Актывісты італьянскага камітэту за праўду і справядлівасьць 10 чэрвеня падалі скаргу ў гарадзкую пракуратуру Бэргама. Яны патрабуюць расьсьледаваньня, хто адказны за вялікую колькасьць сьмерцяў ад каранавіруснай хваробы ў Лямбардыі, адным з самых багатых і найбольш пацярпелых ад COVID-19 рэгіёнаў Італіі.
Ужо паступіла 50 скаргаў ад членаў сям'і ахвяраў каранавірусу, распавёў Радыё Свабода сузаснавальнік камітэту Стэфана Фуска, у якога ад каранавірусу памёр дзед.
У бліжэйшы час актывісты маюць намер падрыхтаваць і накіраваць у пракуратуру яшчэ 150 скаргаў ад іншых жыхароў Лямбардыі.
Калі вінаватыя будуць вызначаныя, члены Камітэту разглядаюць пытаньне аб падачы грамадзянскага пазову, а сваякі ахвяраў ня маюць намеру патрабаваць ад ураду кампэнсацыі. «Мы проста хочам правасудзьдзя для нашых памерлых», – сказаў Фуска.
Камітэт праўды і справядлівасьці заснавалі жыхар Бэргама Стэфана Фуска і ягоны бацька Лука Фуска. Яны стварылі ў Facebook групу, якая ўжо налічвае больш за 50 000 удзельнікаў.
Ідэя патрабаваць справядлівасьці за жыцьцё, страчанае праз каранавірус, распаўсюдзілася на некалькі эўрапейскіх краінаў.
Напрыклад, у Вялікабрытаніі члены ініцыятывы «Семʼі, пацярпелая ад COVID-19, за справядлівасьць» рыхтуюць судовы працэс і патрабуюць неадкладнага грамадзкага расьсьледаваньня дзеяньняў адказных службовых асобаў на пачатку пандэміі.
Падобныя гісторыі таксама сустракаюцца ў Францыі, Аўстрыі, Гішпаніі.
Колькасьць людзей, заражаных каранавірусам у сьвеце, перавысіла сем мільёнаў, памерла больш за 411 тысяч чалавек.