Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Натальля Кісель пракамэнтавала заяву кіраўніка сваёй ініцыятыўнай групы пра незаконны збор 100 тысяч подпісаў

Натальля Кісель пракамэнтавала заяву кіраўніка сваёй ініцыятыўнай групы пра незаконны збор 100 тысяч подпісаў


Натальля Кісель
Натальля Кісель

Прэтэндэнтка ў кандыдаты на прэзыдэнты Натальля Кісель паведаміла Свабодзе, што яна ня ведае пра парушэньні ў зборы подпісаў, у якіх прызнаўся кіраўнік ейнай ініцыятыўнай групы Сяргей Штода.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

“У мяне ёсьць справаздачы, ёсьць справаздачы ў “Вайбэры”, прысланыя каардынатарамі. Гэты скрыншот выкладзены на маёй асабістай старонцы ў “Фэйсбуку” ў адкрытым доступе, пра тое, якую справаздачу далі людзі, колькі было сабрана ў якіх рэгіёнах. Там 108 тысяч. Пра парушэньні ў зборы подпісаў у мяне ніякіх фактаў няма, няма пацьвярджэньня парушэньням, пра якія пачалі гаварыць СМІ», — сказала Свабодзе Натальля Кісель.

Пасьля выхаду артыкулу Свабоды «Наша ніва» падлічыла, што калі ініцыятыўная група Кісель складаецца са 147 удзельнікаў, а подпісаў сабрана трохі больш за 108 тысяч, кожны зьбіральнік мусіў здабыць у сярэднім па 735 подпісаў. Калі ж «рэкардсмэны» зьбіралі па 500 подпісаў, як Штода сказаў Свабодзе, а астатнія яшчэ менш, дык лічбы ня сходзяцца. У яшчэ адной размове з журналістам «Нашай нівы» Сяргей Штода нецэнзурна аблаяў суразмоўцу, запатрабаваў, каб той зьмяніў публікацыю.

Сяргей Штода прызнаў у камэнтары Свабодзе, што ў зборы подпісаў удзельнічалі ня толькі сябры іх ініцыятыўнай групы, хоць гэта і забаронена выбарчым заканадаўствам. У інтэрвію «Нашай ніве» ён назваў лічбу 2500 чалавек.

Натальля Кісель сказала Свабодзе, што інфармацыі пра нецэнзурныя словы кіраўніка ініцыятыўнай групы яна камэнтаваць ня будзе.

“У мяне асабіста і маёй ініцыятыўнай групай не было з «Нашай нівай» ніякіх інцыдэнтаў, акрамя таго, што ўчора журналіст пазваніў раніцай зь невядомага нумару. Гэта была тэлефонная размова, у якой чалавек назваўся журналістам “Наша нівы”, сказаў пра тое, што ў яго ёсьць факты, што кіраўнік майго штабу абмацюкаў, калі яму задавалі пытаньні. І калі я не прынясу нейкіх прабачэньняў за свайго кіраўніку штабу, то ён з гэтай інфармацыяй будзе зьвяртацца ў міліцыю і апублікуе. Як гэта ацаніць -- шантаж ці пагроза? Ён папярэджвае, што запісвае мяне, а я чалавека ня ведаю, нумар тэлефона ня ведаю, сытуацыі ня ведаю», — сказала Кісель.

Раней Натальля Кісель удзельнічала ў дыскусіі ў праекце Свабоды «Толькі жанчыны» разам з прэтэндэнткамі ў кандыдаты на прэзыдэнта Ганнай Канапацкай і Вольгай Кавальковай.

Натальля Кісель пра свой паход у прэзыдэнцтва
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:39 0:00

Яна адзначыла, што спачатку ўдзел у кампаніі быў не зусім па сваёй волі, ёй прапанавала гэта Асацыяцыя грузаперавозчыкаў.

“Я аказалася гатовая, і пакуль мы разам ідзём, ідзём камандай, крок за крокам. Гэтак і застаецца. Далей у вас, напэўна, будзе пытаньне... Хутчэй не зусім маё волевыяўленьне, гэтае рашэньне было хутчэй альтруізмам у чыстым выглядзе”, — сказала ўдзельніца выбарчай кампаніі.

  • Натальля Кісель стала пятым прэтэндэнтам, які абвясьціў пра збор мінімальнай колькасьці подпісаў. Раней пра ўзяты бар’ер заявілі Аляксандар Лукашэнка (больш за 1 мільён), Ганна Канапацкая (100 тысяч), Віктар Бабарыка (285 тысяч), Валер Цапкала (120 тысяч). Збор подпісаў у падтрымку вылучэньня кандыдатаў працягнецца да 19 чэрвеня, потым Цэнтарвыбаркам будзе іх пералічваць і спраўджваць.
  • Натальля Кісель, прадпрымальніца зь Менску, зарэгістравана ІП, працуе намесьніцай дырэктара ў кампаніі, якая займаецца грузаперавозкамі. Мае тры вышэйшыя адукацыі, палітычнага досьведу дагэтуль ня мела.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG