39-гадовы вазочнік Сяргей Кулак памёр у менскай лякарні, дзе, як мяркуюць сваякі, ён заразіўся каранавірусам. У яго засталіся бацькі, жонка і дзьве дачкі паўтара і пяці гадоў.
У даведцы аб сьмерці гаворыцца, што прычынай сьмерці стаў расьсеяны склероз і COVID-19 як суправаджальная хвароба. Сяргея пахавалі 9 чэрвеня ў закрытай дамавіне.
«Нэўралягічныя хворыя апынуліся ўбаку»
Жонка Алена расказала, што Сяргея забрала хуткая 10 траўня.
«Сказалі, што ў Сяргея высокі цукар. Празь некалькі дзён мне паведамілі, што ў яго пацьверджаны каранавірус і каб мы зь дзецьмі сядзелі на ізаляцыі. Потым у нас узялі мазкі. У дваццатых чыслах прыйшлі вынікі, у нас былі адмоўныя. Мы і дагэтуль сядзелі на ізаляцыі, ні з кім не кантактавалі, дзяцей не вадзілі ў садок. Атрымліваецца, ён паехаў здаровым. Магчыма, у хуткай падхапіў».
Паводле Алены, Сяргею трэба было раней лекавацца ў лякарні па асноўным захворваньні, але дактары папярэджвалі, што ў лякарні ён адразу можа стаць кантактным. Таму Сяргей спрабаваў лекавацца дома. Калі апошні раз ён езьдзіў на мэдычную камісію, яму зрабілі заключэньне, што ў яго рэмісія, лекаваньне яму дапамагае. Аднак узьнікла пытаньне з падвышаным цукрам.
Алена штомесяц забірала ў 5-й бальніцы інтэрфэрон для Сяргея.
«Апошні раз далі тры пакункі прэпарату, у бальніцу не зайсьці, там шмат „брудных“ (для пацыентаў з COVID-19. — РС) аддзяленьняў, мэдсястра выходзіла і мне выдавала. У нас такая сытуацыя, што ўсе бальніцы забітыя, і ты баісься туды ехаць. А так, як звычайна, ён паляжаў бы ў лякарні, прыняў кропельніцы, і ўсё было б добра. Атрымалася, што нэўралягічныя хворыя, якім патрэбная дапамога, апынуліся крыху ўбаку. Я думаю, што такіх хворых многа».
Апошнімі днямі Алена размаўляла зь Сяргеем праз тэлефон.
«Спачатку яго паклалі ў лякарні ў „чыстае“ аддзяленьне. Потым перавялі ўжо ў „бруднае“, бо тэст на каранавірус быў станоўчы. Яму было то горш, то лепш, то праблема з ныркамі, доўга трымалася тэмпэратура ад двухбаковай пнэўманіі. Потым тры дні тэмпэратура спала, і ўсё».
Гэтае відэа Сяргей Кулак зьняў 8 красавіка пра тое, як спрабаваў легчы ў шпіталь
«Яшчэ гадоў 20 ён разьлічваў пражыць»
Першая намесьніца старшыні беларускага ПЭН-цэнтру і блізкая знаёмая Сяргея Тацяна Нядбай дапамагала яму трапіць у экспэрымэнтальныя праграмы лекаваньня расьсеянага склерозу.
«Галоўнымі яго аргумэнтамі, каб трапіць у гэтыя праграмы, было тое, што ён індывідуальны прадпрымальнік, што ён не складае рук, намагаецца зарабляць на сябе, утрымлівае сям’ю, хоча выгадаваць дзетак, хоча працаваць. Ён працаваў шмат, узяўшы крэдыт, каб забясьпечыць жытло сям’і. Я думаю, што яшчэ гадоў 20 ён разьлічваў пражыць. Але праз сытуацыю з эпідэміяй ён ня мог скарыстацца нармальным лекаваньнем, дапамогай лекараў».
Паводле Тацяны, калі Сяргея забірала хуткая, то мэдычныя работнікі былі бяз масак і іншых сродкаў засьцярогі.
«Нельга сказаць нешта дакладна, але мяркуем, што ён заразіўся каранавірусам альбо ў хуткай, альбо ў рэанімацыі. То бок забралі яго „з цукрам“, а пасьля пацьвердзілі каранавірус. Я думаю, гэта „зручная“ сытуацыя для ўсёй сыстэмы, калі паміраюць людзі зь іншымі хваробамі. Маўляў, ад каранавірусу ў нас не паміраюць. І ў гэты пэрыяд пандэміі лепш не хварэць на іншыя хваробы, бо калі трапляеш у шпіталь, то, як у выпадку зь Сяргеем, гэта прысуд».
Тацяна Нядбай арганізавала збор сродкаў для сям’і Сяргея. Дапамагчы можна, пералічыўшы грошы на плятформе «Моламола».
Паводле Тацяны, Сяргей па-валянтэрску дапамагаў грамадзкім арганізацыям і ініцыятывам, а сёньня ў дапамозе мае патрэбу яго сям’я, каб хоць некалькі месяцаў пратрымацца і сплянаваць жыцьцё нанава.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ