Сяргей Ціханоўскі, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни», другі месяц езьдзіць па беларускіх гарадах на аўтадоме, здымае рэпартажы і вядзе стрымы.
Як заявіў блогер Свабодзе, за ім пачалі сачыць міліцыя і ДАІ. Аўтадом праваахоўныя органы спынялі спачатку пад Мазыром і Калінкавічамі, потым пад Магілёвам. Ён лічыць, што такім чынам міліцыя цісьне на яго і хоча «закрыць рот».
«Можа, мяне шукаюць за акцыі супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці — я там таксама прысутнічаў, — лічыць блогер. — Магчыма, хочуць пасадзіць на суткі — новыя ці тыя 15, якіх я пакуль не адбыў за акцыі ў падтрымку незалежнасьці ў сьнежні 2019 году».
На 9 траўня ён з падпісантамі заплянаваў у Бабруйску «АнтыПарад».
«Напэўна, міліцыянты хочуць сарваць нашу акцыю. Мы ня супраць вэтэранаў — у нас дзяды ваявалі. Мы супраць таго, што ўлада ў час пандэміі каранавірусу праводзіць парад. Мы зьбіраемся правесьці «АнтыПарад» на аўтамабілях са сьцягамі», — дадаў блогер.
Сяргей Ціханоўскі цягам аднаго стрыму сабраў 1600 даляраў ад падпісантаў на арэнду аўтадома. Цяпер ён практычна штодзень бывае ў розных гарадах і здымае сюжэты аб праблемах людзей.
«Учора ў Мазырскім раёне, у вёсцы Прудок, мы пад’ехалі да старшыні сельсавету, — расказаў Свабодзе блогер. — Яна стаяла з двума ці то „камітэтчыкамі“, ці то міліцыянтамі. І мы пачалі здымаць там. Нас было некалькі аўтамабіляў з падпісантамі і аўтадом. Я сеў у джып, і мы ад’ехалі. Міліцыянты спынілі аўтадом на ўезьдзе ў Мазыр, шукалі мяне, казалі пра нейкія пастановы. Але мяне ў аўтадоме не было. Тады міліцыя пагналася за джыпам — а мяне і там не было, бо мы памянялі аўтамабілі».
Потым некалькі аўтамабіляў з падпісантамі і аўтадом паехалі ў бок Калінкавічаў. І там, паводле Ціханоўскага, іх спынялі супрацоўнікі ДАІ. Далей картэж рушыў у бок Магілёва.
«Аўтадом спынілі на аб’язной дарозе каля Магілёва. Убачылі, што мяне там няма, і адпусьцілі хлопцаў. За джыпам пагналіся ДАІшнікі на «Джылі». Спынілі і пакаралі за адсутнасьць тэхагляду. Цяпер падпісанты і аўтадом у Магілёве — за імі езьдзяць міліцыянты на „Ладзе“ і „Джылі“», — зазначыў Ціханоўскі.