Эўракамісіі прапаноўваецца пазычыць на фінансавых рынках 500 мільярдаў эўра пад гарантыі Эўразьвязу. Брусэль раздасьць гэтыя сродкі пацярпелым ад пандэміі краінам. Кампэнсаваць выдаткі плянуецца зь бюджэту Эўразьвязу, паведамляе Deutsche Welle.
Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон прадставілі ў панядзелак, 18 траўня, эўрапейскую праграму эканамічнага аднаўленьня краін Эўразьвязу пасьля пандэміі каранавірусу. Яе аб'ём складае 500 мільярдаў эўра, якія будуць атрыманыя ў выглядзе пазык на ўсясьветных фінансавых рынках пад гарантыі Эўразьвязу.
Затым гэтыя грошы будуць на працягу многіх гадоў выплочвацца пацярпелым краінам Эўразьвязу у выглядзе траншаў, якія не патрабуюць вяртаньня. Пакрыць гэтыя выдаткі плянуецца на працягу 20 гадоў зь бюджэту Эўразьвязу, галоўным донарам якога зьяўляецца Нямеччына.
«Наша мэта ў тым, каб Эўропа выйшла з гэтага крызісу больш моцнай, адзінай і салідарнай», — заявіла Мэркель, падкрэсьліўшы, што для пераадоленьня наступстваў пандэміі неабходна «адначасовае і звышардынарнае намаганьне», да якога Францыя і Нямеччына гатовыя. Для ўхвалы праграмы дапамогі неабходна заручыцца згодай усіх 27 краін Эўразьвязу.
Старшыня Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен вітала рашэньне Францыі і Нямеччыны як адзін з трох слупоў аднаўленьня эканомікі Эўразьвязу, апроч уласных намаганьняў дзяржаў і ўжо ўхваленай крэдытнай праграмы Эўразьвязу ў 540 мільярдаў эўра.
«Гэтыя праграмы дазволяць краінам і прадстаўнікам бізнэсу выстаяць у крызіс і запусьціць маштабную праграму інвэстыцый, неабходных, каб вярнуць эўрапейскую эканоміку на рэйкі», — заявіла cтаршыня Эўракамісіі.