Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ініцыятыўнай групе прэтэндэнткі Кісель паабяцалі 1 эўра за сабраны подпіс. Ці законна гэта?


Менская прадпрымальніца Натальля Кісель сабралася ў прэзыдэнты
Менская прадпрымальніца Натальля Кісель сабралася ў прэзыдэнты

Каманда прэтэндэнткі ў кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах Натальлі Кісель прапануе валянтэрам 1 эўра за кожны сабраны подпіс.

Як сказаў Свабодзе старшыня каардынацыйнай рады асацыяцыі грузаперавозчыкаў «Рэгіён 8» Сяргей Штода, які каардынуе ў Менскім раёне дзейнасьць ініцыятыўнай групы дзеля вылучэньня кандыдатам на прэзыдэнта Натальлі Кісель, у Цэнтравыбаркаме ў курсе такой ініцыятывы.

Па яго словах, няма нічога супрацьпраўнага ў тым, каб валянтэр заключыў пагадненьне з ініцыятыўнай групай на падставе дамовы падраду на выкананьне пэўнага пераліку працаў. Актыўны зборшчык за месяц падпісной кампаніі можа зарабіць некалькі сотняў эўра.

Паводле Штоды, на 25 траўня за вылучэньне Натальлі Кісель кандыдаткай у прэзыдэнты падпісаліся блізу 30 тысяч чалавек.

Гэта законна? Камэнтар юрыста

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч на просьбу Свабоды пацьвердзіў, што плаціць за збор подпісаў законна. Адрозна ад парлямэнцкіх выбараў, кажа ён, прэзыдэнцкая кампанія прадугледжвае стварэньне адмысловага фонду на падставе рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Гэтая дзейнасьць рэгулюецца пастановай Цэнтравыбаркаму.

Адзінае, што па выніках кампаніі атрыманае ўзнагароджаньне давядзецца задэкляраваць як даход і сплаціць 13% падаходнага падатку.

Паводле праваабаронцы, гэта нармальная практыка, бо любы прэтэндэнт — хоць у дэпутаты, хоць на найвышэйшую дзяржаўную пасаду — так ці інакш намагаецца стымуляваць сваю кампанію.

Парлямэнцкая кампанія ў гэтым сэнсе суправаджаецца абмежаваньнямі, пры якіх кандыдаты вымушаныя з уласнай кішэні плаціць за інфармацыйныя матэрыялы, наглядную агітацыю і г.д. І тое, што на ўсіх іншых выбарах, акрамя прэзыдэнцкіх, не дазволена ствараць фонд для аплаты бягучых выдаткаў, патрабуе кардынальнага перагляду, мяркуе Стэфановіч.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG