Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін зь мільёнаў рэпрэсаваных. Лёс антысаветчыка Самуіла Кароўкіна з-пад Гомля ў дакумэнтах


Маёмасная даведка Кароўкіна, выдадзеная Яромінскай сельрадай
Маёмасная даведка Кароўкіна, выдадзеная Яромінскай сельрадай

У той час, як у Беларусі справы пра сталінскія рэпрэсіі застаюцца ў сакрэтных архівах, ва Ўкраіне можна знайсьці матэрыялы пра беларусаў, якія трапілі ва УССР і былі незаконна засуджаныя.

У Галіновым дзяржаўным архіве Службы бясьпекі Ўкраіны і яе рэгіянальных аддзяленьнях захоўваюцца справы амаль 2 тысяч рэпрэсаваных на ўкраінскай тэрыторыі беларусаў.

Называлі польскімі шпіёнамі

Бацькаўшчыну беларусы пакідалі, ратуючыся ад рэпрэсіяў і судоў, але і ва Ўкраіне траплялі пад перасьлед. Іх называлі польскімі шпіёнамі, бо большасьць зь іх паходзілі з Заходняй Беларусі, якая тады знаходзілася ў складзе Польшчы, і антысаветчыкамі, якія вялі «падрыўную дзейнасьць у калгасах і запалохвалі вайной мясцовае насельніцтва». Сьведчаньнем гэтага можна лічыць і гісторыю беларуса Самуіла Кароўкіна, справа якога зараз захоўваецца ў Запароскай вобласьці.

Ліміты на «тройкі» і рэпрэсіі

У 30-я гады цэнтральныя савецкія ўлады падпарадкавалі «плянаваньню» ня толькі збор ураджаю ды павелічэньне вытворчасьці. Адпаведныя «паказчыкі» даводзіліся і да карных органаў, а тыя рэгулярна рыхтавалі справаздачы пра выкананьне «работ» ды прасілі павялічыць ліміты.

Дакладная запіска наркаму ўнутраных спраў СССР Мікалаю Яжову аб выдзяленьні дадатковых лімітаў на рэпрэсіі, 29 верасьня 1939 году
Дакладная запіска наркаму ўнутраных спраў СССР Мікалаю Яжову аб выдзяленьні дадатковых лімітаў на рэпрэсіі, 29 верасьня 1939 году

У адным з дакумэнтаў, датаваных 29 верасьня 1939 году, народны камісар унутраных спраў Украіны Ізраіль Ляплеўскі паведамляе ў цэнтар: «Ва Ўкраіне ёсьць 13 764 арыштаваныя ў кулацкай апэрацыі, справы на якіх яшчэ не разгледжаны тройкамі, апроч таго, у абласных ўпраўленьнях НКВД УССР ёсьць матэрыялы, на падставе якіх можна яшчэ рэпрэсаваць больш як 15 000. Тым больш што ў сувязі з арганізацыяй ва Ўкраіне чатырох новых абласьцей (Палтаўскай, Мікалаеўскай, Жытомірскай і Камянец-Падольскай) і набліжэньнем гэтым самым кіраўніцтва з абласных цэнтраў да раёнаў узмоцнім апэратыўны націск на кулацкія ды іншыя контрарэвалюцыйныя элемэнты, прашу зацьвердзіць дадаткова для Ўкраіны па першай катэгорыі 4 500 чалавек і па другой катэгорыі 15 200 чалавек».

Пад «першай катэгорыяй» меліся на ўвазе сяляне, а пад «другой» — крымінальныя злачынцы і антысаветчыкі.

Калі пры такой колькасьці арыштаваных высьветлілася, што не хапае «троек» для разгляду спраў, павялічвалі і іх колькасьць — стваралі «асаблівыя тройкі» і спэцыяльныя калегіі. Да пачатку 40-х гадоў усе яны фармальна выконвалі традыцыйныя працэсуальныя патрабаваньні пры расьсьледаваньні і разглядзе спраў — падазраваныя затрымліваліся, дапытваліся, потым у іх праводзіўся ператрус, ухвалялася рашэньне пра іхны арышт, устанаўліваліся і дапытваліся сьведкі, праводзіліся зь імі вочныя стаўкі і гэтак далей. Сьледзтва ў такіх выпадках трывала ад трох да шасьці месяцаў. А ўжо перад пачаткам Другой усясьветнай вайны шмат спраў разглядаліся аднаасобна пракурорам або наркамам, а ў матэрыялах не было ні сьведак, ні допытаў. Толькі пастанова пра арышт і прысуд.

«Клясычная» справа антысаветчыка

Самуіл Кароўкін нарадзіўся ў 1900 годзе ў вёсцы Яроміна Гомельскай вобласьці. Да кастрычніцкага перавароту ён працаваў на мясцовым цагляным заводзе. А ў 1918 годзе, калі немцы занялі тэрыторыю Беларусі, на ініцыятыву яшчэ аднаго работніка заводу зьехаў разам зь ім у Польшчу. Там ён атрымаў пашпарт, але празь пяць гадоў вырашыў вярнуцца на радзіму, каб пабачыцца з бацькамі.

Паводле тагачасных законаў, пра свой прыезд Кароўкін павінен быў паведаміць савецкаму консульству, але гэтага ён не зрабіў. Такія абставіны сьледзтва не магло ня выкарыстаць, патрабуючы ад яго на кожным допыце прызнацца, зь якімі заданьнямі ён прыехаў з Польшчы на савецкую тэрыторыю. Два допыты з розьніцай у два дні былі прысьвечаныя менавіта польскай частцы ягонага жыцьця, але дабіцца прызнаньня ў шпіёнстве не ўдалося.

Пратакол аднаго з допытаў беларуса Самуіла Кароўкіна
Пратакол аднаго з допытаў беларуса Самуіла Кароўкіна

Пасьля Польшчы Кароўкін пэўны час заставаўся ў Яроміне, дзе яго прызвалі на службу ў Чырвоную армію. Служыць ён адмовіўся, бо быў рэлігійным чалавекам, а савецкая ўлада за ўхіленьне ад воінскай службы асудзіла яго на два гады. Пасьля гэтага Кароўкін зьехаў у Крым і стаў манахам Тупалаўскага манастыра ў Феадосіі, аднак пасьля яго ліквідацыі ў 1929 годзе зноў вымушаны быў вярнуцца на бацькаўшчыну.

Прычына новых уцёкаў — сельгаспадатак

Па вяртаньні ў Яроміна Кароўкін вёў аднаасобную сельскую гаспадарку, якая засталася ад бацькоў. Трымаў хату, абрабляў 25 сотак зямельнага ўчастку і гадаваў жывёлу, вырабляў скуру. Дзяржава налічыла яму сельгаспадатак у памеры 29 рублёў, але зь цягам часу ён стаў непад’ёмным, і ад страху, што яго могуць судзіць і выслаць за нявыплачаныя грошы, зноў падаўся ва Ўкраіну.

У сяле Цярпеньне Мелітопальскага раёну Запароскай вобласьці Кароўкін спачатку ўладкаваўся кавалём у саўгасе. Праўда, адпрацаваў там толькі тры месяцы. Як ён сказаў на допыце, звольніўся, бо не плацілі грошай своечасова. Потым падпрацоўваў па хатах, а з часам перабраўся ў суседняе сяло Сямёнаўку, дзе была царква. Там ён дапамагаў сьвятару да тае пары, пакуль храм, як у свой час і манастыр у Феадосіі, ня вырашылі ліквідаваць, а ў яе памяшканьні арганізаваць школу. Кароўкін пачаў зьбіраць подпісы супраць закрыцьця царквы, а 13 траўня 1936 году яго арыштавалі.

«Пяць гадоў працоўных лягераў у аддаленых месцах Саюзу»

Сьледзтва ў справе Самуіла Кароўкіна трывала сем месяцаў. Яму інкрымінавалі антысавецкую агітацыю і падрыў працоўнай дысцыпліны ў калгасах — нібыта заклікаў не плаціць сельгаспадаткаў. Згодна з артыкулам 54-10 Крымінальнага кодэксу УССР, такая злачынная дзейнасьць каралася пазбаўленьнем волі на тэрмін ня менш як шэсьць месяцаў, а ў выпадку, калі агітацыя адбывалася з выкарыстаньнем «рэлігійных або нацыянальных забабонаў», сьмяротным пакараньнем.

Кароўкін не прызнаў сваёй віны, нягледзячы на тое, што сьледзтва знайшло дзесяць сьведак, якія пацьвердзілі ягоную «злачынную дзейнасьць». Нават падчас вочных ставак зь імі беларус зьняпраўджваў абвінавачаньні.

Адметна, дарэчы, што ў матэрыялах справы адсутнічаюць зьвесткі пра ягоных родзічаў і сваякоў, хоць гэта абавязковая частка анкеты арыштаванага. І яшчэ адна асаблівасьць справы — яна разглядалася спэцыяльнай калегіяй у прысутнасьці адваката, што можна лічыць выключнаю зьяваю для таго часу.

Заява Самуіла Кароўкіна ў юрыдычную кансультацыю з просьбай даць адваката
Заява Самуіла Кароўкіна ў юрыдычную кансультацыю з просьбай даць адваката

Але і адвакат не дапамог — Самуіла Кароўкіна асудзілі на пяць гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў «выпраўленча-працоўных лягерах у аддаленых месцах Саюзу» з «пазбаўленьнем правоў на тры гады» без канфіскацыі маёмасьці, паколькі яе не было.

Прысуд у справе Самуіла Кароўкіна вынесены 22 лістапада 1936 году
Прысуд у справе Самуіла Кароўкіна вынесены 22 лістапада 1936 году

Лёс ня вызначаны, родныя ня знойдзеныя

У 1993 годзе Запароская абласная пракуратура прызнала Самуіла Кароўкіна палітычна рэпрэсаваным і рэабілітавала яго. У той жа час далейшы лёс і месца адбываньня беларусам пакараньня высьветліць не ўдалося, як і адрасы ягоных магчымых сваякоў.

Заключэньне пракуратуры Запароскай вобласьці пра рэабілітацыю Самуіла Кароўкіна
Заключэньне пракуратуры Запароскай вобласьці пра рэабілітацыю Самуіла Кароўкіна

Праз два гады, у 1995-м, справай Самуіла Кароўкіна зацікавілася Мелітопальскае таварыства «Мэмарыял». Але новых зьвестак пра ягоны далейшы лёс знайсьці не змаглі.

Паведамленьне Запароскай пракуратуры аб рэабілітацыі Самуіла Кароўкіна
Паведамленьне Запароскай пракуратуры аб рэабілітацыі Самуіла Кароўкіна

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG