У беларускім сэгмэнце інтэрнэту зарэгістравалі 150-тысячны дамэн, піша Hoster.by.
Дзень народзінаў байнэту можна адзначаць у першай дэкадзе траўня: 5 траўня 1994 году дамэн .by быў зарэгістраваны Інтэрнэт-карпарацыяй наданьня імёнаў і адрасоў (ICANN), а 10 траўня дамэн фактычна быў створаны. Літары «бі-ўай» значаць «Беларусь», але гэта скарот трансьлітарацыі расейскага напісаньня Byelorussia. Кірылічны дамэн .бел зьявіўся толькі праз 21 год — 1 кастрычніка 2015 году.
Першыя сайты былі на рэгіянальных адрасах — найпершымі называюць ok.minsk.by і cacedu.minsk.by. У тым жа 1994-м зьявілася беларуская газэта «Компьютерные вести» і прайшла першая IT-выстава TIBO.