Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за таго, што мы пачалі крыху прыпадымаць галовы, нас пачалі душыць, — Сяргей Штода


Сяргей Штода
Сяргей Штода

У Беларусі заснаваны аргкамітэт па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі саюз грузаперавозчыкаў „8-мы рэгіён“». Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў яго старшыня Сяргей Штода.

«Восьмы рэгіён — гэта той рэгіён, якога не было ў Беларусі. Цяпер будзе», — сказаў Сяргей Штода наконт назвы стваранай арганізацыі.

Мэта будучага грамадзкага аб’яднаньня будзе «палягаць у розных праграмах: у першую чаргу па вырашэньні праблемы са „штрафамі BelToll“. А таксама ў праграмах, накіраваных на барацьбу са свавольствам і беззаконьнем, карупцыяй і бюракратыяй, дапамогай калегам зь іншых краін», — паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Сяргей Штода.

«Разам лягчэй вырашыць праблемы, чым па адным. Нас улады душылі па адным: сёньня ў некага рахунак заблякавалі, заўтра ў некага маёмасьць апішуць, пасьлязаўтра ў некага машыну арыштуюць. А разам нам будзе прасьцей і лягчэй дапамагчы кожнаму юрыдычна, парадай ці грашыма. Ёсьць людзі, якія сядзяць у глыбінцы і думаюць, што ніхто гэтым не займаецца. І калі я ім цяпер тэлефаную, яны дзякуюць і пытаюцца, чым дапамагчы. Да нас далучыліся ўжо каля 370 чалавек. А ўсяго ў нас тры тысячы перавозчыкаў, будзем усіх абзвоньваць. У нас ужо ёсьць юрыдычны адрас, будзем ствараць грамадзкае аб’яднаньне, рыхтуем адпаведныя дакумэнты. Будзем змагацца», — сказаў карэспандэнту Свабоды Сяргей Штода.

Ён адзначыў, што ўлады працягваюць ціск на грузаперавозчыкаў, якія пацярпелі за нібыта парушэньні правілаў перавозак грузаў у рамках сыстэмы BelToll.

«Літаральна сёньня мне патэлефанаваў мой калега і сказаў, што да яго прыйшлі судовыя выканаўцы апісваць маёмасьць. У мяне заблякавалі рахунак. З-за таго, што мы пачалі крыху выпаўзаць і прыпадымаць галовы, яны пачалі нас душыць».

Сяргей Штода адзначыў, што мэта самаарганізацыі грузаперавозчыкаў — барацьба за свае правы і ўзаемная падтрымка.

«Да прыкладу, едзеш па трасе М1, там стаіць грузаперавозчык, у яго кола адарвала. Вось куды яму тэлефанаваць, куды зьвяртацца? А мы створым кругласуткавую „гарачую лінію“. У нас ёсьць СТА для грузавых машын, пад’едзем, дапаможам. Дамо кіроўцу начлег, калі трэба. Бо вось быў з Украіны перавозчык у Слуцку, два тыдні сядзеў на запраўцы, яму ўсім горадам зьбіралі грошы на салярку, каб ён змог вярнуцца дадому. Куды гэта варта? Калі няма справы да гэтага арганізацыям, якія кантралюе дзяржава, мы створым паралельную. Мы ні ад кога нічога ня просім, мы фінансава незалежныя і ні ў чым ня маем патрэбы. Мы самі створым сваю каманду, якая будзе займацца абсалютна ўсім. У нас ёсьць свае юрысты, будзем працаваць. Калі на некага нападаюць транспартнікі, выграбаюць усё з кішэняў — цяпер мы будзем наводзіць парадак. Створым свой сайт і будзем там усё выстаўляць. Будзем відэакамэры ўсталёўваць, усё будзем фіксаваць, будзем змагацца з карупцыяй. І ў Аўстрыю паедзем, будзем разьбірацца», — адзначыў Сяргей Штода.

12 сакавіка аргкамітэт правядзе пленарнае пасяджэньне, 16 сакавіка — сустрэчу з прадстаўнікамі кампаніі BelToll, а 21 сакавіка грузаперазвозчыкі плянуюць правесьці вялікі сход для далейшай каардынацыі намаганьняў.

У лютым Сяргей Штода быў пакараны 15-суткавым адміністрацыйным арыштам. Лідэра грузаперавозчыкаў затрымалі ў Менску, калі ён прыйшоў у Дом ураду на заплянаваную сустрэчу зь першым віцэ-прэм’ерам Васілём Мацюшэўскім.Тады бізнэсоўца абвінавацілі ў дробным хуліганстве — «нецэнзурнай лаянцы». Перад гэтым грузаперавозчыкі, якім улады адмовілі ў абяцанай амністыі па штрафах за карыстаньне платнымі дарогамі BelToll, заявілі, што 4 лютага каля Дома ўраду правядуць акцыю пратэсту.

Адбыўшы 15 сутак арышту Сяргей Штода ўступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю.

У 2013 годзе, на этапе рэалізацыі праекту платных дарог, Міністэрства транспарту прапанавала аўстрыйскаму інвэстару пачаць выкарыстоўваць сыстэму BelToll у тэставым рэжыме. Перавозчыкаў абавязалі ўсталяваць бартавыя прыстасаваньні. Але неўзабаве паўстала праблема, як навучыць кіроўцаў граматна імі карыстацца, арганізаваць пункты папаўненьня рахункаў і г.д. У выніку грузаперавозчыкі выходзілі на маршруты, не падазраючы, што нешта парушаюць. Пасьля паўгода экспэрымэнту, пачаўшы атрымліваць вялізныя штрафы, прадпрымальнікі папрасілі профільныя ведамствы амніставаць спагнаньні за тэставы пэрыяд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG