Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парад падчас чумы ў Менску — «Трыюмф волі» і «поўха Пуціну»


Парад 9 траўня 2015 году ў Менску
Парад 9 траўня 2015 году ў Менску

Нават магчымасьць страціць 60 мільёнаў даляраў, якія зьбіраўся выдаткаваць Эўразьвяз Беларусі на барацьбу з пандэміяй, не спыняе ад жаданьня правесьці парад. Лукашэнка і праўда «за ценой не постоит».

Колькі разоў заяўлялі, што беларускі рэжым нібыта даўно стаў прагматычным, практычным, безь вялікіх і небясьпечных ідэйных заскокаў.

Ну-ну. Давайце задумаемся, ці ёсьць хоць намёк на нейкія лягічныя і прагматычныя прычыны праводзіць парад падчас чумы?

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Няма. Толькі палітыка і ідэалёгія. Толькі містыка, толькі сіла духу. «Трыюмф волі» (фільм пра зьезд Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі ў 1934 годзе ў Нюрнбэргу, зьняты кінарэжысэрам Лені Рыфэншталь на замову Гітлера. — РС). Гэта калі ёсьць рэчы, важнейшыя за здароўе і нават жыцьцё ўласных грамадзянаў.

Што гэта за рэчы?

Па-першае, паказаць сябе як гаспадара жыцьця і сьмерці беларусаў. Маўляў, я вышэй за прагматычныя і мэркантыльныя інтарэсы. Іншыя кіраўнікі клапоцяцца пра сацыялёгію, грамадзкую думку, настроі грамадзтва, і толькі я раблю тое, што сам лічу патрэбным — для маіх палітычных інтарэсаў.

Другое і, напэўна, больш важнае і, прынамсі, актуальнае — даць поўху Пуціну. Уцерці яму нос.

На фоне таго, як апошнім часам абвастрыліся адносіны Менску і Масквы, калі «саюзьнічкі» ўсё часьцей і ўсё больш жорстка спрачаюцца з самых розных нагод. Прыгадаем — Лукашэнка называў “нажом у сьпіну” аднабаковае закрыцьцё Расеяй мяжы ў сакавіку. Сьцябаўся з«псыхозу», які ахапіў расейскае кіраўніцтва. Абвінаваціў Крэмль у эгаізьме падчас красавіцкай відэаканфэрэнцыі Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету.

Плюс — барацьба за спадчыну «Вялікай Перамогі», якую вось ужо некалькі гадоў вядуць Менск і Масква. «Беларусь памятае» замест «Несьмяротнага палка» ў Расеі, чырвона-зялёная стужка замест “георгіеўскай”.

І тут такая магчымасьць узяць рэванш, уцерці нос — правесьці парад 9 траўня ў Менску, калі ў Маскве гэты парад адмянілі!

Маўляў, глядзіце, Пуцін забаяўся (хочацца тут ужыць іншае, больш моцнае слова, але ж нельга) нейкай нябачнай хваробы, «псыхозу»: хвалюе яго, відаць, што на Захадзе скажуць і як свае грамадзяне адрэагуюць.

Лукашэнка ж нічога не баіцца — ні беларускай грамадзкай думкі, ні зьдзіўленьня заходніх партнэраў, ні таго, колькі беларусаў могуць заразіцца каранавірусам падчас гэтага параду. Нават страта 60 мільёнаў даляраў, якія зьбіраўся выдаткаваць Эўразьвяз Беларусі на барацьбу з пандэміяй, не спыняе.

Той самы варыянт, калі дзеля сваіх асабістых ідэалягічных патрэбаў Лукашэнка «за ценой не постоит». Проста цану гэтую заплаціць ня ён.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG