Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін балёнчык з фарбай можа каштаваць актывісту Піліпу Шаўрову 6 гадоў зьняволеньня


Піліп Шаўроў, архіўнае фота
Піліп Шаўроў, архіўнае фота

Пафарбаваныя рукі помніка Пушкіну, бел-чырвона-белы сьцяжок на помніку і надпіс «1937» на плоце рэстарана «Поедем поедим» — за гэта Піліп Шаўроў можа атрымаць 6 гадоў калёніі.

Сьледчыя завяршылі і перадалі ў пракуратуру крымінальную справу актывіста Піліпа Шаўрова, якая пачалася з эпізоду пра фарбаваньне рук помніка Пушкіну чырвонай фарбай. Пра гэта Свабодзе паведаміла жонка актывіста Вольга Шаўрова.

«Справа ўжо ў пракуратуры. Кажуць, што на пачатку красавіка стане вядома, перададуць адтуль справу ў суд ці вернуць сьледчым для дапрацоўкі», — сказала жонка актывіста.

У Цэнтральнай раённай управе Сьледчага камітэту гэтыя зьвесткі не камэнтуюць. Вольга Шаўрова ўдакладніла сьпіс эпізодаў, за якія прыцягваюць да адказнасьці Піліпа Шаўрова.

Вольга Шаўрова
Вольга Шаўрова

«Першы эпізод — за чырвоныя рукі помніка Пушкіну, другі — за намаляваньне бел-чырвона-белага сьцяжка на помніку загінулым супрацоўнікам МУС і ўнутраных войскаў, а трэці — за надпіс „1937“ на плоце рэстарацыі „Поедем поедим“ каля Курапатаў. Раней мне казалі, што трэцім эпізодам нібыта быў надпіс „Свабоду Севярынцу“, але цяпер я атрымала ўдакладненьне, што трэці эпізод — гэта надпіс „1937“ у Курапатах. Чамусьці яго вылучылі ў асобны, хоць усе тры эпізоды адбываліся амаль у адзін час, з 15 па 18 студзеня, усе тры надпісы зробленыя фарбай з аднаго балёнчыка. Але трэці эпізод кваліфікавалі як паўторны, і таму такая жорсткая санкцыя — ажно 6 гадоў зьняволеньня», — сказала Вольга Шаўрова.

Паводле Вольгі Шаўровай, яе муж Піліп Шаўроў прызнае, што зрабіў дзеяньні, якія яму інкрымінуюць, але пра ягоныя матывы яна дакладна ня ведае. «Пачакаем да суду, што ён скажа».

19 студзеня Піліп Шаўроў сам прыйшоў у міліцыю і прызнаўся, што гэта ён два дні раней зафарбаваў чырвоным рукі помніка Пушкіну. З таго часу актывіста трымаюць пад вартай у ізалятары на вуліцы Валадарскага.

«Асаблівых дэталяў пра камэру ад яго няма. Піша, што атрымлівае недзяржаўныя газэты, у курсе апошніх падзей. На здароўе ў сувязі з эпідэміяй ня скардзіцца», — сказала Вольга Шаўрова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG