, якія проста нерэальна ўсе выканаць нікому і ніколі, напісана, што нашая дзейнасьць «создает угрозу национальной безопасности, причинения вреда жизни и здоровью населения, окружающей среде», — адзначыў Белавус.
«З гэтай прычыны, паколькі фізічна і тэхнічна мы не можам апэратыўна выканаць тысячы замоў, якія прыйшлі за апошні тыдзень на наш сайт на прадукцыю з дызайнам „ПСІХОЗ%“, мы пакідаем у продажы на сайце Symbal. by толькі тую прадукцыю, якая зараз рэальна ёсьць у наяўнасьці», — напісаў дырэктар крамы.
- 12 чэрвеня супрацоўнікі Савецкага РАУС Менску сканфіскавалі ў кур‘ера крамы Symbal. by Максіма Блізьнюковіча 419 маек з надпісам «ПСІХОЗ%». Міліцыянты сказалі, што ім трэба забраць майкі на праверку, і склалі пратакол выманьня. Копіяў пратаколу не далі, сказалі чакаць, калі з крамай зьвяжуцца. Паводле Белавуса, кур’ер не прысутнічаў пры падліку сканфіскаваных маек, але ў пратаколе ўказаная большая іх колькасьць, чым фактычна паводле накладных вёз курʼер.
- 15 чэрвеня ў 14.30 у памяшканьне крамы symbal. by прыйшлі з праверкай супрацоўнік аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Савецкага РАУС і чатыры галоўныя падатковыя інспэктары Міністэрства падаткаў і збораў па Менску. Чатыры гадзіны яны праводзілі праверку, аглядалі гандлёвыя, офісныя і вытворчыя памяшканьні, складалі пратаколы, вымалі частку бухгальтарскіх дакумэнтаў.
- Надпіс «ПСІХОЗ%» на майцы Symbal. by зьвязаны зь лічбай 3%. Менавіта такі адсотак папулярнасьці ў розных інтэрнэт-апытаньнях набраў Аляксандар Лукашэнка, што стала ўжо распаўсюджаным інтэрнэт-мэмам.