Прадпрымальнік, этнакультуроляг Алесь Вячорка паведаміў у сацсетках пра сьмерць ад каранавірусу старэйшага брата Мікалая, якому было 55 гадоў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Яшчэ напярэдадні ён прасіў маліцца за блізкага чалавека і спадзявацца на цуд Сьвятой Тройцы.
«Старэйшы брат Мікалай на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, — пісаў ён. — Калісьці, у 1986 годзе ён як спэцыяліст-хімік, дэмабілізаваўшыся з хімічных войскаў, амаль 6 месяцаў браў удзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. І хто ведае, можа, ягоны ўнёсак у той час выратаваў жыцьцё хоць камусьці. Радыяцыю ён неяк перамог, а вось гэты пракляты вірус не атрымалася...»
Паводле спадара Алеся, у брата нядаўна нарадзілася ўнучка, але ён яе пабачыў толькі аднойчы. Нават не атрымалася пацешыцца ў статусе дзеда.
«Дзякуй усім за падтрымку, за малітвы, разам было лягчэй у гэтыя дні трывожнага чаканьня», — напісаў Алесь Вячорка.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ