Прэтэндэнтка на прэзыдэнцкую пасаду, прадпрымальніца Натальля Кісель сабрала больш за 108 тысяч подпісаў, паведаміў Свабодзе кіраўнік яе ініцыятыўнай групы Сяргей Штода. Ён таксама прызнаў, што ў гэтым працэсе ўдзельнічалі ня толькі сябры іх ініцыятыўнай групы, што ёсьць парушэньнем выбарчага заканадаўства.
На гэтым кампанія збору подпісаў спыняецца, удакладніў Сяргей Штода.
«Няма сэнсу траціць нэрвы, час і сродкі», — патлумачыў рашэньне Штода, старшыня каардынацыйнай рады Асацыяцыі грузаперавозчыкаў «Рэгіён 8».
Раней Натальля Кісель паабяцала збіральнікам па 1 эўра за кожны голас у сваю патрымку. Як сказаў прадстаўнік яе штабу, рабіць вялікія ўкладаньні не спатрэбілася.
У Беларусі блізу 20 тысяч афіцыйных грузаперавозчыкаў, яшчэ мінімум столькі ж займаецца транспартнымі паслугамі на нерэгулярнай аснове. Практычна ўсе яны прайшлі праз штрафы і неадэкватныя фінансавыя спагнаньні падчас некарэктнай працы сыстэмы платных дарог ды іншыя абмежавальныя захады. Дзяржава на гэта глядзела скрозь пальцы, канстатаваў Сяргей Штода, якога каралі адміністрацыйным арыштам за пагрозы спаліць фуры ля Дому ўраду.
Па яго словах, такія людзі самі шукалі збіральнікаў іхнай каманды, каб падтрымаць Натальлю Кісель. Ёсьць рэкардсмэны, якія прынесьлі ў агульную скарбонку блізу паўтысячы подпісаў.
«Натуральна, трэба было аддзячыць людзям, якія некалькі тыдняў, ахвяруючы часам, працавалі на агульную справу. Але бальшыні проста паціснулі руку», — гаворыць Сяргей Штода.
Ён не сумняваецца, што ўсе подпісы сапраўдныя — кожны шматразова быў пераправераны ў рэжыме онлайн і яшчэ дадаткова ў штабе ініцыятыўнай групы. Зьбіраць «аўтографы» проста для колькасьці чальцы каманды сэнсу ня бачаць, хоць людзі гатовыя падпісвацца і далей.
АБНОЎЛЕНА: Подпісы за Кісель зьбіралі ня толькі сябры ініцыятыўнай групы
Пасьля выхаду артыкулу Свабоды «Наша ніва» падлічыла, што калі ініцыятыўная група Кісель складаецца са 147 удзельнікаў, а подпісаў сабрана трохі больш за 108 тысяч, кожны зьбіральнік мусіў сабраць у сярэднім па 735 подпісаў. Калі ж «рэкардсмэны» зьбіралі па 500 подпісаў, як Штода сказаў Свабодзе, а астатнія яшчэ менш, дык лічбы ня сходзяцца.
Сяргей Штода прызнаўся Свабодзе, што подпісы за Натальлю Кісель зьбіралі ня толькі сябры ініцыятыўнай групы (у інтэрвію «Нашай Ніве» ён сказаў пра 2500 чалавек), але ён ня лічыць, што гэта можа стаць нагодай для таго, каб зьняць Кісель з удзелу ў выбарах. Максымум ёй вынесуць папярэджаньне, перакананы кіраўнік ініцыятыўнай групы.
Таксама ён дадаў Свабодзе, што каманда Натальлі Кісель працягвае працаваць у ранейшым рэжыме. У працэсе збору подпісаў не паступіла ніводнай скаргі, падкрэсьліў Штода.
У яшчэ адной размове з журналістам «Нашай нівы» Сяргей Штода нецэнзурна аблаяў суразмоўцу, запатрабаваў, каб ён зьмяніў публікацыю.
Такім чынам, Натальля Кісель стала пятым прэтэндэнтам, які абвесьціў пра збор мінімальнай колькасьці подпісаў.
Раней пра ўзяты бар’ер заявілі Аляксандар Лукашэнка (больш за 1 мільён), Ганна Канапацкая (100 тысяч), Віктар Бабарыка (285 тысяч), Валер Цапкала (120 тысяч).
Збор подпісаў у падтрымку вылучэньня кандыдатаў працягнецца да 19 чэрвеня, потым Цэнтарвыбаркам будзе іх пералічваць і спраўджваць.