Дзясяткі выпадкаў заражэньня каранавірусной інфэкцыяй выявілі непадалёк ад самага буйнога мяснога і гародніннага рынку ў сталіцы Кітаю, Пэкіне. У раёне ўведзены рэжым ваеннага часу.
Мужчына, які наведаў рынак 3 чэрвеня, каб купіць мяса і морапрадукты, здаў тэст на каранавірус і высьветлілася, што ён інфікаваны. Пазьней хваробу выявілі ў двух работнікаў кантролю якасьці, якія працавалі на рынку.
Пасьля гэтага мясцовыя ўлады правялі маштабнае тэставаньне, выявіўшы 49 новых выпадкаў заражэньня.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Улады зачынілі рынак, а таксама дзевяць школ, разьмешчаных непадалёк. Жыхары дамоў, суседніх з рынкам, знаходзяцца на карантыне і ня маюць права пакідаць свае кватэры.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ