Пастаноўшчык першага ў Беларусі спэктакля паводле кнігі нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд» магілёўскі актор і рэжысэр Уладзімер Пятровіч два месяцы жыве ў самаізаляцыі. Ён адзін з аўтараў пэтыцыі з патрабаваньнем увесьці ў тэатрах у сувязі з пандэміяй каранавірусу рэжым карантыну на 2 тыдні з далейшай магчымасьцю перагляду тэрмінаў.
Ад 29 траўня Магілёўскі драматычны тэатар аднавіў рэпэтыцыі, а 10 чэрвеня пачне паказваць спэктаклі.
Уладзімер Пятровіч апавядае Свабодзе, як яму бачыцца жыцьцё тэатру пасьля карантыну, чым было адметнае ягонае адасабленьне ад будзённасьці і як паўплывае пандэмія на тэатральнае мастацтва ды паводзіны людзей.
Пра Ўладзімера Пятровіча сьцісла
- Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Акадэмія мастацтваў) па спэцыяльнасьцях «Актор драмы і кіно» (1980) і «Рэжысэр драматычнага тэатру» (2003).
- Працуе ў Магілёўскім тэатры 38 гадоў. Паставіў 20 разнаплянавых спэктакляў.
- Жанаты. Дачка — актрыса ў Менскім тэатры беларускай драматургіі.
«Самаізаляцыя дазволіла паставіць на паўзу творчае жыцьцё»
— Уладзімер Аляксеевіч, як далася актору самаізаляцыя?
— 1 красавіка, неўзабаве пасьля зьяўленьня нашай акторскай пэтыцыі, у магілёўскім тэатры абвясьцілі карантын. З гэтага дня і пачалася мая і жончына самаізаляцыя. Выходзіць, амаль два месяцы ў ёй. На яе пайшлі сьвядома, разумеючы, што небясьпека быць заражаным і заразіць блізкіх людзей каранавірусам даволі высокая. Асабліва з улікам таго, што ўлады працяглы час нічога не рабілі.
Самаізаляцыя дазволіла паставіць на паўзу маё даволі насычанае творчае жыцьцё. Азірнуцца назад, над нечым падумаць, нешта асэнсаваць. Дэпрэсіі не было, але часам прыціскала невядомасьць бліжэйшай будучыні. Непакоіла пытаньне, ці зможам мы (тэатар, акторы) у яе ўпісацца. Ці спатрэбімся мы гэтай будучыні?
Калі ўзьнікала жаданьне самавыразіцца, то ўспамінаў, запісваў і выкладваў у інтэрнэт улюбёныя з студэнцкіх часоў вершы. Вядома ж, не хапала жывых кантактаў з калегамі, родзічамі, але дзякуючы інтэрнэту і вольнаму часу гаварыў з кім і колькі заўгодна. Вядома ж, тэлефанаваў родным і дзяліўся зь імі ўражаньнямі і перажываньнямі. А яшчэ адгадаваў бараду.
Пакуль я, прызнаюся, ня вызначыўся, чаго мне бракавала яшчэ ў самаізаляцыі? Відаць, работы і сцэны...
«Гляджу наперад з трывогаю...»
— Чым займаліся, адасобіўшыся ад будзённасьці?
— Самаізаляцыя дазволіла зрабіць у кватэры тое, на што раней не хапала часу. Я ўвесь час, можна сказаць, нешта падпраўляю, рамантую, фарбую. Гляджу добрыя, як на мой густ сэрыялы — «Азарк», «Банды Лёндана», «Мэтад Камінскі». Не абмінаў увагай онлайн-спэктаклі «Гогаль-цэнтру», «Свабоднага тэатру» ды ўсясьветныя прэм’еры. Прачытаў Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», аповеды 60-80-х гадоў Сяргея Даўлатава, амэрыканскія і ангельскія раманы і аповесьці ў перакладах братоў Стругацкіх. Не дамучыў пакуль «Лёнданскія палі» Мартына Луіса Эміса.
Яшчэ праглядаю п’есы, вучу ролі да новага спэктакля паводле аповедаў Васілія Шукшына. Не апошняе месца адведзена ровару і прагулкам з сабакамі ў бязьлюдных месцах. Крамы — толькі як зьяўляецца неабходнасьць.
Наагул я б параўнаў самаізаляцыю з паходам дзікуном на прыроду. Зразумела, кватэра — не намёт, горад вакол цябе — ня лес з возерам, але адчуваньні падобныя.
— Уладзімер Аляксеевіч, ці зьявіліся новыя творчыя ідэі ў самаізаляцыі? Можа, высьпела задума паставіць спэктакль пра самаізаляцыю, каранавірус або крызіс, выкліканы ім?
— Такія ідэі зьяўляюцца, але пакуль гляджу наперад з трывогаю. Бліжэйшая будучыня ня тое што палохае, але відавочна напружвае. Вядома ж, зьяўлялася думка паставіць спэктакль паводле любой п’есы, але найлепей клясычнай, з дыстанцыяй 1-1,5 мэтра, і абавязкова з маскамі. Напрыклад, «Рамэо і Джульета». Цікава было б паглядзець, як вырашаліся б у такой сытуацыі сцэны боек, першай сустрэчы галоўных герояў, а таксама сцэны на гаўбцы і ў ложку.
А наагул п’есы пра пандэмію каранавірусу перакананы, што зьявяцца. Гэтая тэма не застанецца без увагі тэатральнага мастацтва.
Будучыня тэатру ва ўмовах пандэміі: паміж забыцьцём і пагрозай заразіцца
— 10 чэрвеня заплянаваны першы спэктакль пасьля працяглага працоўнага адпачынку. Разам з тым, калі сыходзілі на карантын, колькасьць выяўленых выпадкаў каранавірусу фіксавалася на ўзроўні 160 чалавек, а цяпер ажно пад 1000. Сытуацыя пагоршала. Ці маеце вы бачаньне, як будзе працаваць тэатар?
— Вядома ж, пагроза заражэньня нікуды ня зьнікне, пакуль не надыдзе адчувальнае падзеньне колькасьці хворых у краіне. Што да нашай прафэсіі, то яна вымагае блізкага эмацыйнага кантактаваньня між акторамі. У нас ня можа быць і гаворкі пра сацыяльнае дыстанцыяваньне. А такія стасункі павялічваюць пагрозу заразіцца каранавіруснай інфэкцыяй. Акторы жывуць у розных канцах гораду і дабіраюцца грамадзкім транспартам, і дастаткова некаму аднаму заразіцца, як уся трупа з каранавірусам. А калі дапусьціць, што ў людзей зьменшылася адчуваньне бясьпекі, яны стаміліся ад масак, то цяжка нават прадбачыць, што нас можа чакаць.
Акрамя таго, ёсьць небясьпека, што ў тэатар публіка будзе ісьці з насьцярогай. Я не хачу сказаць, што інтарэс у гледача да тэатру астыў. Заўсёднікі тэатральнага мастацтва глядзелі спэктаклі онлайн. Зразумела, тэатар намагаецца жыць і выжываць, знаходзячы іншыя спосабы ўзаемінаў з гледачом, але гэта дыстанцыйныя паказы, і імі ўтрымаць увагу доўга ня ўдасца. Ад нас можа публіка адвыкнуць.
Хацелася б вярнуцца не ў «саўкова-плянавы» тэатар, а ў тэатар творчага пошуку, тэатар, які востра адчувае сучаснасьць.
Гледача таксама можна зразумець: ён ня хоча стаць ахвярай каранавірусу.
«Баюся нязьменнасьці сытуацыі і згубленых яшчэ пяці гадоў»
— Што вы страцілі і прыдбалі за час карантыну?
— Пра матэрыяльныя страты не магу нічога пэўнага сказаць. Мы атрымалі адпускных 733 рублі — гэта паўтары стаўкі (цэлая акторская і палова рэжысэрскай). Гэта тая сума, якую дзяржава палічыла нам патрэбным выдзеліць. Што будзе далей — нават уявіць не магу. Час пакажа. У творчым пляне мы хутчэй назапасілі энэргіі, справа толькі за малым — куды яе аддаваць.
— Што засьведчыла пандэмія ў стасунках дзяржавы і грамадзяніна?
— Такія катаклізмы — лякмусавая паперка. Яны ўсё робяць больш «пукатым» і відавочным. Скрушна і вусьцішна, але з катастрофы на Чарнобыльскай АЭС нічога ў тых, хто пры ўладзе, у адносінах да людзей не зьмянілася. Для іх мы засталіся расходным матэрыялам. Змарнаваны час, згубленыя магчымасьці, выкінутыя ў паветра грошы. І за ўсё расплачваецца народ. І яшчэ больш жахліва, што сваімі жыцьцямі.
Нехта заўжды разглядаў трагічныя падзеі цьвяроза, а ў некага вочы расплюшчваюцца толькі цяпер. Але ці дастаткова такіх людзей і ці надоўга расплюшчыліся ў іх вочы — гэта пытаньне.
Сьвет, безумоўна, зьменіцца пасьля пандэміі каранавірусу, але я б ня браўся прагназаваць, які ён будзе.
Асабіста я баюся нязьменнасьці сытуацыі і згубленых яшчэ пяці гадоў.