Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цапкала расказаў, за што яго звольніў Лукашэнка, і асудзіў затрыманьне Ціханоўскага


Валер Цапкала, архіўнае фота
Валер Цапкала, архіўнае фота

Патэнцыйны прэтэндэнт па пост прэзыдэнта Валер Цапкала на пікеце ў Сьветлагорску выказаўся пра затрыманьне Сяргея Ціханоўскага, закіды кіраўніка дзяржавы, а таксама падпісаўся за вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай.

Ён назваў затрыманьне блогера «няправільным», хоць зазначыў, што відэа не глядзеў. «Як гэта можна расцэньваць? Чалавек зьбірае подпісы за сваю жонку ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй... Гэта абуральны факт», — перадае словы Цапкалы «Палеская Вясна».

На рэплікі людзей, што Лукашэнка за чатыры гадзіны да затрыманьня «напрарочыў» яго, Цапкала дадаў, што «і мяне ён узгадваў, а потым гадкі ўкід на мяне зьявіўся».

Паводле патэнцыйнага кандыдата, Лукашэнка яго звольніў за тое, што ён выступіў супраць пасадкі бізнэсмэнаў.

«Я выступіў спачатку, калі пасадзілі Пракапеню, потым, калі сем чалавек з IBA пасадзілі.

Я лічу, што бізнэсмэнаў, калі нават яны ў нечым і ня маюць рацыі, нельга саджаць. Увогуле людзей нельга за эканамічныя рэчы саджаць. Яны ж тут знаходзяцца. У іх тут ёсьць актывы. Калі гэта бізнэс, ён жа не ўцячэ нікуды. Ну, прыйшлі да яго, сказалі, што ты там нешта не даплаціў. Ну, даплаціў. Ну, заплаціў нейкі штраф там... А што гэта за спосаб — адразу за шкірку, і ў турму?! Я выступіў супраць гэтага.

У мяне быў канфлікт з генэральным пракурорам, са Сьледчым камітэтам. Я сказаў, што гэта няправільна, што гэта не цывілізавана, што нам трэба ўсё ж рабіцца нармальнай краінай у гэтым пляне. І ўсё. Гэта было апублікавана ў газэце „Беларусь сегодня“, можаце пабачыць там маё інтэрвію, дзе я выступіў супраць гэтага.

Значыць, спачатку мяне звольніў, а потым галоўнага рэдактара газэты „Беларусь сегодня“», — сказаў Цапкала.

29 траўня Лукашэнка на Менскім трактарным заводзе выказаўся пра сваіх магчымых апанэнтаў на выбарах.

«Я ўвогуле вось людзей, якія вылучыліся, практычна ня ведаю, за выключэньнем свайго былога памочніка. Ён, праўда, хітруе. Ён ня кажа, чаму яго прэзыдэнт звольніў. Ну, гэта вы ў яго спытаеце. Чаму я яго звольніў. Хай шчыра распавядзе. І яму потым не захочацца ісьці на выбары. Але ён шчыра ня скажа. Трэба — скажам. Але мы ня хочам займацца гэтым кампраматам», — сказаў Лукашэнка.

У Сьветлагорску Валер Цапкала таксама падставіў свой подпіс за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG