Амаль месяц таму, 19 студзеня, пасьля яўкі з павіннай быў затрыманы актывіст «Маладога фронту» Піліп Шаўроў, які зафарбаваў чырвоным рукі помніка расейскаму паэту Аляксандру Пушкіну. Зь Піліпам Шаўровым, якога трымаюць у менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага, сустрэўся адвакат. Што новага ў справе актывіста, расказала ягоная жонка Вольга.
«Абвінавачаньне яму тое ж самае, якое выставілі адразу — паводле 339 артыкула частка 1, гэта хуліганства, — кажа Вольга Шаўрова. — Тут нічога не зьмянілася. Але, акрамя помніка Пушкіну, у справе зьявіліся новыя эпізоды.
Ведаю сама меней пра два: што напісаў недзе на сьцяне „Свабоду Севярынцу“, відаць, калі той сядзеў пасьля сьнежаньскіх мітынгаў у абарону незалежнасьці. І яшчэ намаляваў дзьве бел-чырвона-белыя стужкі на помніку загінулым супрацоўнікам міліцыі.
Гэтыя эпізоды ёсьць у ягонай справе таксама, а прызнае ці не прызнае, ня ведаю».
«Гэта быў такі палітычны пэрформанс — пакуль такое тлумачэньне»
Паводле адваката, зь якім размаўляла жонка Піліпа Шаўрова, на ўмовы ўтрыманьня на «Валадарцы» ён ня скардзіцца, перадае на волю, што зь ім абыходзяцца нармальна.
«Нарэшце пайшлі ад яго лісты, — кажа Вольга Шаўрова. — Ужо маю 10, але яшчэ тыдзень таму быў толькі адзін, дык давялося скардзіцца ў пракуратуру. Падзейнічала, ідуць. Апошні быў за нумарам 56 — то бок столькі ён напісаў з „Валадаркі“. Гэта ня толькі мне, але і сябрам. Некаторыя атрымалі, ведаю, што Зьміцер Паліенка атрымаў, можа і яшчэ хто».
Цяпер жонка актывіста ведае ад мужа агульную прычыну, чаму ён фарбаваў помнік Пушкіну.
«Напісаў у адным зь лістоў, што гэта быў такі палітычны пэрформанс — пакуль такое тлумачэньне», — сказала яна. Паводле адваката, які сустракаўся зь Піліпам Шаўровым, ён перадае прывітаньне ўсім сябрам і знаёмым.
«Пацьвердзіў, што лісты і перадачы ад мяне атрымлівае», — сказала Вольга. Жонка актывіста спадзяецца, што сьледзтва па справе яе мужа завершаць за два месяцы, і тады яго адпусьцяць з-пад варты пад падпіску да суду.
«Гэтак мяркуе і адвакат. Чаго яго там трымаць, ён жа кактэйль Молатава ня кідаў», — мяркуе Вольга Шаўрова.
Жанчына дадала, што з «Валадаркі» ў шпіталь у Навінках на экспэртызу псыхічнага стану яе мужа не пераводзілі.
17 студзеня стала вядома, што нехта пафарбаваў чырвонай фарбай рукі помніка Аляксандру Пушкіну, што каля гатэля «Беларусь» у Менску. Амбасада Расеі выступіла з адмысловай заявай, а Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу аб пашкоджаньні помніка. У першай палове дня 20 студзеня стала вядома, што ў нанясеньні фарбы на помнік Пушкіну прызнаўся актывіст «Маладога фронту» Піліп Шаўроў, які 19 студзеня сам прыйшоў у міліцыю.