Нядаўна ў выдавецтве «Кнігазбор», у бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў», выйшла кніга Паўла Абрамовіча «Мой спосаб чытаньня. Эсэ, нарысы, артыкулы, інтэрвію». Выданьне стала нагодай для размовы з аўтарам пра ролю крытыка ў сучаснай беларускай літаратуры і пра тое, чаму варта пісаць крытычныя артыкулы і выдаваць іх у кніжным выглядзе.
— Пакуль запытаць вас пра вашу кнігу «Мой спосаб чытаньня», я задам пытаньне пра спосабы чытаньня іншых. Вам яны цікавыя? Вы чытаеце крытычныя матэрыялы іншых аўтараў пра літаратуру? Калі так, то якіх?
— Зь дзяцінства я чытаю ўсё без разбору, літаратурна-мастацкую крытыку таксама. Нават памятаю першы такі тэкст, які прачытаў. Гэта быў нарыс амэрыканскага пісьменьніка Говарда Лаўкрафта «Звышнатуральны жах у літаратуры». Я ўспрыняў яго як цалкам самастойны твор.
Цяпер чытаць крытыку — мой прафэсійны абавязак. Але гэта па-ранейшаму чытаньне без сыстэмы. Сёньня я магу чытаць аглядальнікаў літаратуры The New York Times і The Guardian, а заўтра праглядаць аддзелы крытыкі ў часопісах беларускага выдавецкага дому «Звязда».
Тое не хаатычны падыход. Я даўно пераканаўся ў справядлівасьці словаў аргентынца Хорхэ Луіса Борхеса: «Сапраўдная прыгажосьць падпільноўвае нас і на выпадковых старонках пасрэднага аўтара».
Гэтак, ведаеце, можна і ў сноба ператварыцца, калі спаць у абдымках толькі з часопісам «Дзеяслоў» ці The New Yorker.
Натуральна, ва ўсіх тэкстах (у тым ліку літаратурна-крытычных эсэ, нарысах, аглядах) я шукаю найперш прыгажосьць, альбо «красу», калі карыстацца выразам Антона Луцкевіча. І я рады, калі высьвятляю, што вакол мяне ёсьць людзі, чые спосабы і мэтады чытаньня, мысьленьня хоць аддалена, але падобныя на мае.
Пра улюбёных крытыкаў і ўзоры
— Хто зь беларускіх крытыкаў (ці аўтараў, якія пісалі/пішуць і літаратурную крытыку) — узор для вас? А з расейскіх?
— Мне падабаецца творчасьць Марыі Мартысевіч і Ганны Севярынец.
Акром прафэсійных навыкаў, у іх ёсьць ашаламляльная энэргія, неўтаймаваны аптымізм, неверагоднае пачуцьцё гумару.
Мне падабаецца творчасьць Марыі Мартысевіч і Ганны Севярынец
Я пэўны, яны таксама, як і я, шукаюць прыгажосьць у кнігах, хоць і па-іншаму называюць яе. Людзі ідуць на сьвятло іх вачэй і слоў.
З расейцаў я вылучаю Дзьмітрыя Быкава, Льва Данілкіна і Ганну Нарынскую. Таксама я спрабую адсочваць літаратурна-крытычную творчасьць асобных амэрыканцаў, брытанцаў, палякаў, напрыклад.
Але ўзорнай для мяне была і застаецца дзейнасьць на ніве літаратурнай крытыкі Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага і Вацлава Ластоўскага. Гэта мая трыяда, і іх слова — закон для мяне.
Заплата доўгу
— Навошта і каму вы пішаце літаратурную крытыку?
— Большасьць маіх тэкстаў ёсьць працягам размовы з аўтарамі кніг, якую я распачаў зь імі завочна, у часе чытаньня. Я спрабую залучыць у гэтую гутарку іншыя кнігі і іншых пісьменьнікаў розных эпох. Часам дыялёг робіцца ўдвая цікавей, зьмястоўней.
Таксама я пішу крытыку, каб сплаціць доўг памерлым беларускім пісьменьнікам. Гучыць напышліва, але як інакш я магу аддзячыць іх за прыгажосьць, якой яны дасюль насычаюць маё жыцьцё?
Мой нарыс «Амаль не з таго сьвету ўскрос. Ліставаньне Янкі Купалы як гісторыя хваробаў», напрыклад, створаны менавіта дзеля таго, каб аддзячыць Песьняру. А агляд «Яшчэ не памёр тут апошні паэт» я падрыхтаваў у першую гадавіну сьмерці паэта Алеся Ліпая.
Я ствараю літаратурную крытыку ўжо 20 гадоў. Вялікіх грошай я на гэтай ніве не зарабіў, нават калі выкладаў курс «Літаратура і мастацтва ў СМІ» на факультэце журналістыкі БДУ.
Відавочна, тое мая натуральная патрэба і адначасова — неад’емная частка самога чытаньня. Да таго ж кнігі заўсёды вучылі мяне не маўчаць, не заціскацца ў сваім сьвеце, а дзяліцца з людзьмі эмоцыямі, пачуцьцямі, думкамі. Няма такіх кніг у сьвеце, якія заахвочваюць чалавека да адзіноты, ганарлівасьці.
Рады, што мае тэксты знаходзяць свайго чытача. І ўдвая прыемней, што ніхто не чытае іх па прымусу.
Досьвед мінулага
— У вашай кніжцы ёсьць тэкст пад загалоўкам «Місія — выхаваць нацыю. Літаратурная крытыка ў Нашай Ніве ў 1906–1910 гады». На каго ён разьлічаны? То бок, каго сёньня можа зацікавіць тэма, анансаваная ў загалоўку?
У гэтым тэксьце я даводжу, што «нашаніўцы» хутка і якасна пабудавалі камунікацыю са сваёй аўдыторыяй і прызвычаілі простых людзей чытаць кнігі, далі ім веды пра тое, як насамрэч існуе сьвет мастацтва. Болей за тое, рэдакцыя заахвочвала саміх чытачоў да літаратурнай творчасьці.
Беларусы імкліва губляюць розум і веды, страчваюць пачуцьцё прыгожага
Гэты каштоўны вопыт можа быць запатрабаваны і сёньня. Ён спатрэбіцца тым выданьням, якія сапраўды хочуць станоўча ўплываць на беларускае грамадзтва, жадаюць быць праваднікамі высакароднай справы па выхаваньню нацыі, якую ніхто не адмяняў.
Мы ўжо сталіся сьведкамі, як беларусы імкліва губляюць розум і веды, страчваюць пачуцьцё прыгожага — беларускія журналісты таксама нясуць адказнасьць за гэта.
Хопіць ужо думаць найперш пра трафік, «гадаваць» людзей на крымінале і сэнсацыях, спараджаць у душах беларусаў адно толькі пачуцьцё трывогі, няўпэўненасьці.
Пісьменьніцкая крытыка
— Чаму вы лічыце, што крытыку павінны пісаць яшчэ і пісьменьнікі, то бок тыя, якія пішуць вершы або прозу і чакаюць, што якраз пра іх будуць пісаць крытыку? У вашай кніжцы як мінімум два тэксты, прысьвечаныя гэтаму пытаньню…
Чакаць — любімы беларускі занятак.
Нашы пісьменьнікі самі ўзяліся за справу
Лічу, беларускія пісьменьнікі 20 стагодзьдзя не дачакаліся б нічога пазытыўнага ў сваім жыцьці і жыцьці роднай літаратуры, калі б проста сядзелі, склаўшы рукі, і спадзяваліся, што заўтра аднекуль прыйдзе легіён крытыкаў і абароніць іх разам зь беларускай мовай ад барбараў.
Нашы пісьменьнікі самі ўзяліся за справу, паказалі прыклад, стварылі канон. Усё мінулае стагодзьдзе ў нас існавала выдатная пісьменьніцкая крытыка. Багатая на жанры, тэмы, вобразы, ідэі, разьвітая духоўна і разумова. А галоўнае, з нацыянальным стрыжнем. Агмень не згасаў, нягледзячы на войны, рэпрэсіі, жыцьцёвыя злыбеды і нястачы. І кожны з пісьменьнікаў зрабіў свой важкі ўнёсак у агульную справу.
Пісьменьнікі лічылі літаратурную крытыку важнай сфэрай дзейнасьці, важнай менавіта для сябе, па адной простай прычыне.
Ва ўмовах няспыннага ціску на беларушчыну нашай мове і літаратуры была патрэбна амаль штодзённая падтрымка. Пісьменьнікі ладзілі абарону на ўсіх франтах, пяро можа быць мацнейшым за штык. Дарэчы, яны выступалі ў друку не толькі як крытыкі, але і як публіцысты. На ўсё хапала часу, усё было ім важна. Як там казаў Плятон? «Толькі мудрыя могуць клапаціцца пра правільны вобраз жыцьця ўсіх грамадзян».
Ня хочуць — зьнікнуць
Новым пакаленьням нашых пісьменьнікаў прыйшла чарга несьці варту. Ня хочуць — зьнікнуць. Усё проста. Да таго ж інстытут нацыянальнай крытыкі і літаратуразнаўства ў краіне фактычна разбураны. Дапамогі чакаць няма адкуль.
Асабіста я, «шараговы» крытык, часам востра адчуваю ня стому, а менавіта адзіноту. Калі б поруч са мною ў якасьці крытыкаў рэгулярна, а не гады ў рады, выступалі пісьменьнікі, гэта было б моцнай падтрымкай для мяне. І стымулам працаваць яшчэ лепш.
Калодзеж мудрасьці
— Ці ёсьць сэнс чытаць крытыкаў зь мінулага або пазамінулага стагодзьдзя? Калі так, то які? Каму сёньня цікава, напрыклад, што думалі крытыкі пра раман Гэмінгуэя «Па кім звоніць звон» у часе, калі гэты раман толькі зьявіўся?
Так званая бягучая крытыка сапраўды робіцца нецікавай ужо празь некалькі гадоў. Нікому не патрэбныя і літаратурныя сваркі мінулых часоў, якія адкрыта ці прыхавана пададзены ў тэкстах, бо сваіх хапае.
Толькі спусьці вядро, чытач
А вось тэксты, у якіх крытыкі і пісьменьнікі разважаюць пра спэцыфіку мастацтва і літаратуры, пра таямніцы мастацтва, пра свой час ці любімыя кнігі, застаюцца цікавымі і важкімі нават праз стагодзьдзі. Гэта калодзежы мудрасьці — толькі спусьці вядро, чытач.
Вось некалькі прыкладаў у храналягічным парадку. Перапіска Ёгана Гётэ, лісты Густава Флябэра, артыкулы Максіма Гарэцкага «Развагі і думкі» і «Наш тэатар», лекцыі па літаратуры Ўладзіміра Набокава, эсэ Міхася Стральцова «Загадка Багдановіча», дзёньнікі Адольфа Біоя Касарэса (ён чытаў услых кнігі сьляпому Борхэсу), калюмністыка Ўрсулы ле Гуін, кнігі літаратурнай крытыкі Янкі Брыля, Рыгора Бярозкіна, Уладзіміра Калесьніка і Алеся Адамовіча.
Падобныя тэксты іншым разам пераўзыходзяць самы выкшталцоны мастацкі раман.
Крытыка ў сацсетках
— У вашай кнізе зьмешчаны і кароткія тэксты, якія вы раней апублікавалі ў інтэрнэце: у ЖЖ, у Фэйсбуку… Як вы ацэньваеце эфэктыўнасьць гэткага тыпу крытыкі ці крытычных занатовак? Так лягчэй дайсьці да патэнцыйнага чытача, чым праз папяровую кнігу альбо поўнамаштабны артыкул, апублікаваны ў папяровым выданьні?
Я вельмі ўсьцешаны, што такія пляцоўкі існуюць, бо дзякуючы ім я магу ў любы момант свабодна зьвярнуцца да людзей і пачуць іх меркаваньне ў адказ, зладзіць абмен думкамі ці распачаць дыскусію.
Да таго ж праз сацыяльныя сеткі сьвет літаратуры амаль ушчыльную наблізіўся да мяне, крытыка. Аж дух захоплівае ад неверагодных магчымасьцяў. Хочаш — глядзі трансьляцыю зь літаратурнай імпрэзы, хочаш — задай пытаньне пісьменьніку, хочаш — гартай анонсы новых кніг выдавецтва на іх старонцы. Прычым па ўсім сьвеце!
Я таксама маю досьвед працы ў Тэлеграме, дзе вёў канал «Кнігазор» пра літаратуру. І гэты вопыт быў карысным. Я ў чарговы раз пераканаўся, што ў Беларусі ёсьць людзі, якія гатовыя чытаць твае пасты пра літаратуру, літаральна класьціся спаць зь імі ці ўставаць на працу. Але пры ўмове, што тыя допісы будуць зьмястоўнымі і цікавымі.
Кажуць, што Аляксандар Македонскі ведаў у твар усіх сваіх ваяроў. А іх у яго было звыш 30 тысяч. У наш час пісьменьнікам і крытыкам таксама трэба ведаць усіх сваіх чытачоў паасобку, а ня проста аўдыторыю. І знаходзіць час для кожнага з іх. Ад згуртаванасьці пісьменьніцка-чытацкага асяродзьдзя залежыць будучыня самой літаратуры. А ў нашай краіне яшчэ і роднай мовы.
Хто б я быў бязь іх?
Нягледзячы на новыя інтэрнэт-прылады, я працягваю шчыльна працаваць з рэдактарамі электронных і папяровых выданьняў, прыслухоўвацца да іх прафэсійнага меркаваньня. Хто б я быў бязь іх?
Працу літаратурных рэдактараў можна параўнаць з ювэлірнымі майстэрнямі. Калі ў цябе, як аўтара, ёсьць дыямэнт ці нейкі паўкаштоўны камень у выглядзе тэксту, яны зробяць табе прыгожую агранку. Такія ўпрыгожваньні, хоць і робяцца доўга, па-ранейшаму карыстаюцца попытам у чытачоў, колькі б яркіх цікавостак у сацсетках не пралятала перад іх тварамі.
Пра графаманства
— Адзін з вашых тэкстаў у кнізе называецца «Трэба бяз жалю адстрэльваць графаманаў». Гэта колішняе інтэрвію для «Нашай Нівы». Але вы там па нікім канкрэтным ня стрэльнулі, ня кажучы ўжо пра «бяз жалю»… А вось у гэтым інтэрвію для Свабоды вы выстралілі б? Назавіце, для прыкладу, тры графаманскія кнігі, якія трапілі вам у рукі апошнім часам…
У тым інтэрвію я казаў пра графаманства як зьяву. Падобна шашалю яна точыць беларускую літаратуру — пачынаючы з савецкіх часоў, мы згубілі вялікую колькасьць чытачоў менавіта з-за графаманаў, некаторыя зь якіх нават у клясыкі пралезьлі, як Іван Навуменка.
Крытык мусіць быць стрыманым як снайпэр
Калі трэба, магу і выстраліць. Крытык наагул мусіць быць стрыманым як снайпэр, у якога кожная куля на ўліку, а не ліхім кулямётчыкам, які палівае агнём усіх без разбору.
Вось гэтыя тры кнігі. Беларуская — «Ноч» Віктара Марціновіча, украінская — «Багуслаў Радзівіл: Нямецкі прынц зь Вялікага Княства Літоўскага» Ірыны Данеўскай, амэрыканская — «Канец канца Зямлі» Джонатана Франзэна.
Іншым разам росшукі прыгажосьці, аб якой згадваў Борхес, заводзяць крытыка ў такую гібельную, халодную далячынь квазілітаратуры, дзе ніводнай формы жыцьця не сустрэнеш — толькі здані соўгаюцца на берагох засохлых каналаў. І аніякі «мёд» не дапаможа сагрэцца.
Колеры Багдановіча
— Што цікавага вы прачыталі апошнім часам? Пра што хочацца напісаць крытычны водгук?
— Наагул я шмат перачытваю — цяпер вось «Графа Монтэ-Крыста» Аляксандра Дзюма. Падобныя раманы робіць мяне шчасьлівым, быццам я адкрыў сакрэт вечнай маладосьці.
Дасюль знаходжуся пад уражаньнем ад «Леанарда да Вінчы» Ўолтера Айзеэксана — гэта біяграфія знакамітага мастака падобная на тэлепорт у эпоху Адраджэньня. Ужо зразумела, што кніга Рычарда Ейтса «Адзінаццаць відаў адзіноты» — найлепшае, што я прачытаў у гэтым годзе з замежнай літаратуры; гэта праўда, што пісьменьнікі ЗША разам пішуць адзін вялікі амэрыканскі раман.
Што тычыцца беларускай літаратуры, то вось, чытаю Васіля Герасімчыка «Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда» — ажно хочацца занатоўваць гэту кнігу, рабіць канспэкт, як падчас вучобы ва ўнівэрсытэце.
А пішу я цяпер эсэ аб ролі колераў у паэзіі Максіма Багдановіча. Тэма досыць распрацаваная, але я лічу, што знайшоў ключ у таемны куток гэтага дзіўнага саду.
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.