Людзі разумеюць, што ніякія прыгожыя праграмы рэформаў, ніякія геапалітычныя ўстаноўкі і разумныя праекты законаў ня маюць сэнсу, пакуль ня вырашана галоўнае пытаньне — «хто заўгодна, абы ня ён».
Бурлівы пачатак гэтай выбарчай кампаніі паказаў, што найбольш прывабным і актуальным для шырокіх народных масаў лёзунгам стаў «просты, як жыцьцё» заклік да адстаўкі Лукашэнкі. Бо ніякая станоўчая, стваральная праграма сёньня ня можа аб’яднаць, прывабіць расколатае, атамізаванае і зьняверанае беларускае грамадзтва.
Таму на гэтых выбарах людзі найперш гатовыя падтрымаць ня тых, у каго прыгожыя і правільныя праграмы, а тых, хто, на іхную думку, мае лепшыя шанцы зрынуць Лукашэнку. Для адных гэта радыкальны блогер Ціханоўскі, для другіх — былыя прадстаўнікі «намэнклятуры» Цапкала і Бабарыка.
Заўважылі, што спробы злавіць што Бабарыку, што Ціханоўскага на нейкіх няўдалых выказваньнях, указаць на нейкія супярэчнасьці ў іхных заявах ня маюць амаль ніякага ўплыву на іхных прыхільнікаў? Бо — ня гэта цяпер людзям важна. А важна толькі адно — ці мае гэты чалавек шанец адсунуць Лукашэнку ад улады. Менавіта пра гэта людзі і пытаюцца, гэта іх і цікавіць — наколькі сур’ёзна гэты кандыдат настроены, ці гатовы ён сапраўды змагацца за ўладу, ці мае ён шанцы.
У гэтым сэнсе нават абвінавачаньні, што за некім стаіць Масква — могуць мець зусім адваротны эфэкт. Бо для некага магчымая «Масква за сьпінай» — гэта страшная крамола, а для іншых — «ну і добра, хай хоць Масква дапаможа яго зрынуць, калі самі ня можам».
Уся «палітыка», усе эканамічныя праграмы, усе геапалітычныя арыентацыі патэнцыйных прэтэндэнтаў адсунуліся ўбок, аказаліся, па вялікім рахунку, ня важнымі для шырокай публікі. Удзельнікі ініцыятыўных групаў самых розных прэтэндэнтаў, якія цяпер зьбіраюць подпісы, сьведчаць, што людзі, якія падыходзяць падпісвацца, не цікавяцца поглядамі прэтэндэнта, а пытаюцца толькі адно — «ён супраць Лукашэнкі? Тады падпішуся».
Магчыма, гэта адчулі і самі прэтэндэнты, зразумеўшы, што іхнія глыбокія думкі па рэфармаваньні эканомікі асабліва нікога не цікавяць. Валер Цапкала на першай прэсавай канфэрэнцыі гадзінамі расказваў пра эканамічныя схемы, пра Кітай і Сынгапур, але ўжо празь некалькі дзён (магчыма, адчуўшы настроі гледачоў), перайшоў да зьдзеклівых рэплік пра каровак і козачак Лукашэнкі. Віктар Бабарыка ўвогуле адмаўляецца адказваць адназначна ў стылі «альбо-альбо» на прынцыповыя палітычныя пытаньні, тым самым падкрэсьліваючы, што хоча быць прымальным для большасьці электарату.
Грамадзтва (прынамсі тая частка, якая не ўспрымае сёньняшнюю ўладу) перайшло ад пытаньня «Хто, калі ня ён?», да сьцьверджаньня: «Хто заўгодна, абы ня ён». І, я лічу, нельга казаць, што ў такой фармулёўцы людзі праяўляюць сваю наіўнасьць альбо палітычную непісьменнасьць. Ня будучы палітычнымі экспэртамі, людзі разумеюць, што сёньняшняя сыстэма настолькі заточаная пад адно канкрэтнае прозьвішча, што любое іншае імя на вяршыні ўлады аўтаматычна азначае перамены ў жыцьці і ў пэўным сэнсе разбурэньне самой аўтарытарнай сыстэмы. А стан у грамадзтве цяпер такі, што большасьць гатовая вітаць любыя перамены, лічачы, што «горш ужо ня будзе». Людзі якраз адчуваюць, што цяперашняя ганебная сытуацыя абумоўленая ня нейкімі аб’ектыўнымі прычынамі, кепскімі законамі ці неразьвітасьцю беларускага грамадзтва, а ў значнай ступені жаданьнем заставацца ва ўладзе аднаго канкрэтнага чалавека.
А тут яшчэ гісторыя з каранавірусам, якая даказала многім, што дзяржаўныя рашэньні, якія ўплываюць на здароўе і жыцьці тысячаў людзей, вызначаюцца не прафэсіяналізмам і кампэтэнцыяй чыноўнікаў на ўсіх узроўнях, а ідэйнай зацыкленасьцю, палітычнымі інтарэсамі і асаблівасьцямі характару кіраўніка дзяржавы.
Людзі разумеюць, што ніякія прыгожыя праграмы рэформаў, ніякія геапалітычныя ўстаноўкі і разумныя праекты законаў ня маюць сэнсу, пакуль ня вырашана адзінае галоўнае пытаньне — «хто заўгодна, абы ня ён».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.