Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК зарэгістравала групы Бабарыкі, Цапкалы і яшчэ 13 патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, 40 прэтэндэнтам адмовілі

абноўлена

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

На паседжаньні 15 траўня Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала ініцыятыўныя групы 4 ахвотнікаў стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты, адхіліла 10. 19 траўня зарэгістравала адну, адхіліла 22. Яшчэ 18 заяваў разглядалі 20 траўня.

На паседжаньні ЦВК сабраліся толькі 10 чальцоў з 12. Як і на ранейшых паседжаньнях, з боку ЦВК ніхто ня носіць маскі ці пальчаткі.

Чые групы зарэгістравалі:

  • банкіра Віктара Бабарыку (у сьпісах выявілі толькі двух грамадзянаў іншых краінаў і некалькіх зь няпоўнымі зьвесткамі — засталося 8905 чалавек у ініцыятыўнай групе, Ярмошына зрабіла Бабарыку нефармальную вымову за тое, што ён часта абнаўляў дакумэнты групы, а ЦВК «працавала выключна на Бабарыку»; ён папрасіў прабачэньня);
Валер Цапкала (зьлева) і кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Андрэй Ланкін каля ЦВК, 20 траўня
Валер Цапкала (зьлева) і кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Андрэй Ланкін каля ЦВК, 20 траўня
  • экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў Валера Цапкалы (у сьпісах выявілі 10 людзей зь няпоўнымі зьвесткамі, засталося 884 чалавекі, Ярмошына заўважыла, што і Цапкала часта ўносіў зьмены ў сьпісы);
Сяргей Чэрачань
Сяргей Чэрачань
  • старшыню БСДГ Сяргея Чэрачня (у сьпісах выявілі аднаго непаўналетняга, некалькі чалавек зь няпоўнымі зьвесткамі, у групе засталося 1237 чалавек; Чэрачню толькі 8 траўня споўнілася 35 гадоў — Ярмошына адзначыла, што ён «ускочыў у вагон»);
Вольга Кавалькова
Вольга Кавалькова
Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая
  • экс-дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай (у сьпісе выявілі дваіх непаўналетніх, адну грамадзянку іншай краіны, трох зь няпоўнымі зьвесткамі, засталося 1313, Канапацкая зазначыла, што па законе тыя непаўналетнія мусяць быць зарэгістраваныя, бо на момант выбараў ім будзе 18 гадоў);
Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў
  • лідэра «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева (выявілі трох грамадзянаў зь няпоўнымі зьвесткамі, засталіся 2402 чальцы, Дзьмітрыеў выказаўся за зьніжэньне неабходнай колькасьці подпісаў да 70 тысяч і за ўсталяваньне камэраў на выбарчых участках).
Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятланы Ціханоўскай — жонкі арыштаванага (і раптоўна вызваленага падчас паседжаньня ЦВК) блогера Сяргея Ціханоўскага, якая вырашыла ісьці ў кандыдаты замест яго, калі блогеру адмовілі ў рэгістрацыі групы (у групе выявілі 7 чалавек зь няпоўнымі зьвесткамі, засталося 252, Ярмошына спытала, ці сур’ёзна яна зьбіраецца вылучацца, а ня быць «спарынг-партнэрам», тая адказала, што ісьці ў прэзыдэнты «­марыла ўсё жыцьцё»);
Алесь Таболіч
Алесь Таболіч
  • вакаліста pagan-metal гурту Znich Алеся Таболіча (у сьпісах выявілі 4 зь няпоўнымі зьвесткамі, засталося 116 чалавек, ягонай групе дастаўся нумар 13, які Ярмошына назвала «шчасьлівым»);
  • лідэра руху «За свабоду» і ўдзельніка праймэрыз Юрася Губарэвіча (яго не было на паседжаньні, але ў ягоным сьпісе са 121 чалавека ня выявілі ніводнай памылкі);
  • старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі і ўдзельніка праймэрыз Мікалая Казлова (яго не было на паседжаньні, але ў ягоным сьпісе са 121 чалавека ня выявілі ніводнай памылкі).

Раней зарэгістравалі ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, старшыні ЛДПБ Алега Гайдукевіча, «кандыдата пратэсту» Ўладзімера Няпомняшчых, фэрмэра Юрыя Ганцэвіча і прадпрымальніцы Натальлі Кісель.

Каму адмовілі:

  • камуністу-прадпрымальніку Андрэю Іванову, які не зьяўляецца грамадзянінам Беларусі з нараджэньня — нарадзіўся ў Томску, які на тэрыторыі Расеі (ён спасылаўся на пазыцыю Канстытуцыйнага суду ад 2001 году аб «праве глебы і крыві», калі адзін з бацькоў паходзіць зь Беларусі, а ягоны бацька — беларускі вайсковец, які быў у службовай выправе; Ярмошына адказала, што тая пастанова была да прыняцьця новага закону аб грамадзянстве);
  • маладэчанскаму рамесьніку Міхаілу Валынцу (са сьпісу ў 177 чалавек апыталі 99, і 95 зь іх сказалі, што ня ведалі пра ўключэньне іх у ініцыятыўную групу, таксама не былі пазначаныя каардынатары групы; Ярмошына прапанавала Валынцу зьняць маску, каб было зручней — ён абурыўся, стаў расказваць пра сытуацыю ў Расеі; таксама заявіў, што калі няма дакумэнтальнага пацьвярджэньня адносна «нядобраахвотных» чальцоў групы, то яго трэба рэгістраваць);
  • менскаму пэнсіянэру і «рускамірцу» Валеру Перавошчыкаву, які не зьяўляецца грамадзянінам Беларусі з нараджэньня — нарадзіўся ў Чыце, што на тэрыторыі Расеі, таксама несваечасова падаў сьпіс чальцоў ініцыятыўнай групы (на паседжаньні ЦВК ён разважаў, што «нашчадкі вялікай перамогі жывуць горш за нашчадкаў пераможаных», заклікаў спыніць войны ў імя «зямных анёлаў — дзяцей»; таксама спаслаўся на тое, што ягоная маці — беларуска);
  • відэаблогеру і старшыню праўленьня ЖСПК у Капыльскім раёне Паўлу Сьпірыну (12 чалавек са сьпісу ініцыятыўнай групы сказалі ЦВК, што ня ведаюць пра сваё ўключэньне ў сьпіс; у ягоным пачатковым сьпісе было 120 чалавек, у паўторным — 716 чалавек, але ў ЦВК вырашылі, што ён «злоўжываў» правам на абнаўленьне сьпісаў, бо ў паўторным сьпісе былі тыя 12 чалавек, якія адмовіліся, у сьпісе таксама не былі пазначаныя каардынатары групаў; Сьпірын заявіў, што двум людзям з групы тэлефанавалі зь міліцыі — яны пасьля папрасілі выключыць іх з групы, а каля 10 сапраўды маглі быць уключаныя памылкова, ды гэта нязначны адсотак, а заканадаўства «адназначна на ягоным баку»);
  • таямнічага сацыяльнага работніка з-пад Гомля Алега Нявейкава, які не падаў своечасова копіі старонак пашпарта з пазнакай грамадзянства, падаў своечасова сьпіс з толькі 10 чальцамі ініцыятыўнай групы (Нявейкава не было на паседжаньні);
  • Аляксандра Скрабца, брата былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў і лідэра аргкамітэту партыі «Свабода» Сяргея Скрабца, намесьніка старшыні гэтага аргкамітэту (у сьпісе быў 191 чалавек, у ЦВК выявілі 4 памерлых і аднаго няіснага, дзясяткі тых, хто не даваў згоды на ўключэньне ў групу — засталіся толькі 94 «неабвергнутыя», чаго не хапае для рэгістрацыі групы; на паседжаньні яго не было);
  • віцебскага прадпрымальніка Ўладзімера Правальскага, якому адмаўлялі ў рэгістрацыі кандыдатам на выбарах-2010 за «ксэракопіі» подпісаў (у цяперашнім сьпісе выявілі памерлага і 54 чалавек, якія не давалі згоды на ўдзел у групах, таксама ў сьпісах не былі пазначаныя даты нараджэньня большасьці чальцоў);
  • гомельскаму беспрацоўнаму былому лекару Андрэю Мажэйку (са сьпісу ў 108 чалавек выявілі адзін паўторны радок, 37 сказалі ЦВК, што не давалі згоды на ўключэньне ў сьпіс або ня ведалі Мажэйку; таксама не былі належным чынам пазначаныя каардынатары па раёнах).

Раней адмовілі ў рэгістрацыі Міколу Статкевічу, Сяргею Ціханоўскаму і шэрагу амаль тром дзясяткам іншых «кандыдатаў пратэсту», а таксама «сувораму турысту» Віталю Зялкоўскаму, прадпрымальніцы Алены Ашыхмінай і беспрацоўнай Жанне Раманоўскай.

Усяго заявы на рэгістрацыю падавалі 55 чалавек.

Тым, чые групы зарэгіструюць, дазволяць зьбіраць подпісы за кандыдатаў ад 21 траўня па 19 чэрвеня. Пасьля 20 дзён ЦВК будзе правяраць падпісныя лісты. Тых, у каго прымуць 100 тысяч подпісаў, неабходных для вылучэньня кандыдатам, назавуць з 5 па 14 ліпеня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG