Тры дзясяткі магілёўцаў сабраліся на Плошчы зорак, якая за трыста мэтраў ад Магілёўскага гарвыканкаму, каб пакарміць галубоў і абмеркаваць, як зьмяніць жыцьцё ды ўладу.
Гэта трэцяя падобная акцыя ў Магілёве і самая масавая. Удзельнікі заяўляюць, што такія сходы будуць праводзіць штонядзелі.
Прыкладам для магілёўцаў стаў пратэст берасьцейцаў супраць акумулятарнага заводу.
У Берасьці людзі «кормяць галубоў» кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году.
У Магілёве на пляц пад скульптуру астроляга прыйшлі актывісты апазыцыі і не ангажаваныя ў палітычную дзейнасьць гараджане. Цягам гадзіны яны дыскутавалі, часам надзвычай эмацыйна, наконт удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах.
Меркаваньні былі дыямэтральна супрацьлеглыя. Адны выступалі за іхны байкот, іншыя настойвалі на вылучэньні аднаго харызматычнага кандыдата і акумуляваньне пратэстнага патэнцыялу грамадзтва вакол яго.
Былі тыя хто прыйшоў на плошчу, каб гэтак выказаць пратэст супраць кепскай экалягічнай сытуацыі ў горадзе і адсутнасьці захадаў з боку ўлады ў выпраўленьні сытуацыі.
Адна зь іх — магіляўчанка Алеся. Яна захопленая пратэстамі ў Берасьці. «Для нас яны мусіць быць прыкладам, — лічыць жанчына. — Там людзі зьяднаныя, а ў нас пакуль такога няма. Вы ж бачыце, колькі прыйшло людзей, хоць допісы з заклікамі сабрацца былі ўва ўсіх сацыяльных сетках. Нам жа, жыхарам Магілёва, бракуе еднасьці — і пакуль у настроях пануе абыякавасьць».
Яшчэ адзін удзельнік Аляксандар прыйшоў, бо «яму не абыякавы ягоны лёс, дзяцей і радзімы».
Паводле суразмоўцы, краіна ў тупіку і дэградуе. «Я хачу быць разам з усімі адэкватнымі людзьмі, — кажа ён. — Крыху расчараваны, бо спадзяваўся пабачыць болей людзей тут, але, відаць, баяцца прыходзіць. Калі мы будзем разам, то ў рэжыму ня хопіць турмаў для ўсіх».
Сёньня ж у Лідзе мясцовыя актывісты выйшлі да помніка Гедзіміну, каб выказаць салідарнасьць з пратэстамі ў Берасьці. Яны маюць намер зьбірацца там кожную нядзелю а 12-й гадзіне.