Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Па сутнасьці, ідзе нябачная вайна». Як актор Аляксандар Ждановіч (Маляваныч) перажыў каранавірус


Аляксандар Ждановіч на лецішчы
Аляксандар Ждановіч на лецішчы

Актор менскага драматычнага тэатру імя Горкага Аляксандар Ждановіч, той самы Маляваныч з «Калыханкі», перахварэў на COVID-19. Сёньня ўпершыню пасьля шпіталя і ізаляцыі выехаў на лецішча, каб пакасіць, спраўдзіць, як квітнее сад і як узышла цыбуля.

У размове з карэспандэнтам Свабоды Аляксандар Ждановіч расказаў пра свой «суб’ектыўны вопыт» ад перажытай інфэкцыі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Усе пайшлі на стадыён»

Аляксандар дзякуе за малітвы і падтрымку мноству людзей. Тэлефанавалі і манастырскія сябры (Аляксандар — прыхаджанін Сьвята-Елісавецінскага манастыра), і тэатральныя, і бацькі дзяцей з псыханэўралягічнага інтэрнату і тэатральнай студыі пры манастыры, зь якімі ён працуе ў тэатры «Радасьць», і знаёмыя па «Калыханцы».

Аляксандар Ждановіч перад выпіскай з лякарні
Аляксандар Ждановіч перад выпіскай з лякарні

«Гэта таксама падтрымлівала, хоць іншы раз стамляла і даводзілася адключаць тэлефон. Калі мне пісалі: „Аляксандар, як справы?“, я ім адказваў: „Нікога няма, усе пайшлі на стадыён“. Такая паўза — што значыць? Я пісаў, што трэніруемся побач на стадыёне „Дынама“ (3-я бальніца, дзе лекаваўся Аляксандар, стаіць каля стадыёна), стварылі футбольную каманду „Вірус“, праўда, крыху не шанцуе, трацім прытомнасьць, чапляемся кропельніцамі. Ну, нічога, людзі ўсьміхаліся. Хаця ня ўсе падтрымлівалі гэты гумар, бо ў некага цяжка працякае хвароба, у некага нават зусім сумна. Але ня варта складваць лапкі. Стан духа вельмі важны. Рабі што патрэбна, і няхай будзе што будзе. Ня трэба адчайвацца».

Аляксандру Ждановічу 55 гадоў. Жартуе, што пасьля перажытай хваробы можа пісаць дысэртацыю пра мэдыцыну і вірус, бо шмат чаго перачытаў на гэтую тэму. Дрэнна ён сябе адчуў 25 красавіка, была тэмпэратура, ламата.

«Калі зьнік нюх, я зразумеў, што гэта яно, хоць нікому не трызвоніў, сядзеў дома. Мы якраз у тэатры на „аддаленцы“. Дарэчы, наш тэатар адзін зь першых перайшоў у такі рэжым, бо гледачы не хадзілі. А цяперашні спэктакль мы рэпэтуем онлайн.

6 траўня я нарэшце дамогся, каб мне зрабілі платна кампутарную тамаграфію, гэта каштавала 50 рублёў. Мне пашанцавала, бо я чакаў тыдзень, хоць чарга можа цягнуцца месяц і больш. Магчыма, якраз КТ адыграла станоўчую ролю, бо па сваім стане я разумеў, што хварэю. Тэмпэратуры не было, але кашаль і слабасьць. Я піў антыбіётыкі, што таксама вялікае пытаньне.

Знайшлі двухбаковую пнэўманію, двухсантымэтровую, ужо сярэдняй стадыі. А рэальную мэдычную дапамогу можна атрымаць, толькі альбо калі даказаная пнэўманія не на пачатковай стадыі, альбо абцяжаранае дыханьне, альбо высокая тэмпэратура, якая трымаецца некалькі дзён. Дык вось у мяне знайшлі пнэўманію, хоць ёсьць тэорыя, што насамрэч гэта не пнэўманія, а віруснае заражэньне».

«Памерала сатурацыю і сказала: „Красаўчык“»

Аляксандар кажа, што шпіталізавалі яго пасьля тэлефанаваньняў на хуткую, увечары 6 траўня.

«Я датэлефанаваўся не адразу. Яны папрасілі зачытаць выснову КТ. Там яшчэ такая характарыстыка ёсьць так званых пнэўманій „па тыпу матавага шкла“. Для іх гэта такі сыгнал. Яны ўзялі мой тэлефон, потым ператэлефанавалі і сказалі рыхтавацца да шпіталізацыі. Прыехала дзяўчынка Паліна, памерала мне сатурацыю (насычанасьць крыві кіслародам) і сказала: „Красаўчык“. У мяне было 96–98, практычна як у здаровага чалавека. Як мне хварэць не хацелася, то я раней пачаў рабіць практыкаваньні на дыханьне, ажно да галавакружэньня, каб разьмяць лёгкія».

Тэст на каранавірус быў станоўчы. Лекавалі процімалярыйным сродкам, які выклікае пабочныя наступствы. Пацыенты мусяць падпісваць згоду на такое лекаваньне.

«Сэрца цісьне», — кажа цяпер Аляксандар.

Выпісалі яго зь лякарні 20 траўня, бо паўторны тэст аказаўся адмоўны, а КТ паказала, што запаленчыя працэсы ў стадыі рассмоктваньня. Прынялі рашэньне выпісаць дадому.

«Хоць бальшыню тых, хто ляжаў са мной у аддзяленьні, пераводзілі на далечваньне. Хто цяжэйшы — у Аксакаўшчыну, у 11-ю бальніцу ці ў бараўлянскую бальніцу для вэтэранаў. Дзякуй богу, што дома, бо дома і сьцены лекуюць, далечваемся, на сем дзён падпісаўся на самаізаляцыю. Я прасіў, каб у мяне ўзялі аналіз на антыцелы, каб я з часам мог здаць плязму. Але мне адказалі, што такой неабходнасьці няма. Я думаю, што пару тыдняў яшчэ трэба меней дрыгацца, бо кашаль яшчэ захоўваецца і з сэрцам праблемы».

«Гэтыя дзяўчаты яшчэ глядзелі „Калыханку“»

Аляксандар Ждановіч кажа, што цяпер трэба «ўсяляк падтрымліваць лекараў». Ён маліўся за іх у лякарні і цяпер, за Паліну, Ганну, Алену, Ларысу, Ірыну...

«Пра падтрымку мала пішуць і мала грамадзкай ініцыятывы. Я яшчэ крышку папраўлюся і знайду магчымасьць, каб хоць неяк дапамагчы. Калі бачыш усё ў рэальнасьці, калі па сутнасьці ідзе нябачная вайна, менавіта пра гэтых маладых дзяўчат на перадавой з удзячнасьцю хочацца гаварыць. Пазнавалі мяне, дарэчы, што было прыемна, гэтыя дзяўчаты яшчэ глядзелі «Калыханку».

Цяпер Аляксандар вяртаецца да звычайнага жыцьця. А што з тэатрам «Радасьць»?

«У мяне шмат вольнага часу, трэба прыйсьці ў сябе. А псыханэўралягічны інтэрнат, зь якога дзеці займаюцца ў тэатры, зачынены на жорсткі карантын, і калі гэта скончыцца, невядома. Толькі праз мэдсёстраў перадаём прывітаньні дзецям. Невядома, як будзе далей. Ці вернецца жаданьне ў народу адразу вярнуцца ў тэатральную залю нашага тэатру імя Горкага. Пакуль некаторыя старыя спэктаклі ідуць онлайн».

Аляксандар не наведвае пакуль і Сьвята-Елісавецінскі манастыр, хоць там ужо зьнялі карантын, уведзены з прычыны каранавірусу, на які захварэлі шмат манахінь і клірыкаў.

Цяперашнюю афіцыйную статыстыку па эпідэміі COVID-19 Аляксандар называе «мякка кажучы, усярэдненай».

«Але я ня ўбачыў, што мэдычная сыстэма задыхаецца, хоць да маёй шпіталізацыі мне здавалася, што там поўны аўрал».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG