Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шаўрова, які пафарбаваў рукі помніка Пушкіну, вызвалілі да суду пад падпіску. Ён хворы


Піліп Шаўроў
Піліп Шаўроў

Палітычнага зьняволенага, актывіста «Маладога фронту» Піліпа Шаўрова вызвалілі з-пад варты да суду. Гэта Свабодзе пацьвердзіла жонка Шаўрова Вольга.​ Суд над актывістам адбудзецца 18 траўня.

«Зьявіўся ўвечары на парозе з букетам кветак, падзякаваў, што падтрымлівала, пакуль сядзеў. Але больш нічога пра справу ня кажа і адмаўляецца даваць камэнтары, таму слухаўку яму не перадам, ня хоча», — сказала жонка актывіста.

Паводле Вольгі Шаўровай, яе муж прыйшоў дамоў з тэмпэратурай, ён дагэтуль адчувае сябе ня вельмі добра. У аўторак, 5 траўня, ён хадзіў у паліклініку да лекара.

«Сядзіць дома, дагэтуль нездаровы, — кажа Вольга Шаўрова. — Можа, таму яго і адпусьцілі, бо хворы. Другая прычына, можа, ужо выкарысталі ягоныя словы пра апазыцыю, і досыць. Але гэта мая думка».

Згодна з абвінавачаньнем, цягам 16-19 студзеня Піліп Шаўроў нанёс фарбай выяву бел-чырвона-белага сьцяга на гранітную частку памятнага знака загінулым супрацоўнікам МУС, расфарбаваў у чырвоны колер рукі на помніку паэта Пушкіна, а таксама зрабіў надпіс «1937» на плоце помпавай станцыі ў Бараўлянах.

18 сакавіка аддзелам Сьледчага камітэту Цэнтральнага раёну Менска Піліпу Шаўрову было прад’яўлена абвінавачанне ў зьдзяйсненьні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 і ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу.

Праваабаронцы выказалі нязгоду з такой кваліфікацыяй дзеяньняў Шаўрова. На іх думку, утрыманьне пад вартай зьяўляецца празьмерным і расцэньвалася як спосаб аказаць ціск на маладзёна.

16 красавіка праваабаронцы выступілі з заявай аб прызнаньні Шаўрова палітзьняволеным з патрабаваньнем спыніць крымінальны перасьлед і вызваліць яго з-пад варты.

Больш за тры месяцы Шаўроў заставаўся за кратамі, некалькі разоў яму адмаўлялі ў зьмене меры стрыманьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG