Нямецкі авіяканцэрн Lufthansa заявіў, што разглядае магчымасьць свайго банкруцтва.
Пра гэта паведамляе Deutsche Welle, адзначаючы, што такую магчымасьць кіраўніцтва канцэрну разглядае ўпершыню, у сувязі зь цяперашняй спрэчкай зь дзяржавай пра ўмовы выплаты шматмільярднага пакета дапамогі.
Паводле кіраўніцтва кампаніі Lufthansa, варыянт банкруцтва, пры якім яна захавае кантроль над уласнымі актывамі, мае відавочныя перавагі над дзяржаўнай дапамогай. Такое банкруцтва, прыкладам, дазволіць авіяканцэрну прыпыніць вяртаньне грошай за квіткі на агульную суму 1,8 мільярда эўра, а таксама спросьціць звальненьне пэрсаналу і закрыцьцё нерэнтабэльных даччыных кампаній. У выніку банкруцтва страцяць працу значна больш за 10 тысяч чалавек.
Lufthansa, паводле ўласных ацэнак, цяпер нясе страты ў памеры 1 мільён эўра за гадзіну. Гэта азначае, што рэзэрвы кампаніі на суму 4 мільярды эўра закончацца ўжо ўвосень. Таму банкруцтва пры захаваньні кантролю над уласнымі актывамі стане магчымым не раней за 2021 год.
Назіральная рада авіяканцэрну Lufthansa на гэтым тыдні адхіліла ўмовы даваньня яму дзяржаўнага пакета дапамогі. Паводле паведамленьняў, гэта было выклікана патрабаваньнем камісара ЭЗ у пытаньнях канкурэнцыі Маргрэтэ Вэстагер, каб нямецкі авіяканцэрн у абмен на дапамогу саступіў канкурэнтам правы на ўзьлёт і пасадку самалётаў.