На 18 траўня прызначаны працэс над актывістам Піліпам Шаўровым, якога вінавацяць у тым, што ён афарбаваў помнік расейскаму паэту Аляксандру Пушкіну, а раней у іншых месцах зрабіў два графіці — сьледзтва кваліфікавала ўсё гэта як хуліганства.
Працэс пачнецца а 10 раніцы ў Цэнтральным раённым судзе Менску, паведаміла жонка актывіста Вольга Шаўрова.
Паводле 1 і 2 частак 339 артыкула Крымінальнага кодэксу Піліпу Шаўрову пагражае да 6 гадоў зьняволеньня. Праваабаронцы ўжо прызналі Піліпа Шаўрова палітвязьнем, бо лічаць, што ягоны ўчынак несувымерны выстаўленаму абвінавачаньню.
Больш за 3 месяцы Піліпа Шаўрова трымаюць у СІЗА на вуліцы Валадарскага. Што вядома пра ўмовы, у якіх знаходзіцца палітвязень?
«Піша ён радзей, чым спачатку. Сябры кажуць, што некаторых лістоў ад яго так і не атрымалі. То бок частка карэспандэнцыі можа не даходзіць. З тых лістоў, што прыйшлі, мяркую пра настрой, што зь ім усё нармальна, а вось пра здароўе нічога ня ведаю, бо ня піша пра гэта», — сказала Вольга Шаўрова.
19 студзеня Піліп Шаўроў прыйшоў у міліцыю і прызнаўся, што напярэдадні расфарбаваў чырвонай фарбай рукі помніку Пушкіну, які ўсталяваны каля гатэля «Беларусь».
Ці прызнае сябе Піліп Шаўроў вінаватым і па двух іншых эпізодах справы, невядома.
У канцы красавіка на сайце «Беларусь сегодня» зьявіліся нарэзка відэазапісаў размоваў Піліпа Шаўрова з праваахоўнікам, дзе актывіст выказваўся пра некаторых калегаў па апазыцыі. Вольга Шаўрова напісала мужу пра гэта, але ніякага адказу яшчэ не атрымала. «Пакуль нават невядома, ці дайшоў мой ліст», — кажа Вольга Шаўрова.
Спатканьняў з мужам Вользе Шаўровай не даюць.
Судзіць Піліпа Шаўрова будзе судзьдзя Тацяна Акавітая, якая раней ужо судзіла актывістаў апазыцыі.