Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабарыка выказаўся пра затрыманьне Ціханоўскага і саюзную дзяржаву з Расеяй 


Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

Тое, што адбываецца зь відеаблогерам Сяргеем Ціханоўскім, незаконна і правакацыйна, заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка на сустрэчы з чальцамі сваёй ініцыятыўнай групы ў Гомлі.

УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Пра Ціханоўскага: «Гомель нарадзіў змагара»

«Я бачу, што тут фармуецца грамадзянская супольнасьць. Гомель нарадзіў стваральніка валянтэрскай ініцыятывы дапамогі лекарам ByCovid19 Андрэя Стрыжака. І змагара Сяргея Ціханоўскага», — адзначыў ён.

Віктар Бабарыка нагадаў, што нядаўна яго штаб апублікаваў дэклярацыю аб сумленных выбарах і выказаў гатоўнасьць аказваць пацярпелым юрыдычную дапамогу, але з каманды Ціханоўскага пакуль што ніхто не зьвяртаўся. Прысутны на сустрэчы іншы гомельскі блогер Арцём Шапораў адказаў на гэта, што ўся каманда Ціханоўскага арыштаваная.

Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня ў Горадні, дзе праходзіў збор подпісаў за вылучэнне ягонай жонкі Сьвятланы кандыдатам у прэзыдэнты. МУС пачала крымінальную справу па факце гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Праваабаронцы абвясцілі Ціханоўскі палітвязьнем.

Пра саюзную дзяржаву: «20 гадоў „будуюць“ невядома што»

Таксама выказаўся Віктар Бабарыка і пра так званую саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі.

«Яна будуецца 20 гадоў — незразумела, што можна рабіць 20 гадоў? Можа, трэба на гэта па-іншаму паглядзець? Я ўвогуле за глябалізацыю — шчыра і сумленна», — заявіў ён падчас сустрэчы са сваімі гомельскімі прыхільнікамі, удакладніўшы, што да інтэграцыі ставіцца станоўча, калі не закранаецца сувэрэнітэт і калі яна будуецца на ўзаемавыгадных умовах.

«Беларусь пакуль цесна зьвязаная з Расеяй. Я кажу „пакуль“. За 10 гадоў мы відавочна не абыдземся без асноўнага сыравіннага пастаўшчыка і рынку збыту. Але калі навучымся захоўваць электраэнергію, рэзка скароцім спажываньне нафты, газу... Сучасныя тэхналёгіі дазваляюць пазбавіцца ад залежнасьці», — лічыць Віктар Бабарыка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG