Прынамсі 21 мэдычны супрацоўнік, што быў хворы на COVID-19 ці пнэўманію, памёр за два апошнія месяцы эпідэміі ў Беларусі. Зьвесткі пра ахвяр эпідэміі каранавірусу Свабода зьбірае ў праекце «Сьпіс памяці».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Толькі ў другой палове траўня памерлі шасьцёра мэдыкаў.
Больш за ўсё ахвяр эпідэміі сярод мэдыкаў вядома зь Віцебску (трое), Менску (трое) і Барысава (таксама трое). Прычым у Барысаве ўсе трое мэдыкаў працавалі ў адной установе — цэнтральным раённым шпіталі.
Сярод 21 мэдыка, пра сьмерць каго нам вядома цяпер, 17 мелі пацьверджаны тэст на каранавірус (у астатніх — двухбаковая пнэўманія і падазрэньне на каранавірус. — РС). Але не ўва ўсіх гэтых людзей у пасьведчаньні аб сьмерці было запісана пра каранавірус. Хоць Сусьветная арганізацыя здароўя тлумачыла выданьню Onliner, што да ахвяр COVID-19 варта адносіць усіх людзей, якія мелі пацьверджаны COVID-19, нават калі ў іх была дыягнаставаная нейкая хранічная хвароба.
Міністэрства аховы здароўя тым часам не распаўсюджвае інфармацыю пра мэдыкаў, якія памерлі ад каранавірусу. Яно спасылаецца на біяэтыку і лекарскую таямніцу.
Па афіцыйных зьвестках, у Беларусі за ўвесь час ад каранавірусу памерлі 259 чалавек. Гэта значыць, што мэдыкі складаюць амаль 10% ад усіх ахвяр эпідэміі. Свабода зьвяртала на гэта ўвагу.
На думку аналітыка Юрыя Дракахруста, гэта можа тлумачыцца асаблівасьцю статыстыкі Міністэрства аховы здароўя. З праведзенага Юрыем Друкахрустам дасьледаваньня вынікае, што Беларусь трапіла ў лік нешматлікіх краінаў сьвету, дзе ўзровень лятальнасьці зьмяншаецца, а не павялічваецца.
«Такое дзіва мае месца наагул у нямногіх краінах, — пісаў Юры Дракахруст. — Гаворка ідзе нават пра ўсясьветную анамалію, ня кажучы ўжо — пра эўрапейскую».
Свабода працягвае сачыць за сытуацыяй з каранавірусам у Беларусі. Калі вам вядома пра іншыя сьмерці мэдыкаў, напішыце нам у Telegram.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ