Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус: у менскім СІЗА сустрэчы з адвакатамі перавялі на рэжым «праз шкло»


Сьледчы ізалятар №1 ГУВД на вуліцы Валадарскага, архіўнае фота
Сьледчы ізалятар №1 ГУВД на вуліцы Валадарскага, архіўнае фота

У СІЗА нумар 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе трымаюць некалькі дзясяткаў падсудных і падазраваных у злачынствах, усе сустрэчы адвакатаў з кліентамі цяпер адбываюцца толькі праз шкло з выкарыстаньнем тэлефонных слухавак.

«Гэта прынята ў сувязі з каранавірусам», — сказаў карэспандэнту Свабоды дзяжурны СІЗА.

Больш атрымаць інфармацыі пра захады, прынятыя ў СІЗА ў сувязі з пандэміяй COVID-19, не ўдалося. Паводле дзяжурнага, сярод вязьняў ізалятара хворых на COVID-19 няма.

Пра новыя правілы кантактаў падсьледных з адвакатамі расказала Свабодзе жонка актывіста Піліпа Шаўрова. Са слоў Вольгі Шаўровай, таксама ўсіх адвакатаў перад сустрэчамі з кліентамі правяраюць на наяўнасьць высокай тэмпэратуры. Што да ўжываньня мэдыцынскіх масак у СІЗА, пра гэта жонцы актывіста невядома.

«Яшчэ на „Валадарцы“ дазволілі асобную вітамінную пасылку вагой да 10 кіляграмаў», — згадала Вольга Шаўрова і пералічыла прадукты, якія можна ўкладаць у гэтую дадатковую пасылку: часнык, цыбулю, яблыкі, лімоны і апэльсіны.

«Плюс па панядзелках асобна прымаюць полівітаміны», — паведаміла Вольга.

Справу Піліпа Шаўрова перадалі ў суд

Паводле Вольгі Шаўровай, справу ейнага мужа, які расфарбаваў чырвоным рукі помніка Пушкіну ў Менску, днямі перадалі ў суд Цэнтральнага раёну Менску, і яна ўжо трапіла да судзьдзі Тацяны Акавітай. Дзень пачатку працэсу яшчэ не прызначаны, сказалі жанчыне ў судзе.

Пра стан здароўя Піліпа Шаўрова ягоная жонка сказала, што «адчувае сябе нармальна, ня скардзіцца, перачытвае кнігі Васіля Быкава».

17 лютага ў Менску быў расфарбаваны помнік расейскаму паэту Аляксандру Пушкіну, што непадалёк ад гатэля «Беларусь». Праз два дні ў міліцыю прыйшоў актывіст Піліп Шаўроў і прызнаўся, што гэта зрабіў ён. Пазьней у лісьце да жонкі актывіст назваў свой учынак «палітычным пэрформансам».

У справе Піліпа Шаўрова тры эпізоды, яго вінавацяць паводле двух артыкулаў: хуліганства ды апаганьваньне і псаваньне маёмасьці. Актывісту пагражае да 2 гадоў зьняволеньня.

Шкоду, нанесеную Шаўровым помніку Пушкіну, ацанілі ў 62 рублі 88 капеек. Агулам у трох эпізодах шкода ацэненая ў 228 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG