Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Луначарскі як асабісты піяршчык Купалы


Уладзімір Ленін і Анатоль Луначарскі
Уладзімір Ленін і Анатоль Луначарскі

У траўні 1930 году экс-наркам асьветы РСФСР Анатоль Луначарскі асабіста павіншаваў Янку Купалу з чарговым літаратурным юбілеем. Гэтае адметнае віншаваньне вартае згадкі праз 90 гадоў.

100 радкоў Купалы ў бальшавіцкай газэце № 1

Сваё віншаваньне Луначарскі зрабіў арыгінальным спосабам, прычым выдаткаваў на яго падрыхтоўку асабісты час.

На старонках «Известий ЦИК СССР и ВЦИК» — афіцыйнага органу Саветаў — быў надрукаваны ягоны артыкул «Народный поэт Белоруссии. 25 лет литературно-художественной деятельности Янки Купалы» (№ 132 за 15 траўня).

На той час «Известия» мелі самы вялікі наклад і ўплыў сярод бальшавіцкіх выданьняў — «Праўда», як орган партыі, лічылася «нумарам 2».

Сам аўтар артыкула атрымаў шырокую вядомасьць ня толькі як рэвалюцыянэр і палітык, але пісьменьнік і публіцыст. Акрамя таго, Луначарскі быў тэарэтыкам мастацтва, адным з заснавальнікаў пралетарскай літаратуры.

Таму няма нічога дзіўнага, што з-пад яго пяра выйшаў не традыцыйны віншавальны артыкул, а сапраўдны агляд творчасьці Купалы за чвэрць стагодзьдзя.

У гэтым аглядзе, зьмешчаным у штотыднёвай грамадзка-палітычнай і дзелавой газэце, знайшлося месца і для шматлікіх літаратурных цытат.

Першы наркам асьветы РСФСР (які склаў свае паўнамоцтвы восеньню 1929) палічыў патрэбным даць ажно 92 радкі з розных вершаў Купалы.

Купала — ваш, беларусы, «нацыянальны»

Свой артыкул Луначарскі пачаў з абгрунтаваньня тэзісу, што новая беларуская літаратура зусім ня бедная і ўжо налічвае ў сваіх шэрагах выдатных паэтаў: «Богданович, Колас, Пуща и др., начиная с первого десятилетия нового века, разрабатывают язык, рифмы, специальные темы Белоруссии».

Але менавіта Купала, на думку аўтара, зьяўляецца «отцом новой белорусской поэзии, которого белорусы не напрасно сравнивают с Шевченко…».

У сваім артыкуле экс-наркам асьветы РСФСР выкарыстоўвае ў дачыненьні да Купалы слова «нацыянальны» і называе яго выказьнікам народных мас. Безумоўна, ён добра ведаў творчасьць юбіляра.

Ацэнкі Луначарскага ў дачыненьні да паэзіі Купалы і ягонага месца ў беларускай літаратуры не састарэлі і праз 90 гадоў:

«В постепенном и могучем творчестве литературного белорусского языка Купала занимает также особое место, ибо он принес свой словарь, свои обороты, свою поэтическую музыку прямо из крестьянских глубин, из целины народного языкотворчества…».

Лыжка ідэалёгіі ў бочцы мёду

Канешне, не абышлося без ідэалёгіі. На думку Луначарскага, Купала прадбачыў росквіт свайго народу ў будучыні. Цяпер будучае стала сапраўдным «и громким голосом назвало человека, который предсказывал и призывал его, своим народным поэтом». То бок праводзіцца думка, што менавіта бальшавіцкі ўрад даў магчымасьць спраўдзіцца марам песьняра.

Экс-наркам асьветы РСФСР таксама закрануў тэму палітычнага падзелу Беларусі на дзьве часткі.

Гаворачы пра запатрабаванасьць вершаў песьняра на яго радзіме («многие его песни поются в народе»), Луначарскі адзначыў, што «стихотворениям Янки Купалы нетрудно перешагнуть границу Белоруссии. Прежде всего, конечно, на запад, в польскую Белоруссию, где они особенно нужны».

Словы Луначарскага ў вершах Купалы

Прыводзячы цытаты з Купалавых вершаў у перакладах па-руску, Луначарскі ў некалькіх месцах самастойна адрэдагаваў іх. Пры гэтым аглядальнік ніяк не пазначыў свае праўкі — яны былі зроблены адразу ў цытатах, а не пададзеныя асобна.

Так, радок з паэмы Купалы «Курган» — «Глянь у лёхі свае, у падзямельлі глянь, князь» — у выкананьні перакладчыка М. Галоднага гучаў наступным чынам: «Посмотри в подземелья свои, о князь…».

У параўнаньні з гэтым перакладам Луначарскі надаў радку большую энэргію і рытміку, узмацніў гнеў і пагарду ў голасе Гусьляра: «Загляни в подземелье, пирующий князь».

Ці яшчэ адзін прыклад.

Радкі зь верша Купалы «Арляняты» («Далі буры, завірухі, // Што тут вылі, бушавалі») перакладчык В. Наседкін перастварыў так: «Вам же бури, грозы, вьюги, // Что когда-то бушевали».

Луначарскі ў сваім варыянце вырашыў выкарыстаць колеры, каб зь іх дапамогай акрэсьліць «царскае» мінулае і ўзмацніць барацьбу новага сьвету са старым. Гэтай тэме, уласна, і прысьвечаны верш Купалы.

Вось як у яго атрымалася: «Ведь для вас седые вьюги // В черном прошлом бушевали».

Няма падставаў лічыць, што Луначарскі рабіў тыя праўкі як ідэоляг савецкага мастацтва. Хутчэй за ўсё, ён на «аўтамаце» выявіў свае здольнасьці прафэсійнага рэдактара і перакладчыка. Дарэчы, Луначарскі свабодна валодаў нямецкай, францускай і італьянскай мовамі, а таксама польскай і ўкраінскай.

Трэба прызнаць, варыянты Луначарскага атрымаліся больш дасканалымі, па-мастацку моцнымі, пераканаўчымі. Хоць, магчыма, ён адступіў далей ад арыгіналаў Купалаўскіх твораў, чым іншыя перакладчыкі.

Жар і сьвятло Купалавай паэзіі

А што сам юбіляр? Думаецца, што ён — літаратар, якому таксама даводзілася працаваць у якасьці рэдактара і перакладчыка — аддаў належнае працы Луначарскага-крытыка. Безумоўна, Купала заўважыў варыянты перакладаў сваіх вершаў, якія зрабіў першы наркам асьветы РСФСР.

Ні да гэтага часу, ні пасьля ў гісторыі айчыннай літаратуры не было больш выпадкаў, каб «імпэрскі» міністар асьветы (народныя камісарыяты пазьней ператвораць у міністэрствы) праз самую буйную газэту краіны прафэсійна і станоўча адгукаўся аб вершах беларускага пісьменьніка — пакінем у баку ідэалягічныя заявы Луначарскага. А тым болей прадказваў ім вялікую будучыню менавіта як нацыянальным творам. Дый яшчэ напрыканцы свайго агляду-віншаваньня амаль адкрыта рэклямаваў іх: «Госиздатом в нынешнем году издан сборник стихов Купалы с его портретом, вступительной статьей Л. Клейнборта».

Відавочна, у 30-я гады талент беларускага песьняра, нібыта вялікае вогнішча ў Купальскую ноч, зьзяў ужо нагэтулькі моцна, што быў бачны і з Крамля. Не прызнаць і не ацаніць належным чынам літаратурны дар Янкі Купалы і ягоны ўплыў на беларускае грамадзтва было немагчыма.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG