Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны сэнс менскага параду — уцерці нос Пуціну


Афіцыйнае мерапрыемства на Дзень Перамогі ў Менску, 9 траўня 2019 году
Афіцыйнае мерапрыемства на Дзень Перамогі ў Менску, 9 траўня 2019 году

Парад падчас пандэміі — гэта кульмінацыя асобага беларускага шляху, дэманстрацыя беларускага аўтарытарызму ў чыстым выглядзе без усялякіх дамешкаў. А таксама магчымасьць уцерці нос Пуціну, які перанёс парад на Краснай плошчы ў Маскве.

Сьцісла:

  • Рашэньне аб правядзеньні параду стала вяршыняй выкліку сьвету, які загруз у «каранапсыхозе»
  • У рашэньні правесьці парад няма асаблівага палітычнага разьліку, а толькі дэманстрацыя асабістых амбіцый Лукашэнкі.
  • Калі народ не суб’ект палітыкі, то кім яму яшчэ быць, калі ня сродкам для рэалізацыі амбіцый лідэра.
  • Парадам падчас пандэміі Лукашэнка імкнецца ўцерці нос Пуціну, паказаць яго слабаком, вярнуць Беларусі вобраз галоўнага захавальніка традыцыі Перамогі.

Рашэньне аб правядзеньні параду стала вяршыняй, пікам беларускай альтэрнатывы ў рэагаваньні на пандэмію, верхнім пунктам выкліку сьвету, які загруз у «каранапсыхозе». Можа, толькі дзеля аднаго гэтага і варта было заняць такую пэрпэндыкулярную пазыцыю адносна гэтай усясьветнай пагрозы.

Увесь сьвет глядзіць беларускі футбол. Цяпер увесь сьвет будзе дзівіцца беларускаму параду. Гэта дні славы Лукашэнкі, якія, хутчэй за ўсё, больш ніколі не паўторацца. І дзеля гэтага варта жыць і рызыкаваць. А тое, што слава сумнеўная, герастратава, то яму не прывыкаць. Як казаў некалі Ўладзімір Жырыноўскі журналістам, «пішыце што хочаце, толькі не маўчыце».

А ўласна кажучы, чым Лукашэнка рызыкуе?

У цывілізаваным сьвеце лічыцца непрыстойным у дылеме — эканоміка ці здароўе і жыцьцё людзей — выбіраць эканоміку. Хоць у рэальнасьці палітыкі вымушаныя такую дылему вырашаць пастаянна, аднак нават публічна агучваць яе лічыцца занадта цынічным. Таму толькі лічаныя кіраўнікі дзяржаў (ЗША, Бразыліі) адважваюцца намякаць на такі выбар. Лукашэнка не саромеецца.

Яшчэ менш прыстойным лічыцца ахвяраваць здароўем і жыцьцём людзей дзеля палітыка-ідэалягічных мэтаў. А Лукашэнка гэта адкрыта дэманструе. Паводле яго, парад — «глыбока ідэалягічная рэч».

Ня думаю, што, праводзячы парад, Лукашэнка надта выйграе ў вачах нават свайго электарату. Беларусы — людзі прагматычныя, не ідэалягізаваныя. І для іх будзе не зусім зразумелым рашэньне рызыкаваць здароўем дзеля ўганараваньня падзеі, якая адбылася 75 гадоў таму.

І ўжо трэці ўзровень палітычнага цынізму — гэты прыносіць ахвяры дзеля... можа, не капрызу і нораву, а, назавём так, асабістых палітычных амбіцый. Парад — гэта як міжнародны калядны хакейны турнір пасьля Новага году, толькі большага маштабу.

Увогуле, парад падчас пандэміі — гэта кульмінацыя беларускага аўтарытарызму ў чыстым выглядзе без усялякіх дамешкаў. Стэрыльна чысты палітычны прадукт. Калі б параду не было, то яго варта было б прыдумаць. Каб у такім яркім, вобразным, выпуклым выглядзе паказаць, што ўжо ня толькі дабрабыт, а здароўе і жыцьцё людзей у значнай ступені залежаць ад сьветапогляду, псыхалёгіі аднаго чалавека.

А тое, што насельніцтва аказваецца толькі інструмэнтам для рэалізацыі палітычных амбіцый лідэра, дык гэта вынікае з сыстэмных рэчаў. Калі народ не суб’ект палітыкі, то кім яму яшчэ быць, калі ня сродкам? Іншых адносін паміж царом і падданымі і быць ня можа ў існуючай палітычнай сыстэме.

Цяпер пра зьмест амбіцый. Тут нават няма зразумелага палітычнага разьліку. Галоўным чыньнікам гэтай дэманстрацыі стала шматгадовае дужаньне з Пуціным. Адным махам уцерці нос расейскаму лідэру — гэта такая спакуса, дзеля якой можна пусьціцца ва ўсе цяжкія. Сымбалічная перамога над даўнім супернікам — вось галоўны сэнс параду.

Найперш, паказаць Пуціна слабаком, які схаваўся ад каранавірусу ў бункеры і адмовіўся ад параду ў гонар такой даты. На гэтым тле вось хто сапраўдны нашчадак пераможцаў 1945 году. Ён тут, у Менску.

Другі момант. Адзіным парадам у сьвеце ў гонар Перамогі Лукашэнка нібы вяртае Беларусі вобраз галоўнага захавальніка савецкіх традыцый. Гэты статус быў замацаваны за Беларусьсю ў 1990–2000-я гады, калі менавіта тут было самае маштабнае сьвяткаваньне Дня Перамогі. Потым гэтую ролю перахапіў Пуцін. Тое, што адбывалася ў Расеі апошнімі гадамі на 9 траўня, ужо атрымала назву «победобесие». І вось цяпер Лукашэнка скарыстаўся зручным момантам, каб вярнуць усё назад. Хоць і на кароткі час (бо парад у Расеі нібыта перанесены на 24 чэрвеня). Хоць і нядоўгія, але дні славы.

Тое, што расейскі чыньнік тут ці не галоўны, даказваюць шмат якія словы Лукашэнкі. І запрашэньне лідэраў постсавецкіх дзяржаў прыехаць у Менск на 9 траўня. І рэпліка пра тое, што нібыта «асобныя расейскія дэпутаты і сэнатары таксама выказалі жаданьне наведаць парад у Менску». І амаль заклік: «Трэба папрасіць расейскае тэлебачаньне паказаць наш парад расейцам».

А ў якасьці вішанькі на торце — ні з чым не параўнальная, магчыма, падсьвядомая фраза, але сказаная ў стылі пераможцы: «Думаю, сёньня з прэзыдэнтам Расеі мы абмяркуем многія пытаньні, патэлефануе ён мне ў 17 гадзін, папрасіў размовы».

Тут ключавое слова «папрасіў». Пуцін ператварыўся ў просьбіта. Колькі гадоў просьбітам быў Лукашэнка. Увесь час нечага прасіў у расейскага кіраўніка, то нафты, то газу, то грошай. І варта было абвясьціць правядзеньне параду, як ролі раптам памяняліся. Парад аказаўся вельмі магічнай рэччу. Своеасаблівы трыюмф волі ў беларускім варыянце.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG