Абяцаюць інфармацыю за пэрыяд 1917-1991 гадоў.
Ва Ўкраіне пачаў дзейнічаць кансультацыйны цэнтар, супрацоўнікі якога бясплатна дапамагаюць грамадзянам знайсьці інфармацыю пра лёс рэпрэсаваных сваякоў ці асобаў, якія зьніклі бязь вестак, у пэрыяд з 1917 па 1991 год.
Скарыстацца паслугамі могуць арганізацыі і грамадзяне, у тым ліку зь Беларусі, якія цікавяцца асобамі, рэпрэсаванымі на тэрыторыі Ўкраіны, напрыклад сваякамі, і ўвогуле гістарычнымі падзеямі савецкага пэрыяду. У цэнтры дапамогуць падрыхтаваць правільны зварот у архіў і атрымаць інфармацыю.
Сэрвіс створаны пры Галіновым дзяржаўным архіве Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці.
«Галадамор 1932-1933 гадоў, голад 1921-1923 і 1946-1947 гадоў, Вялікі тэрор, дэпартацыі, палітычныя арышты і забойствы... Мільёны грамадзян сталі ахвярамі гэтых чалавеканенавісьніцкіх экспэрымэнтаў. Аднак ня ўсе імёны пакуль устаноўленыя. Шмат сямей ня ведаюць гісторыі свайго роду з прычыны вырваных старонак жыцьця сваіх продкаў. Мэта створанага цэнтру — падтрымка людзей, якія адважыліся пачаць шукаць праўду як пра сваіх сваякоў, так і пра сваю краіну», — заявіў дырэктар Галіновага дзяржаўнага архіву Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ігар Кулік.
На афіцыйным сайце галіновага архіву можна знайсьці падрабязную інфармацыю пра тое, як зьвязацца са спэцыялістамі кансультацыйнага цэнтру.
У цэнтры падкрэсьлілі, што ніякіх абмежаваньняў ці асаблівых патрабаваньняў да замежнікаў, якія цікавяцца ўкраінскімі архівамі, няма.
Доступ да архіваў ва Ўкраіне адкрыты пасьля таго, як у 2015 годзе набыў моц закон «Пра доступ да архіваў рэпрэсіўных органаў камуністычнага таталітарнага рэжыму 1917-1991 гадоў».
Дакладна вядома, што ў Галіновым дзяржаўным архіве Службы бясьпекі Ўкраіны захоўваюцца справы 402 беларусаў, асуджаных на ўкраінскай тэрыторыі ў гады масавых палітычных рэпрэсій сталінскага рэжыму, і яшчэ 1387 спраў — у рэгіянальных аддзяленьнях спэцыяльнай службы.
У сьпісах — як беларусы, што ўдзельнічалі ў ваенізаваных фармаваньнях арміі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі (1921 год) ды Ўкраінскай паўстанчай арміі ў 30-40-я гады мінулага стагодзьдзя, гэтак і мірныя грамадзяне, якіх лёс закінуў на тэрыторыю Ўкраіны.
Дзякуючы адкрытым ва Ўкраіне архівам чытачы Свабоды змаглі даведацца дэталі пра справы братоў беларускага пісьменьніка Янкі Брыля — сьвятара Ігната, якога двойчы ва Ўкраіне ў часы СССР прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці, і Ўладзімера, які быў беспадстаўна расстраляны ў 1938-м каля Кіева, а праз 20 гадоў рэабілітаваны.
Ва ўкраінскіх архівах таксама знайшлася справа пра паўстаньне сялянаў 1933 году ў Беларусі, якога насамрэч не было. Матэрыялы расьсьледаваньня, дэталі пра зброю і мэты мітычных паўстанцаў былі сабраныя ў асобную «мэтадычку КДБ», якая была накіраваная ў той час у Кіеў як узор для расьсьледаваньня аналягічных спраў ва Ўкраіне.