Размова з Рашадам Місіраўсам (Rashad Misirovs), лекарам-оталярынголягам са шпіталя Ninewells у горадзе Дандзі (Dundee) на ўсходнім узьбярэжжы Шатляндыі.
31-гадовы Рашад Місіраўс, які мэдычную адукацыю атрымаў у Латвіі, пяць апошніх гадоў жыве і працуе ў Шатляндыі. Са Свабодай дзеліцца досьведам штодзённай лекарскай працы ва ўмовах каранавіруснай пандэміі і локдаўну.
У Вялікай Брытаніі афіцыйна зафіксавана больш за 230 тысяч выпадкаў захворваньня на COVID-19 і больш за 33 тысячы сьмерцяў ад яго. У колькасьці інфікаваных каранавірусам і сьмяротных выпадкаў Вялікая Брытанія займае першае месца ў Эўропе.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
— Рашад, калі вы пачулі ўпершыню пра выпадкі заражэньня каранавірусам у Кітаі, ці прадчувалі, што гэта можа выклікаць усясьветны крызіс?
— Шчыра кажучы, не прадчуваў. Тады было адчуваньне, што гэта нешта вельмі далёкае, і яно ня прыйдзе ў Аб’яднанае каралеўства, ня кажучы пра тое, што яно можа выклікаць глябальную пандэмію.
— Як мне здаецца, брытанскі ўрад зрэагаваў на каранавірусную інфэкцыю адчувальна пазьней, чым іншыя эўрапейскія краіны. Вы таксама так думаеце? Калі так, то якая была прычына гэтай запозьненай рэакцыі?
— Мне цяжка адказаць на гэтае пытаньне дакладна, таму што я не шукаў інфармацыі, калі і як іншыя краіны зрэагавалі на COVID-19. Але мне здаецца, што спачатку ў Брытаніі пераважала думка пра «статкавы імунітэт» як запруду для інфэкцыі. Значыць, пераважала думка, што нам не патрэбен локдаўн, такі, напрыклад, як у Італіі. Людзі будуць заражацца і выпрацуюць імунітэт супраць інфэкцыі, так званы «статкавы». Па-мойму, брытанскі ўрад цягам двух першых тыдняў ішоў у гэтым кірунку і ня думаў пра локдаўн.
— Але потым урад пакінуў ідэю «статкавага імунітэту» і зьмяніў падыход?
— Так, потым была зьмена, у сярэдзіне сакавіка. Прынамсі што тычыцца працы ў нашым шпіталі, дык рэзкая зьмена наступіла якраз тады. Увялі локдаўн, які трывае, калі мы з вамі гаворым, ужо каля 50 дзён. І людзі тады перасталі гаварыць пра «статкавы імунітэт», а пачалі больш гаварыць пра тое, што трэба заставацца дома. Гэтак было ўжо пад канец сакавіка.
— Ці такі захад, як локдаўн, зьяўляецца выключнай прэрагатывай ураду ў Лёндане, ці, можа, яго ўвядзеньне залежыць і ад шатляндзкіх уладаў?
— Калі Лёндан увёў локдаўн, то ён зрабіў гэта на тэрыторыі ўсёй Вялікай Брытаніі. Цяпер, мяркуючы па тым, што я чуў і чытаў у СМІ, Лёндан зьбіраецца зьнімаць пэўныя ранейшыя абмежаваньні, а ў нас сытуацыя застанецца пакуль бязь зьменаў. То бок шатляндзкія ўлады вырашылі не ісьці сьледам за брытанскім урадам і захаваць гэтыя абмежаваньні. Так што на наступным тыдні рэжым локдаўну можа выглядаць па-рознаму ў Лёндане і Эдынбургу.
— Чаму Шатляндыя вырашыла працягваць больш жорсткія захады локдаўну, а Англія іх зьнімае? У Шатляндыі горшая сытуацыя з каранавіруснай інфэкцыяй, калі параўноўваць з Англіяй?
— Я ня ведаю дэталёвай статыстыкі захворваньняў, але я ня думаю, што сытуацыя з каранавірусам у нас горшая, чым наагул у Брытаніі. Тут, відаць, прычыны ў іншым.
Па-першае, у нас меншыя, чым у Англіі, рэсурсы (і фінансавыя, і тэхнічныя), што тычацца барацьбы з каранавірусам. Наша служба аховы здароўя пераважна залежыць ад фінансаваньня зь Лёндану. Таму, відаць, даўжэйшае захаваньне локдаўну — адзін з захадаў барацьбы з пандэміяй, які неяк кампэнсуе наш недахоп рэсурсаў.
Па-другое, справа тут у эканоміцы і ў палітыцы, у балянсе паміж працягласьцю локдаўну і магчымасьцю ўраду падтрымліваць людзей, якія перасталі працаваць і страцілі заробкі з прычыны спыненьня вытворчасьці. У Лёндане спачатку гаварылі, што Брытанія падрыхтаваная да барацьбы з COVID-19 лепш за ўсе краіны сьвету, але цяпер лічбы сьведчаць аб чымсьці іншым — у Брытаніі больш заражаных каранавірусам, чым, напрыклад, у Італіі ці Гішпаніі. Таму, я думаю, урад цяпер стараецца паменшыць расчараванасьць людзей, здымаючы пэўныя абмежаваньні і даючы магчымасьць працаваць бізнэсам, якія закрыліся і цярпяць страты, напрыклад рэстарацыям…
У палітычна-эканамічным сэнсе сытуацыя ў Шатляндыі, па-мойму, больш стабільная, і людзі лепш разумеюць, чаму наша прэм’ер-міністарка, Нікала Стэрджэн з Шатляндзкай нацыянальнай партыі, вырашыла працягнуць локдаўн.
— Як выглядае сытуацыя з пандэміяй канкрэтна там, дзе вы жывяце і працуеце — у горадзе Дандзі?
— Найбольш выпадкаў сьмерці ад COVID-19 ў Шатляндыі — у рэгіёне Глазга. Наш рэгіён у гэтай статыстыцы на 5-м месцы. Мы былі першым рэгіёнам у Шатляндыі, які пачаў рабіць тэсты на каранавірус сярод мэдычнага пэрсаналу. Магчыма, гэта паўплывала на тое, што ў нас меншая статыстыка сьмяротнасьці, чым у іншых частках Шатляндыі.
— У вашым шпіталі, Ninewells Hospital, ці шмат пацыентаў з каранавірусам?
— На сёньняшні дзень 47.
— Ці былі выпадкі сьмерці ад COVID-19?
— Дакладнай статыстыкі для ўсяго шпіталя я ня ведаю, але было некалькі сьмерцяў, то бок больш, чым адна. На нашым оталярынгалягічным аддзяленьні, дзе мы наагул займаемся лячэньнем захворваньняў носа і горла, мы мелі адзін выпадак сьмерці ад COVID-19.
— Значыць, ваша оталярынгалягічнае аддзяленьне таксама, так бы мовіць, паслалі на першую лінію змаганьня з каранавірусам?
— Калі гэтая пандэмія пачалася, мы падазравалі, што некаторыя з нашых пацыентаў з сымптомамі вострага запаленьнем горла ці з крывацёкам з носу могуць быць інфікаваныя каранавірусам. А гэта патрабавала іншых мэтадаў абсьледаваньня, чым раней. Нам трэба было пачаць насіць маскі і ахоўныя акуляры. Нашы працоўныя правілы значна памяняліся.
Але мы былі ангажаваныя ў лячэньне значна меншай колькасьці выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, чым напачатку думалі, што будзем. Наагул гэта былі выпадкі пацыентаў, якіх зьмяшчалі ў блёк інтэнсіўнай тэрапіі, бо яны патрабавалі штучнай вэнтыляцыі або інтубацыі.
— Калі кагосьці з COVID-19 зьмяшчаюць у аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі, якія ў яго шанцы выжыць?
— Афіцыйнай статыстыкі я ня ведаю, але, па-мойму, гэтыя шанцы значна меншыя за 50%.
Аднак пераважная большасьць пацыентаў з COVID-19, зь якімі я сутыкаўся, мелі слабыя або сярэдняй цяжкасьці сымптомы захворваньня — яны ачуньвалі, і іх выпісалі дахаты.
У нас у горадзе ёсьць асобны адмысловы шпіталь, дзе людзям робяць тэсты на каранавірус. Так што далёка ня ўсе пацыенты з сымптомамі каранавіруснай інфэкцыі зьвяртаюцца ў аддзяленьні неадкладнай дапамогі ці прыходзяць у наш шпіталь. Пераважная большасьць пацыентаў са слабымі ці сярэднімі сымптомамі заражэньня каранавірусам застаюцца дома і там папраўляяюцца.
— Ці хварэлі вашыя знаёмыя, сябры на COVID-19?
— У першай палове сакавіка захварэлі трое маіх калег з працы. Але яны прайшлі хваробу дома даволі лёгка і ўжо даўно ачунялі. Мне цяжка сказаць, дзе яны падхапілі інфэкцыю — на працы ці ў нейкім іншым месцы.
На пачатку пандэміі наш шпіталь падзялілі на дзьве часткі: частку для пацыентаў з падазрэньнем і сымптомамі каранавіруснай інфэкцыі, і частку для пацыентаў бяз COVID-19.
— Ці моцна зьмяніўся ваш працоўны распарадак у параўнаньні з часам перад пандэміяй? Працы пабольшала ці паменшала?
— Мы перасталі выконваць ўсе так званыя «электыўныя апэрацыі», то бок плянавыя, ня выкліканыя нейкай экстранай сытуацыяй. Цяпер робім толькі апэрацыі, зьвязаныя з анкалягічнымі захворваньнямі.
Падобны падыход датычыць таксама амбуляторных прыёмаў — яны былі абмежаваныя да мінімуму. Цяпер у амбуляторыі мы прымаем толькі пацыентаў з падазрэньнем на рак або зь вельмі сур’ёзнымі праблемамі, напрыклад крывацёкамі з носу, якія пастаянна паўтараюцца.
Калі раней мы прымалі 20–30 пацыентаў на тыдзень у паліклініцы або амбуляторыі, то цяпер усяго 5 — як я сказаў, выключна пацыентаў з ракам або з экстранымі праблемамі. Ды і тое, там дзе можна, мы цяпер абмяжоўваемся дыстанцыйнай кансультацыяй, праз тэлефон або відэасувязь, то бок займаемся тым, што цяпер сталі называць тэлемэдыцынай.
— Дык цяпер, падчас пандэміі, вы працуеце менш, чым раней, я добра вас зразумеў?
— Можна сказаць, што працуем менш, чым раней, калі браць пад увагу час працы. Але цяпер мы працуем больш інтэнсіўна, з большым псыхічным і фізычным напружаньнем. Бо кожны раз, калі мы абсьледуем пацыента, нам трэба надзяваць ахоўнае адзеньне і карыстацца абсталяваньнем ды прыладамі, якімі ў нармальных умовах мы не карысталіся. А потым у той пакой, дзе абсьледавалі, нельга нікому ўваходзіць на працягу прыблізна гадзіны.
— Што гавораць людзі ў Шатляндыі пра гэты каранавірусны крызіс? Што яны думаюць пра ўрадавыя захады барацьбы з пандэміяй?
— Маё ўражаньне можа быць староньнім, таму што большасьць маіх знаёмых і сяброў зьвязаная з мэдыцынай. Па-першае, ніхто зь іх не гаворыць, што гэта нейкае глупства, якому чамусьці прысьвячаюць так шмат увагі. Па-другое, большасьць зь іх задаволеная тымі захадамі, якія робіць урад, каб узяць пандэмію пад кантроль.
— Як цяпер выглядае сытуацыя з каранавірусам у вашым рэгіёне — вы ўжо прайшлі пік заражэньняў?
— Здаецца, колькасьць пацьверджаных выпадкаў інфэкцыі каранавірусам у нашым рэгіёне ўжо перастала расьці, і мы цяпер знаходзімся на плято крывой захваральнасьці. Магчыма, што колькасьць новых інфэкцый пачала ўжо падаць.
— Чаго вам цяпер найбольш бракуе, калі параўноўваеце гэты каранавірусны час з ранейшым?
— Найбольш, відаць, не хапае таго адчуваньня бесклапотнасьці, калі ты выходзіў на двор або ў краму і ня мусіў думаць пра тое, што кантакт зь іншымі людзьмі пагражае заражэньнем небясьпечнай хваробай.
Не хапае таксама традыцыйных прабежак у парку, якія ў Шатляндыі вельмі папулярныя на выходных. Раней у нас у такіх прабежках удзельнічалі і па дзьве сотні чалавек.
Ну і, напэўна, летам я буду нудзіцца па падарожжах — не паеду на вакацыі ў Латвію, як рабіў у папярэднія гады.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ