Міністар здароўя Літвы Аўрэліюс Вярыга ў інтэрвію Ziniu radijas 11 чэрвеня заявіў, што краіне цяпер было б «вельмі рызыкоўна» адкрываць межы зь Беларусьсю, Расеяй і некалькімі іншымі краінамі, якія «гуляюць у небясьпечную гульню».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
На думку літоўскага міністра, некаторыя краіны прытрымліваюцца стратэгіі, накіраванай на тое, каб новым каранавірусам заразілася як мага большая частка папуляцыі, каб хутчэй сфармаваць калектыўны імунітэт.
Аўрэліюс Вярыга дадаў, што Эўразьвяз хоча выпрацаваць адзіную стратэгію ў адкрыцьці межаў зь іншымі краінамі, але спачатку варта сканцэнтравацца на аднаўленьні паездак і адкрыцьці межаў у шэнгенскай зоне.
«Зь любымі такімі краінамі, як Беларусь, дзе хваробу адмаўляюць і дзе гучыць вельмі дзіўная рыторыка, я думаю, вельмі небясьпечна сьпяшацца адкрываць межы», — дадаў літоўскі міністар.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.