Сёлетні дзень Блюма, які засьпеў мяне за карэктурай новага, чацьвертага выданьня «Імёнаў Свабоды», нагадаў, што зусім нядаўна акурат такая дата мільганула на перачытаных і сьпярэшчаных праўкамі старонках будучай кнігі.
Пошукі былі нядоўгімі: у гэты дзень, 16 чэрвеня, нарадзіўся мой герой Васіль Лазоўскі.
Удзельнікі гістарычных Дзядоў 1988 году памятаюць, як пры канцы нядоўгага мітынгу-рэквіему ў полі паблізу Курапатаў з гушчыні людзкога збою ў цэнтар нашага, ужо шчыльна аточанага «ахоўнікамі правапарадку» кола перадалі нейкі скрутак. Праз імгненьне па-над галовамі ўзьняўся бел-чырвона-белы сьцяг. Менавіта тады марознае паветра і скаланула каманда: «Рась-ся-кай!», і на нас з усіх бакоў наляцелі міліцыянты і салдаты ўнутраных войскаў.
Гэта было першае публічнае ўзьняцьце нацыянальнага сьцягу за некалькі дзесяцігодзьдзяў забароны.
Доўгі час імя чалавека, які прынёс з сабою сьцяг, было вядомае толькі вельмі вузкаму колу сяброў. Летапісцы найноўшай беларускай гісторыі губляліся ў здагадках, у публікацыях зьяўляліся заклікі адгукнуцца, дапамагчы адшукаць героя, але адказам было маўчаньне.
Цяпер будзем ведаць: яго звалі Васіль Лазоўскі і нарадзіўся ён, як і аўтар гэтых радкоў, у год сьмерці Сталіна.
Васіль быў мастаком, лічыў настаўнікамі славутых майстроў Альгерда Малішэўскага і Ядзьвігу Разьдзялоўскую. Трыццаць гадоў ён працаваў выкладчыкам малюнку і жывапісу ў дзіцячай мастацкай школе ў Маладэчне.
Да беларускай супольнасьці роднага гораду Васіль далучыўся задоўга да абвешчанай зьверху перабудовы. Браў удзел у аздабленьні памяшканьня клюбу патрыятычнай моладзі «Беларуская хатка». Духоўнымі бацькамі гэтага асяродку культуры і вольнай думкі былі гісторыкі Мікола Ермаловіч і Генадзь Каханоўскі. «Хатку» ўпрыгожваў герб «Пагоня», партрэты айчынных літаратурных клясыкаў. Адзін пакой займала мастацкая гасьцёўня Язэпа Драздовіча, яшчэ адзін — музэй Уладзіміра Караткевіча. Потым у Маладэчне ўзьнікла гістарычна-краязнаўчае аб’яднаньне «Крывіч».
Колішні кіраўнік крывічанаў, краязнаўца, літаратар і выдавец Міхась Казлоўскі называе Васіля Лазоўскага самым надзейным сябрам, «прынцыпова беларускамоўным, сьветлым і прыгожым у думках і ўчынках чалавекам, зь якім бясьпечна было размаўляць на любыя тэмы». Васіль ствараў для «Крывіча» вымпэлы і харугву, маляваў вясёлыя ілюстрацыі для насьценгазэты «Беларусь». У ягонай кватэры захоўвалася ўся забароненая літаратура, там адзначалі Дзень Волі (упершыню ў 1986-м), іншыя нацыянальныя сьвяты.
Акурат з той кватэры сябры і паехалі на Дзяды ў Менск. Мелі пры сабе два пашытыя Васілём сьцягі. Што сталася ў калатнечы зь першым сьцягам, невядома, а вось другі, сьцяг-дублёр, што проста не пасьпелі ўзьняць, потым вярнуўся ў Маладэчна і вісеў у майстэрні Лазоўскага побач зь ягонымі творамі да 2015 году, калі гаспадара праводзілі ў іншасьвет.
Я рызыкнуў пацікавіцца, якія стасункі Васіль меў з Джойсам і Блюмам. Нечакана высьветлілася, што ў сярэдзіне дзевяностых мастак (Міхась Казлоўскі добра гэта памятае) браў у яго пачытаць кнігу ў сьціплай туманова-кужэльнай вокладцы — «Уліса» ў перакладзе Яна Максімюка. Знаёмыя не згадалі, каб Васіль разам з сваім нараджэньнем адзначаў і Дзень Блюма, але на супадзеньне дня прыходу на сьвет з днём дзеяньня ў рамане, кажуць, заўсёды зважаў.
Джойс пісаў пра Дублін. Васіль любіў маляваць Вільню.
Адна зь яго пэрсанальных выставаў, прымеркаваная да юбілею, цалкам лягічна адчынілася ў Дзень Блюма. Хтосьці напісаў у водгуку, што Васіль «стварае ў сэрцах гледачоў сьвятланосны запас, які радуе, цешыць і лекуе чалавечую душу».
Калі гляджу на ягонае «Сьвятло Вострай Брамы», хочацца — як толькі скончыцца карантын — зноў узяць квіток да Вільні.
Дублін пакуль пачакае.
Замовіць новае выданьне кнігі «Імёны Свабоды» з аповедамі пра 365+1 героя аўтарскага пантэону можна ТУТ.