Пакункі даляраў, знойдзеныя нібыта ў канапе на лецішчы, катэджы і дарагія аўтамабілі, турэцкі бізнэсовец пра аплату адпачынкаў прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкае крэсла: як на БТ дыскрэдытуюць апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«На ўсе хваляваньні, што ўзьніклі ў грамадзтве, быў дадзены дакладны і адназначны адказ Лукашэнкі: краіну на рабаваньне ніхто не аддасьць», — кажа вядоўца вечаровай «Панарамы» Сяргей Лубоўскі і перадае слова палітычнаму аглядальніку Сяргею Крывашэеву.
«Адзін у Беларусі заяўляе: парвем з Расеяй і ўсе саюзы. А праз пару дзён масквічам абяцае ледзьве не рубель расейскі ў нас увесьці. Палітычная шызафрэнія, выходзіць.
У выніку пратэставая карцінка, віртуальная мішура ёсьць. А самога пратэсту днём з агнём не знайсьці. Хіба што на базары. І нават ня тысяча — сотня. З вышыні і не разгледзець», — кажа Крывашэеў.
Развагі палітаглядальніка перасыпаюцца цытатамі Лукашэнкі. Да прыкладу, «пра адмарожаную так званую радыкальную апазыцыю».
«Калі пратэставага руху няма, яго можна культываваць і прыдумаць», — кажа Крывашэеў. Далей ідуць вырваныя з кантэксту фразы з дыялёгу Сяргея Ціханоўскага і бабулі Галіны Філіпаўны, што прыйшла на плошчу ў Горадні.
БТ знайшло «кампрамат» на бабулю, якая аказалася кандыдатам навук: трохпакаёвую кватэру, катэдж у 350 квадратных мэтраў, мікрааўтобус і «дзьве недабудаваныя фазэнды» дзяцей.
Словаў аўтар сюжэту не выбірае: «кінуць усіх», «лахатрон», «браткі», «ліхія 1990-я». Далей ён пераходзіць да Ціханоўскага:
«За сваю бязьбедную будучыню блогер стараецца, інакш як патлумачыць „заначку“ ў 900 тысяч даляраў?»
Паказалі і грошы, і сынхрон маці Ціханоўскага — разгубленай жанчыны сталага веку, якія нібыта пацьвярджае, што грошы яе і сына.
Наступны аб’ект крытыкі — «экс-чыноўнік, які ніяк неяк не зьбярэцца з духам сказаць, за што са службы яго «папрасілі» і адкуль нажытае «непасільнай працай». Імя і прозьвішча не называюцца. Ідуць тытры: «Нядобры прэзыдэнт і нядобрая турэцкая гісторыя».
Паводле Крывашэева, дакапаліся да ўсяго «незалежныя блогеры, у прыватнасьці, суб’ектыўна высьветліў Канстанцін Прыдыбайла». Знайшлі і турэцкага бізнэсоўца, які сказаў, што і пераводзіў жывыя грошы, і аплачваў адпачынкі сям’і, і будаваў дом былому кіраўніку ПВТ. І нібыта паказаў дакумэнты.
Словы турка пацьвярджае Аляксандар Лукашэнка — пра прададзены дом, у якім жыве прэтэндэнт на прэзыдэнта: «Нахабнік, чысты, белы і пухнаты», — кажа Лукашэнка.
«Ня трэба лічыць нашых людзей за балванчыкаў. Дамы мы бачым, у казкі пра добрых прыватызатараў ня верым. А пытаньняў да прэтэндэнтаў мноства. Да банкіра, напрыклад: дзе грошы?» — плаўна пераходзіць Крывашэеў да крытыкі яшчэ аднаго прэтэндэнта — зноў жа, вуснамі Аляксандра Лукашэнкі: пра інвэстыцыі, МТЗ і абяцанае звальненьне 17,5 тысяч працаўнікоў МТЗ з 18 тысяч, пра што нібыта казаў банкір.
«Я іх пакуль не крытыкую», — падсумоўвае Аляксандар Лукашэнка,
«Сон розуму даверлівых выбарцаў часам нараджае пачвар. Але чым больш сьвятла праліваецца на іх у ходзе адкрытай выбарчай кампаніі, тым менш яны страшныя. Дый выклікі, зь якімі рэальна змагаецца краіна — ад пандэміі эканамічнай да мэдычнай — нашмат важнейшыя, чым усе гэтыя пэрсанажы. Яны прыціхнуць — краіна застанецца», — так завяршае палітычны аглядальнік БТ Андрэй Крывашэеў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.