Нягледзячы на пэтыцыю выпускнікоў і іх бацькоў, якую падпісалі больш за 9 тысяч чалавек, сёлета экзамэны ў школах не адмянілі. Мінадукацыі рэкамэндуе на пісьмовых экзамэнах рассадзіць дзяцей як мага далей адзін ад аднаго, а на вусных — запускаць па 5 чалавек, пасьля чаго прыбраць і праветрыць.
Свабода даведалася, як прайшлі першыя іспыты.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Ад іспытаў вызваляюцца выпускнікі, якія хварэюць на COVID-19, і кантакты першага ўзроўню
Выпускнікі 11-х клясаў сёлета здаюць 4 экзамэны: пераказ на расейскай альбо беларускай мовах (на выбар) і матэматыку — пісьмова, гісторыю Беларусі і замежную мову — вусна.
Вызваляюцца ад экзамэнаў толькі дзеці, якія захварэлі на каранавірус, і кантакты першага ўзроўню, сказала загадчыца аднаго з раённых аддзелаў адукацыі Менскай вобласьці.
«Напярэдадні іспыту санстанцыя паведамляе нам інфармацыю, хто з выпускнікоў хварэе. У пятніцу а 17-й гадзіне, да прыкладу, стала вядома, што захварэў адзін выпускнік, і ад экзамэну вызвалілі цэлую клясу — 16 чалавек, усе кантакты першага ўзроўню. У аўторак у другой палове дня атрымаем новую інфармацыю, бо ў сераду наступны іспыт», — сказала суразмоўца Свабоды.
1 чэрвеня ў 8.50 па тэлеканале «Беларусь 1» і па Беларускім радыё абвяшчалі нумары пісьмовых заданьняў, якія зьмешчаныя ў зборніках Мінадукацыі.
Заданьні па матэматыцы раздавалі на паперках, а тэсты для пераказу чыталі настаўнікі, сказала Свабодзе загадчыца аддзелу адукацыі.
«У адным памяшканьні дазваляецца пасадзіць да 18 чалавек. Галоўнае — захаваць дыстанцыю паміж партамі. Калі ў клясе больш за 18 чалавек, дзяцей дзеляць на дзьве часткі. Звычайна кабінэты фізыкі і хіміі ў школах даволі вялікія, там здаюць пісьмовыя іспыты. У некаторых школах выкарыстоўваюць холы перад актавай заляй», — сказала чыноўніца.
Чальцы камісіі сядзяць за сталом у масках, настаўнік, які чытае тэкст, маску можа зьняць, потым зноў надзець. Дзецям рэкамэндавана таксама прыходзіць у масках. Да таго ж сёлета для выпускнікоў ёсьць адна перавага, адзначыла чыноўніца.
«Раней тэкст, які трэба пісьмова пераказаць, чыталі два разы, сёлета дазволена прачытаць тры разы, бо ў апошняй чвэрці мала дзяцей хадзіла ў школу. Калі клясы вялікія, іх дзеляць на дзьве часткі: адным чытае свой настаўнік, які выкладае ў клясе і якога дзеці ведаюць, а другім — іншы настаўнік, які ня вёў прадмет у гэтай клясе», — кажа суразмоўца Свабоды.
«Дазвалялася выйсьці з клясы, падыхаць паветрам, бо вытрымаць 4 гадзіны ў масцы даволі цяжка»
Выпускніца адной са слуцкіх школ Кацярына сёньня пісала пераказ па беларускай мове.
«Дырэктар і настаўнікі былі ў масках. А вось вучні ня ўсе былі ў масках. Мы сядзелі даволі далёка адзін ад аднаго. Часу на напісаньне пераказу было дастаткова — больш за 4 гадзіны (з 9-й да 13.40). Дазвалялася выйсьці з клясы, падыхаць паветрам, прайсьціся па калідоры, зьмяніць маску, бо вытрымаць 4 гадзіны ў масцы даволі цяжка», — падзялілася ўражаньнямі Кацярына.
Гісторыю Беларусі здаюць па-расейску
Выпускнік адной зь лідзкіх школ Максім 1 чэрвеня здаваў вусны іспыт па гісторыі Беларусі. Дарэчы, у бальшыні школ і гімназій гісторыю Беларусі выкладаюць і здаюць на расейскай мове. Да таго ж, прадмет выкладаўся толькі ў трэцяй і чацьвертай чвэрці 11-й клясы.
«У школу пускалі толькі ў масках. Неабходна было мець антысэптык. Кожны прыходзіў у прызначаны час. Паміж вучнямі быў перапынак 10 хвілін. За партамі сядзелі па адным. Але настаўнікі сядзелі побач, вельмі блізка адзін да аднаго», — кажа Максім.
Кацярына са Слуцку таксама будзе здаваць гісторыю Беларусі па-расейску. У яе іспыт па гісторыі 8 чэрвеня.
І дзеці, і настаўнікі вельмі крытычна ставяцца да іспыту па пераказе
На іспыце па беларускай мове сёньня былі прапанаваныя тэксты «Стракаты дзяцел» (паводле Я.Зазекі) і «Букет нявесты» (К.Хадасевіч) — для базавага ўзроўню. А для павышанага ўзроўню — «Букет бэзу» (паводле Б.Сачанкі) і «Сустрэча з клясыкамі» (паводле Э.Луканскага).
На іспыце па расейскай мове выпускнікі пісалі пераказ тэкстаў «Навальніца ў лесе» (паводле Г.Траяпольскага) і «Стары сад» (па Тургеневу) — для базавага ўзроўню. Для паглыбленага — тэксты «Патрабавальнасьць» (публіцысткі Т.Тэс) і «Аблічча Чэхава» (па Купрыну).
У школе, дзе вучыцца Кацярына, беларускую мову здавалі 15 выпускнікоў. Ім для пераказу дастаўся тэкст «Букет бэзу» — пра хлопчыка, які зьдзекаваўся з новай настаўніцы матэматыкі і якога так і цягнула ўчыніць нейкі выбрык на ўроку.
Каця са Слуцку падзялілася са Свабодай сваімі ўражаньнямі пра першы іспыт.
«Пераказаць гэты тэкст дастаткова складана. Ён вялікі — павольна яго пераказаць яшчэ куды ні ішло, а вось сьцісла пераказаць — даволі праблематычна. Высокая адзнака ставіцца, калі ты сьцісла перакажаш», — кажа Каця.
Настаўніца мовы і літаратуры смалявіцкай гімназіі Ганна Севярынец у інтэрвію парталу rebenok.by выказала меркаваньне, што дыктоўка ў дзявятай і пераказ у адзінаццатай клясе даўно страцілі сэнс.
«Ні дыктоўка, ні пераказ не правяраюць тых навыкаў, якія мы павінны гадаваць у дзецях. Уменьне не рабіць артаграфічных памылак і ўменьне пераказаць чужы тэкст — даволі бессэнсоўныя навыкі ў сучасным сьвеце. А вось уменьне знайсьці памылку і выправіць яе, крытычна асэнсаваць інфармацыю і тым больш чужы яе пераказ, аналітычныя навыкі, уменьне зрабіць факт-чэкінг — вось тое, чаму добра б вучыць і што добра б у выпускнікоў правяраць.
Таму разумныя спосабы правесьці экзамэн па мовах і літаратуры — гэта сачыненьне, аналіз тэксту, уласны праект, вуснае выступленьне на нечаканую тэму. Тут і пісьменнасьць праверым, але гэта — другаснае», — перакананая настаўніца Ганна Севярынец.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ